Святлана Ціханоўская ў Рыме сустрэлася з міністрам замежных спраў Італіі Антоніа Таяні. Фота: Офіс Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская ў Рыме сустрэлася з міністрам замежных спраў Італіі Антоніа Таяні. Фота: Офіс Ціханоўскай

Падчас сустрэчы палітыкі абмяркоўвалі размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, а таксама сітуацыю з палітвязнямі, як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай. 

Ціханоўская распавяла Антоніа Таяні, што беларускіх палітвязняў трымаюць у ізаляцыі, і міжнародны ціск неабходны, каб дабіцца іх вызвалення. Палітыкі гаварылі пра дапамогу грамадзянскай супольнасці і незалежным медыя. 

Міністр замежных спраў Італіі запэўніў Святлану Ціханоўскую ў падтрымцы Італіяй дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Італія не будзе накіроўваць у Мінск пасла, а зменшыць дыпламатычную прысутнасць да ўзроўню паверанага, як раней паабяцала зрабіць Нямеччына, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

Антоніа Таяні паабяцаў падняць пытанне новых санкцый Еўрасаюза супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама пытанне закрыцця шчылін у санкцыйным рэжыме.

Італія выказала гатоўнасць падтрымаць расследаванне фактаў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў гэтым.

«Італія працягне выдаваць візы беларусам, таму што Італія адрознівае рэжым і беларусаў. Таксама Італія працягне выдаваць стыпендыі беларускім студэнтам і прымаць дзяцей з рэпрэсаваных сем’яў на аздараўленне», — дадае прэс-служба Ціханоўскай. 

Акрамя таго, Святлана Ціханоўская папрасіла Італію аказаць дапамогу беларускім добраахвотнікам ва Украіне, а таксама падтрымаць беларускія культурныя ініцыятывы, якія ўмацоўваюць беларускую ідэнтычнасць. 

Ціханоўская прапанавала перадаць на падтрымку палітвязняў замарожаныя актывы (Італія на гэтым тыдні замарозіла актывы звязаных з беларускім і расійскім рэжымамі людзей на два мільярды).

Лідарка беларускай апазіцыі звярнула ўвагу, што група «Вагнер» прызнаная многімі краінамі ў свеце крымінальнай і тэрарыстычнай групоўкай, і прапанавала прызнаць рэжым Лукашэнкі спонсарам тэрарызму.

Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў Рыме з 5 ліпеня па запрашэнні міністра замежных спраў і парламента Італіі.

Клас
8
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
0