«Я ўсім прадстаўляюся як Маршала — раней на Беларусі так называлі чалавека-арганізатара, які ўсім запраўляе, напрыклад, распараджальніцу вяселля, імпрэзы, — пасміхаецца Марына. Як і многія беларусы, вымушаныя бегчы ад рэпрэсій, яна не жадае агучваць сваё прозвішча, каб не прыцягваць непатрэбнай увагі да родзічаў, якія засталіся ў краіне.

У дні, калі здавалася, што на вуліцы выйшла ўся Беларусь, яна ўдзельнічала ў акцыях пратэсту на малой Радзіме — у невялікім горадзе на Гомельшчыне. Жанчына сумна жартуе, што яна яшчэ доўга пратрымалася ў краіне — звольнілі яе ў 2022 годзе. 

«Я стала разумець, да чаго ўсё ідзе, калі калегі пачалі хаваць вочы. Звольнілі мяне адразу пасля Калядаў: я традыцыйна зрабіла вельмі вялікае і прыгожае свята — мабыць, кіраўніцтва не жадала яго губляць. А потым людзі, з якімі я працавала 17 гадоў, сказалі: «Ну ты ж павінна сама ўсё разумець! Гэта — загад дзяржавы».

Я не магла пайсці каяцца, не магла даваць дзецям нейкія незразумелыя строі, вучыць іх танчыць пад беларуска-расійскія песні і наогул несці беларускую «асавечаную» культуру, якая так даспадобы афіцыйным уладам. Я нават не ведаю, як яе назваць карэктна — не нэасавецкая ж. Насамрэч, агратрэш».

Але ж і пасля звальнення спакойна жыць у Марыны не атрымалася: яе пачалі абвінавачваць у тым, што яна збірала ў бацькоў выхаванцаў калектыву грошы на строі наяўнымі.

Жанчына тлумачыць:

«Калі бацькі пералічвалі грошы па рахунках, іх потым было практычна немагчыма атрымаць. Выканкам забіраў сабе 60% сумы. Але ж і астатнія 40% мы не маглі проста так патраціць, бо было шмат патрабаванняў. Напрыклад, тканіна павінна быць толькі беларуская. Таму мы збіралі грошы наяўнымі і трацілі на тое, што сапраўды трэба.

Калі мяне звольнілі, то бацькам выхаванцаў сталі настойліва прапанаваць пісаць заявы аб тым, што я брала ў іх грошы. Але, што прыемна, гэта адмовіліся рабіць нават прыхільнікі дзеючай улады».

Дачку Марыны рэпрэсіі таксама закранулі. Яе затрымалі па даносе, а ў тэлефоне знайшлі стандартны набор падпісак на пратэсныя тэлеграм-каналы. Пасля гэтага Марыне з дачкой прыйшлося з’ехаць з Беларусі і літаральна на наступны дзень АМАП ужо вынес дзверы ў яе кватэры. 

Маці з дачкой апынуліся ў польскім горадзе Рыбнік, куды іх запрасіла знаёмая кіраўніца танцавальнага калектыву. Ім дапамаглі знайсці жыллё і працу, набылі неабходныя для дома рэчы.

Потым дзякуючы праваабарончаму цэнтру «Наш дом» Марына атрымала 5-месячную стажыроўку ў Вільні. Тут і нарадзіўся новы калектыў, які атрымаў назву «Світанак».

«На першую рэпетыцыю прыйшлі дзеці, заспявалі. Я гляджу, а бацькі стаяць і мнуцца. Бачна, што таксама жадаюць спяваць. Ну я і кажу: «Хадзіце да нас!» Ва ўсіх загарэліся вочы! І да нас пачалі далучацца людзі: маленькія, падлеткі, дарослыя. Сярод іх былі і тыя, хто ў Беларусі адсядзеў па палітычных матывах. Шмат хто казаў: «Мы ніколі не размаўлялі на беларускай мове, не цікавіліся народнымі песнямі і танцамі. А тут узнікла патрэба гэтаму павучыцца».

Новыя строі Марына рабіла разам з маці былога палітвязня. Пачыналі з таго, што перашывалі белыя кашулі з гуманітарнай дапамогі. Жанчына ганарыцца тым, што з дзяцінства шмат чаго ведае пра нацыянальныя строі.

«Мае тата і маці былі з розных вёсак на Палессі. Я нарадзілася ўжо ў гарадскім пасёлку, але шмат часу праводзіла ў бабуль і дзядуль. Памятаю, у якім прыгожым строі хадзіла мая бабуля (яна сама яго рабіла), а дзед насіў штаны-галіфэ, кашулю і пінжак. Мая прабабуля была пявунняй — без яе не абходзілася ні адно вяселле. Яна спявала песні — абавязкова жаласлівыя, бо на вяселлях абавязкова плакалі.

А якія цікавыя абрады былі! Прабабулю нават ужо ў эпоху камбайнаў запрашалі на поле: «Паўліна, заспявай песню, каб дождж не пайшоў, каб мы жыта паспелі сабраць!» Цудоўныя ўспаміны аб тым, як усе пасля працы збіраліся ў клубе, самі гралі, танчылі…»

Зараз калектыву «Світанак» пайшоў ужо другі год. У верасні мінулага году яго ўдзельнікі выступалі на фестывалі «Беларусь старажытная». А потым скончылася фінансаванне і пачаліся цяжкія часы. Але Марына не губляе надзеі. 

Зараз яна ладзіць летнік для беларусаў ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў у Вільні. Галоўная ідэя — зрабіць яго каштоўным часам для дзяцей, дазволіць ім насалоджвацца і вывучаць беларускую спадчыну, а таксама развіваць іх творчыя навыкі ў мастацтве. 

Ідэя ўзнікла на пачатку лета, калі Марыне пазваніла маці дзяўчынак, якія раней у яе займаліся. Так атрымалася, што сям'я аказалася падзелена: частка жыве ў Беларусі, а частка ў Літве. І вось улетку ўсе павінны былі сустрэцца ў Вільні.

«Яна запыталася, ці не планую я правесці летнік, бо дзяўчынкі вельмі сумуюць па занятках. Тады я села і за тыдзень стварыла праграму, а яшчэ тыдзень вырашала арганізацыйныя пытанні».

Пляцоўку для летніка дае Фонд падтрымцы беларусаў у Літве «Разам». Прыватная школа «Стэмбрыдж» пазычыла кнігі беларускіх аўтараў, якія будуць чытаць дзеці. У праграме таксама прадугледжаны розныя майстар-класы, народныя танцы і, канешне, традыцыйныя беларускія гульні.

Для аднаго дзіця тыдзень у летніку абыдзецца ў 80 еўра, аднак зарабіць на праекце, кажа Марына, не атрымаецца. Большая частка сабраных грошаў пойдзе на забеспячэнне харчаваннем і, магчыма, на аплату камунальных паслуг.

Жанчына марыць аб выхаванні беларускай інтэлігенцыі сродкамі традыцыйнай нацыянальнай культуры. Не без гонару Марына згадвае аб тым, якой шалёная папулярнасцю сталі карыстацца народныя танцы і песні ў 2020 годзе:

«Пасля жніўня 2020 года шмат бацькоў захацелі прывесці дзетак да нас на заняткі. Мабыць, мы былі адзіным калектывам у Мінску, дзе хлопцаў аказалася больш, чым дзяўчынак». 

Але па яе назіраннях, цяпер зноў беларускасць адыходзіць на другі план.

«Зараз праблема ў тым, што беларусы, з’ехаўшы ў розныя краіны, раствараюцца ў іншых культурах. Канешне, цяжка ствараць нешта з нуля, яшчэ і ў новай краіне. Я заўсёды гаварыла, што беларуская культура павінна мець падтрымку. Бо яна, аўтэнтычная, далікатная кветачка. Яе патрэбна аберагаць-асцерагаць, а не таптаць».

Клас
14
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0