кантактныя лінзы contact lenses контактные линзы

Кантактныя лінзы за год нашэння выдзяляюць у вока да 90 тысяч часціц мікрапластыку. Фота: Getty Images

Сёння кантактныя лінзы носяць звыш 150 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце як для карэкцыі зроку, так і ў касметычных ці тэрапеўтычных мэтах. Такія лінзы маюць шмат перавагаў. Напрыклад, яны не спадаюць з носа, таму зручныя пры занятках спортам. Разам з імі можна насіць сонцаахоўныя акуляры.

У параўнанні з акулярамі кантактныя лінзы забяспечваюць лепшы перыферыйны зрок. Акрамя гэтага, існуюць некаторыя захворванні вачэй, якія лепш карэктуюцца кантактнымі лінзамі, чым акулярамі.

Сёння на рынку прысутнічае вялікае колькасць шматразовых тыднёвых, месячных ці аднаразовых лінзаў. Выбар застаецца за кожным.

Лічыцца, што кантактныя лінзы не павінны рабіць ніякай шкоды пры надзяванні ці зняцці, калі іх правільна даглядаць і выконваць правілы гігіены.

Аднак даследаванне навукоўцаў з Нанкінскага ўніверсітэта ў Кітаі, вынікі якога апублікавалі ў часопісе Амерыканскага хімічнага таварыства Environmental Science & Technology, паказвае, што ў лінзаў можа быць сур'ёзны недахоп у параўнанні з акулярамі: пластык, з якога іх робяць, выдзяляе ў вока мікрачасціцы.

Даследчая група вывучыла шэсць тыпаў кантактных лінзаў ад розных вытворцаў і з розным тэрмінам службы. Вучоныя імітавалі паўсядзённае выкарыстанне, змяшчаючы лінзы ў ваду пад лямпай сонечнага святла і прамываючы іх вадой кожныя дзесяць гадзін.

Праз 30 і 90 дзён ваду, у якой захоўваліся лінзы, даследавалі на наяўнасць часціц мікрапластыку. Каб вызначыць колькасць часціц, каманда раней распрацавала аўтаматычны метад, які стварае мікраскапічныя выявы ўзораў і выкарыстоўвае іх для разліку долі прысутнага мікрапластыку.

Гэты аналіз паказаў, што нашэнне кантактных лінзаў на працягу дзесяці гадзін у дзень прыводзіць да страты да 90 тысяч часціц мікрапластыку за год нашэння. Яны трапляюць у цела ўладальніка праз вочы.

Для параўнання: даследаванне Амерыканскага хімічнага таварыства, праведзенае ў 2019 годзе, паказала, што дарослыя і дзеці ў ЗША штогод паглынаюць ад 74 тысяч да 121 тысячы такіх часціц з-за свайго рацыёну харчавання і забруджвання паветра.

Аднак выдзяленне мікрачасцін не было аднолькавым для ўсіх кантактных лінзаў. Было заўважана, што чым карацей у лінзаў меркаваны час нашэння, тым больш фрагментаў пластыку знайшлі ва ўзорах.

Такім чынам, аднадзённыя лінзы маюць большую здольнасць выдзяляць мікрачасціцы, чым лінзы з месячным тэрмінам карыстання.

Навукоўцы таксама высветлілі, што выдзяленне мікрачасціц адбываецца праз уздзеянне ўльтрафіялетавага выпраменьвання на пластык, які разбураецца пад яго ўплывам. Ва ўзорах кантактных лінзаў, не апрамененых лямпай, выдзялення мікрачасціц не было выяўлена.

Аўтары адзначаюць, што іх даследаванне раскрывае невядомы шлях прамога ўздзеяння мікрапластыку на чалавека і падкрэслівае настойлівую неабходнасць ацэнкі патэнцыйнай рызыкі для здароўя, выкліканай уздзеяннем мікрапластыку на вочы.

Чытайце яшчэ:

Вучоныя выявілі новы механізм стымуляцыі росту валасоў

Вучоныя: празмернае спажыванне ультраапрацаваных прадуктаў можа выклікаць псіхічныя разлады

Пластык сцірае палавыя адрозненні ў мозгу 

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
9
Сумна
2
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?