На сайце Visual Capitalist, дзе публікуецца розная інфаграфіка, выклалі вялікую карту. Называецца яна проста: «Усе дарогі свету». Распрацаваў гэтую крутую візуалізацыю Адам Саймінгтан, які таксама вядзе і напаўняе сайт з рознымі картамі PythonMaps. Прычым гэта не проста карта з палоскамі дарог, а і вялікая база звестак па кіламетражы таго ці іншага тыпу дарог у розных краінах.

Што з дарогамі ва ўсім свеце?

Усяго ў пераліку 222 краіны і тэрыторыі. Па кожнай прыводзіцца, дзе магчыма, поўная статыстыка: агульная працягласць дарог у краіне і асобна — кіламетраж па розных тыпах.

Усе дарогі, паводле класіфікацыі ААН, падзеленыя на 4 віды.

Галоўныя дарогі: хуткасныя хайвэі і проста галоўныя дарогі паміж гарадамі, шматпалосныя, з абмежаванымі магчымасцямі заехаць і з'ехаць.

Другарадныя дарогі: з цвёрдым пакрыццём, вялікім трафікам, якія звязваюць найбліжэйшыя гарады.

Трэцеступенныя дарогі: з цвёрдым пакрыццём або без яго ўнутры адміністрацыйных адзінак.

Іншыя дарогі: усе астатнія менш значныя дарогі.

Першы від на карце пазначаны белым колерам, другі — жоўтым, трэці і чацвёрты — чырвоным. Адпаведна, чым больш белай выглядае краіна на карце, тым больш у ёй хуткасных магістраляў, а калі краіна суцэльна жоўтая і скочваецца ў чырвоны, гэта значыць, што з хайвэямі ў ёй усё не надта, а большасць дарог лакальныя і невысокай якасці.

На першым месцы па працягласці дарог — ЗША: усяго 3 097 278 кіламетраў, ці 14,34% ад працягласці ўсіх дарог свету. На другім месцы — Кітай (1 709 997 кіламетраў, або 4,87%), на трэцім — Індыя (1 052 718 кіламетраў, або 4,87%).

Агульная працягласць усіх дарог свету ацэньваецца сэрвісам у 21 600 760 кіламетраў. І на першую дзясятку краін (ЗША, Кітай, Індыя, Мексіка, Аргенціна, Бразілія, Расія, Аўстралія, Германія, Францыя) прыпадае 10 315 223 кіламетра, ці 47,75%.

У канцы спіса знаходзяцца заморскія залежныя тэрыторыі: на апошнім, 222м месцы, — востраў Норфалк (знешняя тэрыторыя Аўстраліі, усяго 10 км аўтадарог), далей востраў Раства (таксама знешняя тэрыторыя Аўстраліі, 12 км дарог), Бермуды (заморская тэрыторыя Вялікабрытаніі, 14 км). З незалежных дзяржаў менш за ўсё ў ціхаакіянскай Рэспубліцы Палаў (18 кіламетраў).

Асобна складальнікі мапы вылучаюць краіны з найбольшай колькасцю хайвеяў. І тут лідар мяняецца. На першае месца выходзіць Кітай (683 248 кіламетраў, ці 40% ад усіх дарог у краіне), на другім аказваюцца ЗША (366 800 кіламетраў, ці 12%), на трэцім — Мексіка (105 822 кіламетры, ці 14% ад усіх дарог).

А што Беларусь?

Сэрвіс сцвярджае, што Беларусь знаходзіцца на 53 месцы: у нас 80 824 кіламетры аўтадарог, ці 0,37% ад агульнасусветнай працягласці. Што тычыцца падзелу па тыпах, то тут карціна такая: галоўных дарог — 17 720 кіламетраў, другарадных — 29 644 кіламетра, трэцярадных — 30 928 кіламетраў, іншых — 2 532 кіламетры.

Відавочна, у выпадку Беларусі да галоўных дарог аднесеныя не толькі хайвеі: у нашай краіне, як вядома, хуткасных аўтамагістраляў няма, ёсць толькі траса М1/Е-30, больш-менш прыраўнаваная да аўтастрад, даўжыня яе — 610 кіламетраў. Астатнія 17 тысяч кіламетраў — гэта, атрымліваецца, рэспубліканскія дарогі Р-класа.

І гэты падзел выразна відаць на карце. Беларусь выглядае бела-жоўтай, чырвоны колер амаль не прасвечваецца.

Якасць дарог у нас даволі высокая. Нават калі ўзяць толькі дарогі белага колеру (галоўныя дарогі), то ў абсалютных лічбах такіх дарог у нас больш, чым у Грэцыі (там 11 533 кіламетры), Аўстрыі (13 414 кіламетраў), Фінляндыі (там 14 847 кіламетраў), Украіне (16 342 кіламетры), Румыніі (17 127 кіламетраў), Ірландыі (17 540) і толькі крыху менш, чым у Польшчы (20 432 кіламетры) і Швецыі (20 562 кіламетры).

Гэтыя галоўныя дарогі складаюць у нас 22% ад агульнага кіламетражу — гэта больш, чым аналагічны працэнт у Францыі (14%), ЗША (12%), Германіі і Аўстраліі (па 11%).

Украіна на карце выглядае амаль цалкам чырвонай: аўтамагістраляў адносна няшмат, а мясцовых дарожак, наадварот, вельмі шмат. У еўрапейскай частцы Расіі — амаль суцэльна жоўты колер: шмат дарог сярэдняга класа і мала добрых хуткасных дарог.

Польшча і Літва выглядаюць падобнымі да Беларусі, але ў нас шчыльнасць белых дарог вышэйшая. Мабыць, больш за ўсё да Беларусі на карце падобная Латвія: шчыльны, насычаны бела-жоўты колер.

Вядома, ёсць на карце і дзіўныя анамаліі. Напрыклад, Калінінградская вобласць, а таксама ўсход Пскоўскай і Ленінградскай абласцей Расіі — тут жоўтага колеру практычна няма, што гаворыць пра перавагу дарог высокай якасці, — і гэта выглядае сумніўным.

Чытайце таксама:

Стаяць 30 гадзін на польскай мяжы ці ехаць круг 700 км праз Літву?

«Мы пазажыраліся». Што гавораць беларускія дальнабойнікі пра канкурэнцыю з азіятамі

Камунальнікі патлумачылі, чаму зімовага рамонту дарог хапае толькі да канца зімы

Клас
11
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
2