Андрэй Макарэвіч, вязень, які, імаверна, памёр у зняволенні. Фота: ягоная старонка ў «Аднакласніках»

Андрэй Макарэвіч, вязень, які, імаверна, памёр у зняволенні. Фота: ягоная старонка ў «Аднакласніках»

Два тыдні таму чытач паведаміў «Нашай Ніве», што, калі ён сядзеў на Акрэсціна, там расказвалі, што «12 чэрвеня ў камеры №13 памёр чалавек, якога зваць Андрэй Макарэвіч і якому было 56 гадоў». Гэтую інфармацыю вязні перадавалі з вуснаў у вусны, з камеры ў камеру.

Мы знайшлі вельмі падобнага чалавека, у якога на старонцы ў «Аднакласніках» было шмат перапостаў з «Хартыі-97». Гэты мужчына, па інфармацыі з сацыяльных сетак, некалі працаваў у Дэпартаменце аховы МУС і жыў у Мінску. Пасля 1 чэрвеня ён знік з усіх сацыяльных сетак.

«Кіберпартызаны» пацвердзілі нам асобу гэтага мужчыны.

Жонка Макарэвіча трывожна паведаміла адной са знаёмых мужчыны, што «ён на дачы і з ім усё добра». Іншыя знаёмыя мужчыны не ведалі аніякай актуальнай інфармацыі. 

У такой сітуацыі мы ўстрымліваліся ад публікацыі, шукалі больш дакладныя сведчанні.

Сёння выданне «Новы час», спасылаючыся на ўласную крыніцу, паведаміла болей пра гэтага вязня:

«Ён быў чалавекам негаманлівым, заўсёды сядзеў у куце, па большай частцы ў камеры спаў, але мне ўдалося з ім трохі пагутарыць. Першапачаткова яго ўзялі за дробны крадзеж: скраў ён пачак пельменяў і ці то хлеб, ці то малако. Нешта такое, каб проста паесці. Працаваў ён ці мэбельшчыкам, ці то абутак рабіў — нейкая простая праца ў яго была. Ён казаў, што працуе, але грошы скончыліся, і давялося яму скрасці ежы.

Ён наогул не павінен быў да нас патрапіць, такіх дробных зладзюжак саджаюць на 7-10 сутак у іншыя камеры, да так званых «працоўных», каго выводзяць на працу. Але ў яго ў тэлефоне знайшлі нейкія рэпосты, і ён у выніку сядзеў з намі па палітыцы».

Па словах суразмоўцы «Новага часу», мужчына быў астматыкам, таму прасіў інгалятары, але час ад часу іх не выдавалі:

«Днём ён яшчэ сядзеў нармальна, адкашліваўся, і гэтак далей. А ноччу хрыпеў так, што ўся «хата» заснуць не магла. Інгалятар яму ўсё ж аддалі. Потым да нас перавялі лекара. Ён яго паслухаў… Усе ведалі, што Андрэю станавілася горш. У адну ноч мы прачнуліся, як быццам СПА пачало працаваць, там не тое што храп, а нешта незразумелае было. Лекар дамогся для яго нейкіх таблетак, якія яму нібы дапамагалі. Мы нават некалькі разоў прапаноўвалі Андрэю выклікаць «хуткую», каб яго забралі з ІЧУ, але ён адмаўляўся».

Мужчына, як піша «Новы час», і так пачуваўся не надта, але ў камеры быў скразняк, і ў адзін з дзён усе ў камеры захварэлі, а Макарэвічу стала горш:

«Гэта было ў нядзелю: я прачнуўся, хлопцы стаяць, крычаць, «званіце ў кнопку», — у кожнай камеры ёсць кнопка выкліку «прадольных». Аказалася, што Андрэй устаў, схадзіў у прыбіральню, пайшоў мыць рукі і проста ля ракавіны ўпаў.

Наш доктар спрабаваў яго з «прадольнымі» адкачваць, — ён нават добра пра «прадольных» адгукнуўся, яны хацелі штучнае дыханне рабіць. […]

Выклікалі «хуткую», яна прыехала амаль імгненна, хвіліны праз тры пасля выкліку. Але адкачаць Андрэя не ўдалося».

Варта нагадаць, што палітычных арыштаваных на Акрэсціна трымаюць у катавальных умовах: па чатыры чалавекі на адны нары, без матрацаў і пасцелі, без права на атрыманне перадач, у камерах ніколі не выключаюць святло, уначы будзяць. У арганізацыі гэтага рэжыму ўтрымання саўдзельнічаюць як турэмшчыкі, так і турэмныя медыкі.

Калі вы ведаеце пра тое, што здарылася на Акрэсціна, больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ, на [email protected] ці [email protected].

Альбо пішыце асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя нават самыя базавыя нормы законнасці і маралі.

Клас
6
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
39
Абуральна
106