«Сукенкі для конкурсу шылі самі»

— Трыццаць чатыры гады таму ў гэтыя ж летнія дні прайшоў конкурс «Віцебская прыгажуня — 1989». Якраз ён адкрыў вас як мадэль. Якія ўспаміны ў вас засталіся пра гэтую падзею?

— Мне тады было 16 гадоў, я была выпускніцай школы, і гэты конкурс стаў для мяне прыгожым выхадам з дзяцінства. Вялікая сцэна, прыгожыя сукенкі, і ты наяве пражываеш казку пра прынцэсу. Такое магло спадабацца кожнай дзяўчынцы!

Я да гэтага часу памятаю эмоцыі, якія адчула тады на сцэне Летняга амфітэатра. Цёплы вечар, лёгкі ветрык, музыка, якая ляціць у неба — і ты ідзеш па подыуме. Выявілася, мне падабаецца выходзіць на сцэну! Я адчувала погляды людзей, энергію залы. І гэтая энергія была добрай, добразычлівай. Мне хацелася граць перад гледачамі ролю. Якую? Нават не ведаю. Папялушкі? Прынцэсы? Але мне вельмі падабалася быць часткай гэтага спектакля прыгажосці і лёгкасці.

Адзенне для конкурсу мы рыхтавалі самі. Нехта строй купляў, нехта браў у сяброўкі. За мае касцюмы адказвала маці. Яна радыёінжынер, але ў яе надзвычайны густ! Мама знайшла прыгожую тканіну і пашыла мне сукенку. Дарэчы, яна да гэтага часу захапляецца шыццём. Гарнітуры для аднаго вячэрняга дэфіле для нас узялі напракат у тэатры — на адзін вечар мы ператварыліся ў дам з XVIII стагоддзя. Гэта было пацешна!

Конкурс вёў вядомы шоўмен Леанід Якубовіч. Трэцяй віцэ-міс падарылі футра, другой віцэ-міс — піяніна «Беларусь», першай віцэ-міс — каляровы тэлевізар «Віцязь». Пераможцы ж, Марыі Кежэ, далі пуцёўку ў Грэцыю і проста на сцэне ўручылі спецыяльны прыз — пародзістага шчанюка каралеўскага пудзеля.

«Пасля конкурсу сутыкнулася з зайздрасцю»

— Што вы адчувалі, калі вас аб'явілі пераможцай?

— Я не была гатова да перамогі. Сярод удзельніц было некалькі вельмі прыгожых дзяўчат, якія мне падабаліся. І мне здавалася, што карону атрымае адна з іх. Таму я здзівілася, што пераможцай абралі мяне. Але яшчэ больш за мяне здзівіла рэакцыя людзей пасля конкурсу. На выпускных іспытах у школе мне далі зразумець: маўляў, нельга быць і разумніцай, і прыгажуняй адначасова. І паставілі ў атэстат чацвёрку па адным прадмеце.

Конкурс «Віцебская прыгажуня — 1989». На фота Марыя Кежа сядзіць, побач з ёй тры віцэ-міс

Конкурс «Віцебская прыгажуня — 1989». На фота Марыя Кежа сядзіць, побач з ёй тры віцэ-міс

І я ўпершыню сутыкнулася з тым, што людзі могуць быць зайздросныя. Ідзеш па вуліцы і чуеш за спінай смех і шаптанне: «Вось, пайшла «міс». Гэта непрыемна. Людзі не заўсёды разумеюць, наколькі яны могуць быць цяжкімі. Хочацца, каб мы навучыліся сустракаць чужы поспех пазітыўна.

Сёння паспяховым будзе адзін, заўтра — іншы, а паслязаўтра поспех прыйдзе да цябе. Гэта ж жыццё!

Але, з іншага боку, я атрымала выдатны досвед. І гэта быў шанец змяніць жыццё, адчыніць дзверы, пра існаванне якіх я раней не ведала.

— Вы падтрымліваеце стасункі з кімсьці з удзельніц «Віцебскай прыгажуні»?

— Ведаю, што першая віцэ-міс працуе ў цэнтры культуры «Віцебск», яна цудоўна выглядае. Трэцяя віцэ-міс стала паэткай, і гэта таксама вельмі прыгожая жанчына. Цікава было б даведацца, як склалася жыццё ў астатніх дзяўчат. Але я ўпэўненая, што для ўсіх гэты конкурс стаў прыступкай да адкрыцця чагосьці новага ў сабе.

«На «Міс СССР» фаварыткай была масквічка»

Заваяваўшы карону на гарадскім конкурсе, Маша атрымала магчымасць удзельнічаць у нацыянальным спаборніцтве прыгажунь у Мінску — «Панна Белая Русь» (цяпер «Міс Беларусь»). І зноў перамога!

У 1990 годзе віцяблянка прадставіла Беларусь на конкурсе «Міс СССР». Ён стаў перадапошнім у гісторыі Савецкага Саюза: у снежні 1991-га краіна распалася. На карону першай прыгажуні вялізнай дзяржавы ў 1990-м прэтэндавалі 35 дзяўчат. Гран-пры аддалі бландынцы з Беларусі.

Міс Сусвет — 1990 Мона Груд (Нарвегія) карануе міс СССР — 1990 Марыю Кежу

Міс Сусвет — 1990 Мона Груд (Нарвегія) карануе міс СССР — 1990 Марыю Кежу

Маша прызнаецца, што карона «Міс СССР» для яе, дзяўчыны з беларускай правінцыі, стала поўнай нечаканасцю: усе былі ўпэўненыя, што пераможа масквічка.

— Усе падтрымлівалі маскоўскую каманду. У ёй было некалькі дзяўчат, а фаварыткай лічылася Юлія Лемігава, якая ў выніку стала першай віцэ-міс. Яе прывозілі і везлі адусюль на машыне. У яе быў свой цырульнік. Ёй адзінай далі магчымасць абраць сукенку. Астатнім сказалі: бяжыце і разбірайце. Я не люблю штурхацца, таму дачакалася, калі ўсе сукенкі разабралі, і ўзяла тое, што засталося. Сукенка была шырокай у таліі, мама мне яе паправіла. Бедная, пакалола ўсе пальцы, перастаўляючы тры кручкі зашпількі.

На конкурс прыехалі ўдзельніцы з усіх рэспублік былога СССР, першыя прыгажуні ў сваіх рэгіёнах. І асаблівае становішча Юлі было непрыемнае для ўсіх. Пазней, калі ўжо вызначыліся чатыры ці пяць фаварытак і сярод іх аказалася я, дзяўчаты мне сказалі: «Маша, давай, наперад! Дай ведаць маскоўскім, каб не фанабэрылася. Мы за цябе!» Такая падтрымка была прыемная.

Але Юлю «вялі» так відавочна, што я не спадзявалася на перамогу. Аднак хацела годна прадставіць Беларусь і падтрымлівала сябе: маўляў, не ўсім так шанцуе, як Юлі, магчыма, мне дадуць нейкі іншы тытул. Таму была здзіўленая, калі журы ўсё ж прысудзіла карону мне. Было вельмі прыемна за Беларусь, я адчула патрыятызм.

У Беларусі жывуць вельмі прыгожыя дзяўчаты! Я лічу так і цяпер.

«Не патрапіць на «Міс Сусвет» было прыкра»

— Пасля конкурсу «Міс СССР» вы цэлы год ездзілі па свеце з дабрачыннымі акцыямі, прадстаўляючы Савецкі Саюз. Вас запрашалі выступаць у шоу і праграмах навін. Гэта было нудна — быць савецкай прыгажуняй, на якую глядзеў увесь свет?

— Трэба было адпрацаваць кантракт. І так, увесь год прайшоў у паездках па свеце. Больш за ўсё мне запомніліся турнэ ў Сінгапур і ЗША. Грошай я не зарабіла. Паездкі і пражыванне былі аплачаныя, але мы працавалі за хлеб.

— Наступны этап — «Міс Сусвет». Аднак патрапіць на сусветнае спаборніцтва прыгажунь не атрымалася?

— Па правілах гэтага конкурсу, на 1 лютага 1991 года мне павінна было споўніцца 18 гадоў. Мне не хапала 2 дзён: мой дзень нараджэння — 3 лютага. У журы было дзве пазіцыі, як зрабіць. Частка экспертаў лічылі, што правілы ёсць правілы, парушаць іх нельга і на конкурс трэба адправіць Юлю Лемігаву. А іншыя прапанавалі: «Маша, нічога страшнага, мы табе памяняем у замежным пашпарце дзень нараджэння на 1 лютага. Ты паедзеш у ЗША, цябе чакаюць на конкурсе. А наконт Юлі скажаш, што яна прыехала нелегальна». Я адказала: «Вы прапануеце мне ўдзельнічаць у міжнародным скандале з фальшывымі дакументамі. Я не згодна».

Але, вядома ж, гэта было прыкра — не патрапіць на «Міс Сусвет». Хацелася прайсці гэты шлях да самага канца.

«Каб узялі на працу ў Lancel, я нават варыла супрацоўнікам каву»

— Як склалася ваша жыццё пасля пераезду ў Францыю?

— Адзін час у Маскве я працавала на кампанію Wella. За гэтыя здымкі мне вельмі добра заплацілі. Затым мяне запрасілі ў Парыж. Я пераехала ў Францыю, склала кантракт з мадэльным агенцтвам. Але неўзабаве патрапіла ў аўтакатастрофу.

Марыя не захацела яшчэ раз успамінаць пра аварыю, адзначыўшы, што не зможа дадаць нічога да таго, што расказвала журналістам раней. Адно з выданняў пра моду прыводзіць наступную гісторыю:

«На рэзкім павароце машыну вынесла. Калі нас знайшлі, я была без прытомнасці, потым ужо мне сказалі, што частка майго твару была пашкоджаная. < …> Так здарылася, што хлопцы былі знаёмыя з мараканскім прынцам, патэлефанавалі яму — нам аказалі першую дапамогу. Мяне вельмі хутка прывезлі ў французскую сталіцу. Але і там я прабыла без прытомнасці яшчэ тры-чатыры дні. Першае, што я ўбачыла, калі прыйшла ў сябе, — гэта пашкоджаны твар…»

Подыум прыйшлося пакінуць. Але беларуска ўсё роўна засталася ў свеце моды, стаўшы дызайнеркай.

— Гэтая сітуацыя стала канцом мадэльнай кар'еры, але пачаткам майго сённяшняга жыцця, — лічыць Марыя. — Юнацтва — выдатны час! Я кажу гэта цяпер свайму сыну Мікіту, яму скора 18 гадоў. Гэта той цудоўны ўзрост, калі перад табой адкрытыя ўсе дарогі. Ты толькі ідзі, не бойся, адчыняй дзверы і спрабуй сябе ў той ці іншай справе.

Пасля аварыі я пазнаёмілася ў Парыжы з прадстаўнікамі вядомай кампаніі Lancel. Я марыла стаць дызайнеркай сумак. Паказала ім свае малюнкі, і мне прапанавалі стажыроўку. Каб зарэкамендаваць сябе, я рабіла ўсю працу, якую толькі магчыма: малявала, перакладала, раздрукоўвала дакументы, нават рыхтавала супрацоўнікам каву (смяецца. — Заўв. Onlíner). І праз два месяцы мяне ўзялі на працу асістэнтам стыліста. У Францыі стыліст — гэта дызайнер. Прасцей кажучы, я стала памагатым стваральніка сумак.

Працавала з задавальненнем, не шкадуючы час. Кар'ера ішла лёгка — з асістэнта стала стылістам. У нейкі момант з-пад маёй рукі выходзіла 80% усіх калекцый кампаніі, і некаторыя мае мадэлі Lancel выпускае і цяпер.

Але потым зразумела: мне сумна, не хапае творчай свабоды. Пайшла з Lancel і неўзабаве падпісала кантракт з Крысціянам Лакруа: яму быў патрэбны дызайнер сумак ад куцюр і прэт-а-партэ. Крысціян — яркая індывідуальнасць у сусветнай модзе, і я працавала з ім паўтара года. Мне вельмі спадабалася наша супрацоўніцтва: гэта была экзальтацыя, казка, мара! Лакруа заўсёды ператварае свае паказы ў свята. І калі твае сумкі дэфілююць на гэтым свяце, гэты цуд! Аднак пазней Крысціян пакінуў свой дом мод, дзе мы разам працавалі, і заставацца там стала нецікава: увесь сэнс быў у працы з гэтым таленавітым мадэльерам.

«Мае сумкі купляюць у тым ліку знакамітасці»

Трынаццаць гадоў таму Марыя стварыла ў Парыжы сваю кампанію па выпуску сумак і аксесуараў — Masha Keja. Беларуска выйшла замуж за француза Аліўе Гардэра, у іх нарадзіўся сын. Брэнд Masha Keja стаў сямейным бізнэсам.

— Ці цяжка было вырашыцца на стварэнне ўласнай моднай кампаніі ў сусветнай сталіцы фешн-індустрыі?

— Мая кампанія паспяховая, хоць і развіваецца за кошт майго ўласнага бюджэту. Ён не вельмі вялікі. Каб паставіць на ногі модную кампанію, патрэбныя вялікія ўкладанні, не менш за €3-5 млн. Гэта дазволіць адкрыць сетку крамаў, арганізаваць продажы, стварыць каманду. У мяне не было такой сумы, таму ўсё ідзе паступова. Але кампанія не закрылася ў пандэмію каранавіруса, хоць шматлікія фірмы тады спынялі бізнэс. Мае сумкі купляюць у тым ліку знакамітасці. У нас 30-40% продажаў у Францыі, 30% — у ЗША, 30% — у Кітаі. Прычым кітайскія заказчыкі купляюць дарагія эксклюзіўныя сумкі, і кошт іх зусім не турбуе. У мяне ёсць буцік у Парыжы. Хачу адкрыць яшчэ тры магазіны ў французскай сталіцы. Спадзяюся, гэта атрымаецца праз год-два.

Дызайн сумак — гэта тое, што прыносіць мне радасць. За любімым заняткам я не заўважаю часу. І мне заўсёды яго не хапае! Хочацца зрабіць і тое, і гэта, але суткі абмежаваныя 24 гадзінамі. Я працую над якасцю скуры, прыгажосцю прапорцый сумкі, каб яна добра сядзела і служыла доўга. Радуе, калі людзі набываюць нашы вырабы зноў і зноў: «О, я купіла вашу сумку восем гадоў таму — і вось прыйшла па новую». Гэта робіць мяне шчаслівай.

«Жанчына прыгожая тады, калі пачуваецца прыгожай»

У гэтым годзе Марыя Кежа адзначыла 50-гадовы юбілей. Былая мадэль па-ранейшаму выглядае цудоўна. Пры росце 180 сантыметраў яна важыць 63 кілаграмы. Гэта ўсяго толькі на 5 кілаграмаў больш, чым у юнацтве.

Журналісты папрасілі Марыю падзяліцца сакрэтамі прыгажосці.

— Жанчыне трэба знаходзіць час для сябе. Што б ні адбывалася, два-тры разы на тыдзень займайцеся спортам. Дрэнная адгаворка: маўляў, няма часу на спартзалу. У мяне яго таксама няма. Я займаюся дома. Сцялю дыванок, адчыняю акно, уключаю музыку і трэніруюся. Часцей за ўсё гэта ёга ці фітнэс, у асноўным практыкаванні на ногі, ягадзіцы і прэс. Улетку шмат плаваю: мы праводзім адпачынак на вадзе, і побач заўсёды рака, возера ці мора.

Калі хочаце, бегайце. Калі падабаецца, плавайце. Калі вам па душы фітнэс, няхай гэта будзе фітнэс. Але надавайце час свайму здароўю.

І пры любой магчымасці паднімайцеся па лесвіцы пешшу, не на ліфце. Ежце шмат гародніны і садавіны. Усё гэта дапаможа ўвайсці ў спелы ўзрост з лёгкасцю.

Трэба ўзважвацца і спрабаваць трымаць сваю вагу пастаяннай. Але колькі ў вас кілаграмаў, папраўдзе, не так важна. Жанчына прыгожая тады, калі пачуваецца прыгожай. Вы можаце быць поўнай, але калі ў вас ёсць унутранае адчуванне сваёй прыгажосці, то людзі гэта адчуюць, вы будзеце трансляваць гэтую прыгажосць. Вызначце сваю вагу камфорту. А будзе добра вам — будзе добра і ўсім побач з вамі.

Марыя кажа, што яе засмучаюць падзеі, якія адбываюцца ў свеце апошнім часам.

— Я пакутую ад таго, да чаго стаў падобны свет. Спрабую палепшыць яго сваёй працай, стаўленнем да людзей, сваім разуменнем карэктнасці. І, мне падаецца, гэта ўжо нямала. Мы жывём на планеце, агульнай для ўсіх. Беларусам яна належыць гэтак жа, як, напрыклад, французам ці канадцам. Яна наша. Калі кожны з нас паспрабуе быць як мага больш сумленным да сябе і іншых, свет стане лепшым.

Клас
101
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
6
Сумна
3
Абуральна
16