Ayo Ebebiri and Jeremy Allen White in

Ая Эдэбіры і Джэрэмі Ален Уайт у серыяле «Мядзведзь». У новым сезоне героі намагаюцца ператварыць сямейную забягалаўку ў дарагі рэстаран. Фота: Hulu

У другім сезоне нашумелага серыяла «Мядзведзь» дзеянне нарэшце выходзіць за межы кухні. Цяпер увага скіраваная не толькі на галоўнага героя, але і на акцёраў другога плану.

Серыял, які летась для многіх стаў сапраўдным адкрыццём, расказвае гісторыю маладога шэф-кухара Кармі. Ён пакідае свет вытанчанай кухні, каб вярнуцца дадому ў Чыкага і кіраваць сямейным рэстаранам пасля смерці свайго брата Майкла.

Рэстаран, які спачатку завецца The Beef, мае неймаверную колькасць праблем. Ён тоне ў даўгах і развальваецца, а яго персанал — скрозь адныя толькі каларытныя персанажы. Толькі дзякуючы сіле волі Кармі ўдаецца наладзіць працэсы ўнутры, каб нешта пачало працаваць. Першы сезон скончыўся закрыццём The Beef і абвяшчэннем таго, што новы рэстаран атрымае назву The Bear.

Калі ў першым сезоне героі амаль не выходзілі за межы кухні і мы мала што ведалі пра іх асабістае жыццё, то ў другім яны нарэшце пачынаюць раскрывацца.

Акрамя гэтага, у новых серыях — іншы тэмп падачы гісторыі: аповед ужо не складаецца выключна з шалёнага звону рондаляў. Дзеянне разгортваецца з рознай хуткасцю — то з той вар'яцкай, да якой мы прызвычаіліся ў першым сезоне, то з даволі медытатыўнай. І ў ціхіх момантах столькі ж сілы, як і ў сцэнах, дзе персанажы перакрыкваюць адно аднаго, а дыялогі амаль незразумелыя. Апавядальнікі ведаюць, калі расцягнуць час, а калі яго сціснуць.

«Мы ўсе тут, каб вучыцца», — кажа Кармі персаналу, які рыхтуецца да генеральнай рэпетыцыі. Тэма самаўдасканалення, што падымаецца ў новым сезоне «Мядзведзя», раскрываецца не праз абстрактныя разважанні, а выключна праз дзеянні і паводзіны — тыпова для гэтага серыяла. Ціну, нягледзячы на яе ўжо немалады век, адпраўляюць у кулінарную школу, каб яна палепшыла свае навыкі. Праблемны, неспакойны «стрыечны брат» Рычы, якому ў новым сезоне адвялі шмат увагі, ідзе на стажыроўку ў «мішленаўскі» рэстаран. Сідні — таленавітая шэф-кухарка — шукае кулінарнае натхненне ў іншых рэстаранах і самім горадзе, а яшчэ чытае кнігу вядомага баскетбольнага трэнера Майка Кшышэўскага, у назве якой («Leading with the Heart…») — персанальная мэта гераіні на другі сезон.

Marcus (Lionel Boyce) is

Маркус (Лаянэл Бойс) — у цэнтры ўвагі чацвёртай серыі, калі ён выпраўляецца ў Капенгаген, каб вучыцца кулінарнаму майстэрству. Фота: Hulu

Маркус — пекар, які вырашыў стаць кандытарам — здзяйсняе творчае падарожжа ў Капенгаген, каб па-новаму зірнуць на дэсерты. Яго новы настаўнік Лука кажа яму, што ў пэўны момант быць вялікім шэф-кухарам азначае «не столькі майстэрства, колькі адкрытасць» свету і іншым людзям. Маркус увасабляе гэтую параду ў жыццё: калі падарожнічае па горадзе, ён намагаецца запомніць славутасці і смакі, якія пазней ператворыць у новыя пачастункі для «Мядзведзя».

Адна з самых ціхіх сюжэтных ліній серыяла — адносіны Кармі і доктаркі Клэр, якая становіцца для галоўнага героя своеасаблівым сховішчам ад буры. Ці здолее шэф-кухар працягваць сваю працу, якая вымагае столькі ж творчасці, колькі і вар’яцтва, і адначасова быць спакойна шчаслівым? Ці, каб быць добрым у працы, Кармі павінен быць, па яго ж словах, «чортавым псіхам» — і акурат праз гэта ў яго ўсё атрымліваецца?

Другі сезон «Мядзведзя» бліскуча дэманструе ўнутраную барацьбу, з якой даводзіцца сутыкацца, калі пераследуеш свае мары. Шлях да поспеху і атрымання жаданага не заўсёды суправаджаецца радасцю і запалам. Бываюць дні, калі табе зусім не падабаецца тое, што ты робіш. Потым надыходзяць іншыя дні, калі ты не можаш без гэтага жыць. Кармі — ідэальнае ўвасабленне гэтых супярэчлівых эмоцый.

Адкрыццё новага рэстарана — вялікая рызыка. Партнёрства можа разбурыцца, могуць з'явіцца непераадольныя кадравыя праблемы. І нават калі ўсё атрымаецца, рэстаран усё адно можа закрыцца праз сваю непаспяховасць. Пераадоленне міннага поля рызык — цана, якую трэба заплаціць за існаванне нечага большага, чым мы самі. Ці вартыя цяжкасці і перашкоды таго поспеху, які можа чакаць пасля? Гэта павінны высветліць Кармі і яго каманда, пакуль яны, як звычайна, тушаць, параць і смажаць.

Больш пра кіно:

Дзевяць галоўных кінастужак гэтага лета

На платформе Vodblisk стаў даступны кароткаметражны фільм «Возера радасці»

«Індыяна Джонс і Цыферблат лёсу»: 80-гадовы Харысан Форд зноў у ролі авантурнага археолага

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0