Як піша «Свабода», следства сцвярджае, што Юлія Юргілевіч расказала ў тэлефоннай размове Паўлу пра сваё звальненне з адвакатуры і пра прысуд Алесю Пушкіну. Пракурор спрабуе даказаць, што якраз Павел размясціў гэтую інфармацыю на старонцы «Белсату». Спосаб, час і асобы перадачы інфармацыі пры гэтым не вызначаныя.

Павел і Юлія адмаўляюць віну.

Юргілевіч заявіла, што яе трымаюць у «скоцкіх умовах» і ёй не далі азнаёміцца са справай.

Да суда фігуранты адмовіліся даваць паказанні, у судзе Мажэйка адказвае на пытанні выбарачна. Бацька журналіста Іван Мажэйка адмовіўся сведчыць супраць свайго сына.

Наколькі ведае жонка Мажэйкі Ірына Чарняўка, Паўла і Юлію прыводзяць на працэс у кайданках, але здымаюць іх на час пасяджэння.

На другі дзень, як піша «Свабода», Павел і Юлія выглядалі больш змучанымі.

10 ліпеня ў Гродне пачалі судзіць адвакатку Юлію Юргілевіч і журналіста Паўла Мажэйку. Юлію прывялі ў суд у робе з надпісам «Карцар №2».

Іх вінавацяць паводле ч. 2 арт. 361-4 КК за «іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове».

Справу разглядае рэкардсмен па палітычных прысудах суддзя Максім Філатаў, які даў Вітольду Ашурку пяць гадоў калоніі.

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
37