«Падчас паўстання Каліноўскага падрымка палітзняволеных выяўлялася і ў модзе. Жанчыны ў падтрымку палітвязняў насілі жалобнае адзенне, а яшчэ з'явілася цэлая лінія ўпрыгажэнняў: бранзалеты з сэрцам і якарам, завушніцы, каралі, пярсцёнкі, брошкі», — расказвае Яўгенія Доўгая, стваральніца ініцыятывы «Палітвязынка».

Даведаўшыся пра гэты факт, знаёмая дызайнерка дзяўчыны, якая таксама пацярпела ад палітычных рэпрэсій, прапанавала зрабіць падобную калекцыю. Актывістка кажа, што значна дапамаглі ў гэтым артыкулы журналіста Алеся Кіркевіча і гісторыка Васіля Герасімчыка, абодва шмат пісалі пра паўстанне Каліноўскага, і партнёркі натхняліся апісанымі там гісторыямі.

За аснову матэрыялаў узялі метал і жэмчуг. Яўгенія дзеліцца: «З металам звязана многае турэмнае — краты, кайданкі. А жамчужыны — гэта пра нешта далікатнае і прыгожае». 

Фота: інстаграм «Палітвязынкі»

Фота: інстаграм «Палітвязынкі»

Усе вырабы выкананыя ўручную і нясуць глыбокі сэнс. Калі прыгледзецца да некаторых упрыгожанняў, напрыклад, да жамчужнага чокера, можна разглядзець, што пацеркі на ім размешчаныя паводле азбукі Морзэ і складаюцца ў надпіс «Жыве Беларусь».

Фота: інстаграм «Палітвязынкі»

Фота: інстаграм «Палітвязынкі»

Прыцягваюць увагу і завушніцы «Цюльпаны» — дзяўчаты зрабілі іх як памяць аб жаночых акцыях салідарнасці, якія праходзілі ў Мінску ў 2020 годзе. Але, так як калекцыя адлюстроўвае беларускую рэчаiснасць, было вырашана дадаць незвычайныя зашпількі, якiя нагадваюць кайданкі.

Фота: інстаграм «Палітвязынкі»

Фота: інстаграм «Палітвязынкі»

Акрамя таго, у калекцыі ёсць разнастайныя бранзалеты і калье. Усе сродкі ад продажу аксесуараў будуць накіраваныя на дапамогу палітзняволенным жанчынам.

Яўгенія і яе каманда фарміруюць бандэролі для тых, хто знаходзіцца ў калоніях, СІЗА ці адбывае тэрмін на «хіміі». Жанчынам перадаюць бялізну і сродкі гігіены: асаблівай папулярнасцю карыстаюцца гелі для душа і шампуні ад вошай. Акрамя таго, у дапамогу ўваходзяць і медыцынскія прэпараты: сродкі ад галаўнога болю і прастуды, мазі ад гемарою. Пры неабходнасці камусьці са зняволеных купляецца адзенне і абутак.

Па магчымасці падтрымка аказваецца і жанчынам, якія адбылі свой тэрмін. Ім дапамагаюць фінансава — даюць невялікую суму ў 50-100 даляраў на аплату гінеколага, стаматолага, набыццё прадуктаў ці пакрыццё выдаткаў на гурткі дзяцей.

Набыць упрыгажэнні можна ў інстаграме праекта. Для зручнасці пакупнікоў дзяўчаты арганізавалі міжнародную дастаўку.

Клас
14
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
2