Doctor prescribing pharmacy to patient

Фота: «Наша Ніва»

«Уявіце, што вы трапілі ў бальніцу і ўпершыню сустракаецеся з доктарам, які будзе вас лячыць. Каго вы спадзяецеся ўбачыць: доктара за 50 з сівізной у валасах або 30-гадовага, усяго праз некалькі гадоў пасля ардынатуры?» — цытуе WSJ урывак з кнігі «Выпадковыя фактары ў медыцыне: схаваныя сілы, якія ўплываюць на лекараў і пацыентаў і фармуюць наша здароўе», што выйшла ў выдавецтве Doubleday пару дзён таму.

Доктар Анупам Б. Джэна — даследчык з Гарварда і доктар у масачусецкай бальніцы — і яго калегі правялі даследаванне, падчас якога вырашылі высветліць, як узрост уплывае на якасць працы тэрапеўтаў.

Аб’ектам увагі сталі тэрапеўты, якія шпіталізуюць пацыентаў з распаўсюджанымі вострымі захворваннямі, такімі як сур'ёзныя інфекцыі, недастатковасць органаў і праблемы з сэрцам. Магчыма, у іншых абставінах пацыенты маглі б выбраць доктара на свой густ, але ў неадкладнай сітуацыі яны звычайна не выбіраюць тэрапеўта: пра іх клапоціцца той лекар, які ў гэты час на дзяжурстве.

Дактары прааналізавалі 737 тысяч такіх шпіталізацый, якімі займаліся каля 19 тысяч розных тэрапеўтаў з 2011 год па 2013-ы.

Лекараў падзялілі на чатыры ўзроставыя групы (да 40 гадоў, 40-49, 50-59 і 60+) і параўналі, як часта здаралася смерць пацыентаў на працягу 30 дзён пасля шпіталізацыі.

Статыстычная мадэль паказала, што чым старэйшыя былі лекары, тым вышэйшы быў узровень смяротнасці іх пацыентаў. Паказчык для лекараў да 40 гадоў склаў 10,8%, у групе 40-49 гадоў ён павялічыўся да 11,1%, у групе 50-59 — да 11,3%, у групе 60+ — да 12,1%.

Калі перавесці гэтыя лічбы ў канкрэтыку, то можна ўявіць, што калі б тэрапеўты старэйшыя за 60 гадоў даглядалі 1000 пацыентаў, то 13 чалавек, якія б памерлі падчас іх догляду, маглі б выжыць, калі б пра іх клапаціліся лекары да 40 гадоў.

Даследчыкі таксама паўтарылі аналіз, звяртаючы ўвагу на смяротнасць цягам 60 і 90 дзён, але заканамернасць захавалася: у больш маладых лекараў вынікі былі лепшыя, чым у іх больш дасведчаных калег. Услед рушыць непазбежнае пытанне: чаму?

Чаму маладыя тэрапеўты больш уважлівыя да пацыентаў

Ёсць два магчымыя тлумачэнні. Па-першае, існуе банальна ўзроставы эфект, калі лекар папросту старэе і робіцца менш уважлівым. Пажылыя дактары таксама могуць быць занадта ўпэўненымі ў сваім досведзе і меркаваць, што «бачылі такі выпадак мільён разоў» — а таму прапускаюць складаныя дыягназы.

Іншае тлумачэнне і важнейшае — гэта тое, што ёсць рэчы, якія старыя і маладыя дактары робяць па-рознаму проста таму, што яны вучыліся ў розны час. Маладзейшыя маюць больш сучасныя веды.

Калі пажылыя дактары не сочаць за апошнімі дасягненнямі ў даследаваннях і тэхналогіях або калі не выконваюць найноўшых рэкамендацый, іх лячэнне можа быць не такім добрым, як у іх больш маладых калег.

У другой частцы даследавання дактары падзялілі лекараў паводле не толькі ўзросту, але і па колькасці прынятых пацыентаў.

Высветлілася, што сярод медыкаў, якія прымаюць няшмат людзей, смяротнасць пацыентаў вышэйшая ў пажылых лекараў. У лекараў з сярэдняй колькасцю хворых карціна была менш выяўленай. А ў «масавых» лекараў заканамернасць наогул знікла.

З практычнага пункту гледжання, пакуль доктар прымае вялікую колькасць пацыентаў, яго ўзрост не ўплывае на якасць дапамогі.

Ці можна зрабіць выснову, што ў цэлым маладыя дактары «лепшыя» за пажылых? Калі пад «лепшым» маецца на ўвазе тэрапеўт з больш нізкай 30-дзённай смяротнасцю пацыентаў, то трэба сказаць «так». Але ці датычыць гэта дактароў іншага профілю, напрыклад, хірургаў?

Для хірургаў досвед — прынцыпова важны

Каб высветліць гэта, доктар Джэна і яго калегі правялі асобнае даследаванне, у якім прынялі ўдзел каля 900 тысяч пацыентаў, якія перанеслі складаныя аперацыі (напрыклад, аперацыю падчас пералому шэйкі сцягна ці аперацыю на жоўцевым пузыры), выкананыя прыкладна 46 тысячамі хірургаў рознага ўзросту.

Як і раней, даследчыкі выкарыстоўвалі статыстычную мадэль для разліку 30-дзённай смяротнасці пасля аперацыі.

Вынікі паказалі, што, у адрозненне ад тэрапеўтаў, хірургі з гадамі паказвалі лепшыя вынікі.

Паказчыкі смяротнасці іх пацыентаў мелі сціплае, але значнае зніжэнне па меры таго, як дактары станавіліся старэйшымі:

смяротнасць складала 6,6% для хірургаў да 40 гадоў, 6,5% — для хірургаў 40-49 гадоў, 6,4% — для хірургаў 50-59 гадоў, 6,3% — для хірургаў старэйшых за 60 гадоў.

Для хірургаў асабліва важная мышачная памяць, якая будуецца з дапамогай паўтарэння адных і тых жа аперацый.

Штораз маючы справу са складанай анатоміяй, дактары вучацца прадбачваць тэхнічныя праблемы перш, чым яны ўзнікаюць, або шукаюць выйсце з непрадбачаных сітуацый на аснове свайго папярэдняга досведу. З часам яны набываюць больш дасканалыя тэхнічныя навыкі ў большай колькасці сцэнарыяў, даведваюцца, як лепш за ўсё пазбегнуць ускладненняў, і выбіраюць лепшыя хірургічныя стратэгіі.

Што ў выніку?

На падставе праведзеных даследаванняў тэрапеўтаў і хірургаў становіцца ясна, што ўзрост доктара нельга скідаць з рахункаў, але і не варта разглядаць яго ізалявана, як рэзюмуюць аўтары кнігі «Выпадковыя фактары ў медыцыне».

Калі нас турбуе якасць атрыманай намі дапамогі, пытанні, якія варта задаць доктару, гэта не «Колькі вам гадоў?» і нават не «Колькі гадоў у вас досведу?», а хутчэй «Ці ёсць у вас вялікі досвед догляду пацыентаў у канкрэтна маёй сітуацыі?» або «Што вы робіце, каб заставацца ў курсе апошніх даследаванняў?».

Чытайце яшчэ:

ChatGPT ужо лепшы за доктара-чалавека па адным параметры

Беларускія кардыёлагі асвоілі новую тэхналогію для прадухілення раптоўнай смерці сэрца

Як скласці летні рацыён? Разбіраем міфы і правілы

Клас
6
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
0