Прапагандыстка БТ і палітвязень Дзмітрый Лукша ў будынку першага атрада шклоўскай калоніі. Cкрын відэа БТ

Прапагандыстка БТ і палітвязень Дзмітрый Лукша ў будынку першага атрада шклоўскай калоніі. Cкрын відэа БТ

Па БТ паказалі папраўчую калонію №17 у Шклове, дзе пры таямнічых абставінах загінуў палітвязень Вітольд Ашурак і адкуль нядаўна збегла доктарка, якая магла мець дачыненне да яго смерці. Экскурсію па ўстанове ўзялі правесці палітвязня Дзмітрыя Лукшу, які раней быў вядучым на БТ.

У кадры — адрамантаваны корпус.

Некалькі былых вязняў шклоўскай калоніі па просьбе «Нашай Нівы» азнаёміліся з прапагандысцкім фільмам. 

Яны звярнулі ўвагу, што для дэманстрацыі «выдатных умоў утрымання» асуджаных БТ выкарыстала памяшканне першага атрада калоніі, які знаходзіцца літаральна праз дзверы ад адміністрацыі ў будынку штаба і які не працуе ў прамысловай зоне.

«Першы атрад разам з другім знаходзяцца ў будынку штаба, і асуджаныя з гэтага атрада абслугоўваюць і кантралююць такія «цёплыя» месцы ў калоніі, як штаб, каранцін, пакой доўгатэрміновых і кароткіх спатканняў, царкву, спартзалу і іншае. 

Яны не ведаюць, што такое праца на прамысловай зоне, у гэтым атрадзе жыве асноўная частка стукачоў і іншых карысных для адміністрацыі людзей. У якасці падзякі за службу і такія ўмовы ўтрымання», — дзеліцца адзін з былых палітвязняў.

Іншы былы зняволены адзначае фразу аднаго з герояў фільма, што быццам бы ніякай дадатковай увагі і перадузятых адносін да носьбітаў жоўтых бірак няма і што палітычныя разам з іншымі асуджанымі знаходзяцца ў аднолькавых умовах.

На яго думку, адміністрацыя шклоўскай калоніі і прапагандысты прымусілі палітвязняў на відэа сказаць гэтую і іншыя фармулёўкі, а сам фільм уяўляе сабой нішто іншае, як «сапраўдны цырк».

«Так, жоўтыя біркі носяць не толькі палітвязні, а і іншыя асуджаныя з прафулікам. Аднак пры гэтым менавіта людзям з 10-м «экстрэмісцкім» прафулікам, які ёсць абсалютна ва ўсіх палітвязняў і толькі ў іх, абмяжоўваюць наведванне царквы, спортгарадка, бібліятэкі, чамусьці менавіта нам не давалі нават заказных лістоў з прычыны «цынічнага характару» зместу ў любым з іх.

Складана і вельмі смешна было гэты фільм глядзець. А палітычных, якіх там паказалі, проста прымусілі сказаць тое, што яны сказалі. Паверце, там для гэтага ёсць шмат розных метадаў», — распавёў нам іншы былы палітвязень.

Пра тое, што менавіта ў гэтай калоніі загінуў Вітольд Ашурак, у фільме нічога не сказалі.

Нагадаем, што масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.

З 2022 года, пасля поўнамаштабнага нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў. Сувязі з некаторымі вязнямі няма месяцамі.

Чытайце таксама:

Лёс Вітольда Ашурка прымяраў на сябе кожны, або Як выжыць у калоніі

Лукашэнка стаў выкручвацца ў адказ на пытанні Бі-бі-сі пра сённяшні стан Калеснікавай і іншых палітвязняў

Штатныя гэбісты будуць рандомна правяраць тэлефоны супрацоўнікаў ва ўсіх ВНУ, каледжах і ліцэях

Клас
7
Панылы сорам
1
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
7
Абуральна
91

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?