Макак-рэзус Macaca mulatta Макак-резус

Макакі-рэзус. Фота: gettyimages.com

Пагаршэнне мыслення і памяці пры старэнні — сурʼёзная біямедыцынская праблема. Вучоныя ўжо шмат дзесяцігоддзяў шукаюць спосабы лячэння такіх захворванняў, як хваробы Альцгеймера, Паркінсана і рассеяны склероз. Аднак поспехі пакуль вельмі нязначныя.

Група вучоных вырашыла праверыць уздзеянне бялку klotho на кангнітыўныя функцыі прыматаў. Пра вынікі свайго даследавання яны расказалі ў часопісе Nature Aging.

Бялок klotho яшчэ называюць «фактарам даўгалецця». Сваю назву ён атрымаў ад грэчаскай багіні Клато, якая ткала нітку жыцця. Гэты бялок удзельнічае ў рэгуляцыі абмену рэчываў, абароне ад аксідантнага стрэсу і старэння.

Яго трансмембранная форма дапамагае гармонам кантраляваць узровень фосфару і вітаміну D у арганізме. А растваральны бялок, які трапляе ў кроў, дзейнічае як эндакрынны фактар. Узровень klotho зніжаецца з гадамі, а таксама пры нейрадэгенератыўных захворваннях.

Папярэднія даследаванні на мышах паказалі, што ін'екцыя klotho можа працягнуць жыццё жывёл і павысіць сінапсічную пластычнасць — здольнасць кантраляваць сувязь паміж нейронамі ў злучэннях, якія называюцца сінапсамі. Новае даследаванне, праведзенае ўжо на прыматах, прадэманстравала такі ж эфект.

Даследаванне ўключала тэставанне кагнітыўных здольнасцяў старых макак-рэзусаў (Macaca mulatta), якім было ў сярэднім 22 гады, да і пасля аднаразовай ін'екцыі klotho. Для гэтага даследчыкі выкарысталі просты тэст праверкі прасторавай памяці: малпы павінны былі запомніць месца знаходжання прысмаку, схаванага даследчыкамі на іх вачах у адну з некалькіх ямак.

Такі тэст можна параўнаць з успамінам пра тое, дзе мы пакінулі сваю машыну на аўтастаянцы, ці з аднаўленнем паслядоўнасці лікаў за пару хвілін пасля таго, як яе пачулі. Такія задачы з узростам даюцца ўсё цяжэй.

Малпы паказалі значна лепшыя вынікі ў гэтых тэстах пасля ўвядзення klotho. Да ін'екцый яны ідэнтыфікавалі правільныя ямкі прыкладна ў 45% выпадкаў, пасля ін'екцыі гэты паказчык склаў прыкладна 60%. Паляпшэнне памяці захоўвалася не менш за два тыдні.

Вучоныя адзначылі, што такі эфект быў дасягнуты пры нізкай дозе прэпарату (10 мкг/кг). Павышэнне дозы ў два і тры разы ніяк не паўплывала на вынікі.

Даследчыкі адзначаюць, што да гэтага часу незразумела, як канкрэтна ін'екцыя klotho аказвае такі ўплыў на мозг і чаму ён так доўга працягваецца. Сам бялок не можа трапіць з крыві да мозгу. Каб раскрыць механізм уплыву, неабходныя новыя даследаванні, якія дапамогуць вызначыць, якія прамежкавыя звёны задзейнічаныя ў гэтым працэсе.

Улічваючы блізкасць генетыкі і фізіялогіі прыматаў і людзей, вялікая імавернасць ужывання такога метаду для лекавання кагнітыўных расстройстваў у чалавека. Але вырашальнае значэнне для рэалізацыі клінічнага патэнцыялу klotho будзе мець раскрыццё механізма яго ўздзеяння.

Чытайце яшчэ:

Першы за 20 гадоў прэпарат ад хваробы Альцгеймера. ЗША ўхвалілі прэпарат адуканумаб

Названа прычына хваробы Паркінсана

Навукоўцы ўпершыню вылечылі наступствы дэменцыі

Клас
26
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?