Фота: Pavel Golovkin / AP

Фота: Pavel Golovkin / AP

На дыскусіі «Разгортванне ядзернай зброі ў Беларусі і яго наступствы для рэгіянальнай бяспекі» выступілі намеснік дзяржсакратара ЗША ў 2019-2021 гадах Стывен Біган, дырэктар Еўразійскага цэнтра Атлантычнай рады, амбасадар ЗША ва Узбекістане (2000-2003) і Украіне (2003-2006) Джон Хэрбст, старшыня Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (з 2022 года), дарадца канцлера Ангелы Меркель па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі (2005-2017), пастаянны прадстаўнік Нямеччыны ў ААН (2017-2021) Крыстаф Хойсген.

Паводле слоў спікераў, адсутнасць актыўнай публічнай пазіцыі Захаду па пытанні размяшчэння ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі не азначае, што яго гэта не клапоціць. Агулам прыходзіць разуменне важнасці Беларусі для вырашэння рэгіянальнага крызісу, без яе гэта немагчыма.

Святлана Ціханоўская адзначыла тры магчымыя наступствы размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі:

  • яна робіцца мішэнню для ўдару ў адказ;
  • замацоўваецца расійская вайсковая і палітычная прысутнасць у Беларусі;
  • ядзерная зброя як траянскі конь — Расія можа выкарыстаць клопат пра яе, каб, напрыклад, паслаць дадатковыя войскі.

Дэмакратычная лідарка Беларусі зноў заклікала правесці пасяджэнне Рады бяспекі ААН, каб абмеркаваць сітуацыю з ядзернай зброяй, падняць гэта пытанне на Генасамблеі ААН, увесці санкцыі супраць Расіі за размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі.

«Мы сутыкнуліся з вельмі небяспечным ворагам — расійскай імперыяй. Але на нашым баку беларускі народ. З нашым трагічным гістарычным досведам мы, беларусы, ведаем сапраўдную цану міру. Гэта ўсё, чаго мы можам жадаць. Але мы таксама ведаем, што з тыраніяй не можа быць мірнага суіснавання. Мір без свабоды — гэта рабства, а не мір. Спадзяёмся, што разам з украінцамі мы здабудзем свабоду і пазбавімся ад расійскіх кіпцюроў. Ніякая зброя не можа забіць наша жаданне быць свабоднымі», — заявіла Ціханоўская.

Як паведаміў BPN галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, у мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 50 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета.

Чытайце таксама:

У выпадку неабходнасці НАТА перакіне ў Польшчу сто тысяч салдат — Дуда

Лаўроў прыраўняў факт з'яўлення самалётаў F-16 ва Украіны да пагрозы ў ядзернай сферы

Святлана Ціханоўская расказала пра сустрэчу з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам

Клас
25
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
1