Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«У радзільні паказвалі студэнтам»

40-гадовую Святлану з невялікага беларускага райцэнтра лічылі бясплоднай. Яна з мужам звярталася да медыкаў, але тыя не знаходзілі ў здароўі абаіх адхіленняў.

«Ужо збіраліся браць сірату, а тут зацяжарала. У 37 гадоў нарадзіла. Радасць была бязмежнай. Мне было ўсё роўна, ці позняя я маці або не», — расказвае Святлана.

Алена нарадзіла ў 43 гады. Ад першага шлюбу ў яе былі дзеці. У мужа, з якім пазнаёмілася ў сорак, таксама.

«Мы абгаварылі, што ў абаіх ужо ёсць дзеці, дык і хопіць. Так, дамовіліся, але жыццё вырашыла інакш. То і дзякуй богу», — кажа Алена.

Позняя цяжарнасць у суразмоўніцы была цяжэйшай, чым першыя. Кажа, што ўжо не дазваляла сабе бегаць, як у маладзейшыя гады.

Па словах Алены, у радзільні, калі дыктары ўбачылі, колькі ёй гадоў, то выгукнулі, што ў іх «маці-гераіня».

«Вадзілі да мяне студэнтаў. Казалі ім, што можна і ў 43 нармальна нараджаць», — апавядае Алена.

Юлія выйшла замуж у 26 гадоў. З мужам рашылі, што ў іх будзе трое дзяцей. Апошняе, «позняе», нарадзіла ў 35. Страху ў тым не бачыла.

Юлія прызнаецца, што не ўспрымае сябе сталым чалавекам.

«Цяпер такі час, што людзі позна сталеюць, прымяраюць да сябе еўрапейскія стандарты жыцця. Позна аддзяляюцца ад бацькоў», — разважае Юлія.

«Які ў вас унучак»

Святлана таксама лічыць стэрэатыпам устаноўку, што чым раней народзіш, тым лепей. Аднак прызнаецца, што не ўсе ўспрымаюць «позняе бацькоўства» за нармальнасць.

«Многае даводзілася чуць за спінаю, — тлумачыць яна. —

Нехта кпіў, што дзіця з прабіркі, а нехта зласловіў, што ўсынавілі і гэта хаваюць. Але ж усе бачылі, што хадзіла цяжарная. Муж супакойваў. Бывала, што плакала».

Святлана лічыць, што «позняе» дзіця ўмацавала сям’ю.

«Калі б не нарадзілі, то развяліся б», — прызнаецца яна.

Алена з такімі сітуацыямі не сутыкалася. Аднак кажа: з мужам перажылі перыяд разгубленасці.

«Калі даведаліся, што будзе дзіця, то першая думка была: а божачка, калі ў школу пойдзе, колькі нам будзе гадоў. Ой, 50! А там будуць бацькі маладыя, а мы ў гадах. А калі скончыць школу, то нам ужо 60! Але пасядзелі, паразважалі, што ўсё ў нашых руках, што нам за сабою трэба глядзець. Вырашылі: справімся. Ну, будуць у сына сталыя бацькі. Лепш жыццё даць, чым не даць», — расказвае Алена.

Алена не выглядае на свой узрост. У яе хударлявая, зграбная постаць. 

«Аднойчы на гульнявой пляцоўцы нам сказалі, які ў вас унучак добры. А я на тое: не ўнучак, а сын», — згадвае з усмешкай суразмоўніца.

«Бацькам было цяжка прыняць, што позняе дзіця — гэта нармальна»

Юлія разумее, чаму цяперашняе пакаленне нараджае пазней. Жыццёвая мітусня сям’ю і дзяцей адсоўвае на другі план.

«Доўга вучымся. Пасля школы атрымліваем вышэйшую адукацыю. А калі за гэтымі справамі задумваюцца пра сям’ю і дзяцей, то ўжо пад сорак», — адзначае яна.

На імпрэзе, прысвечанай шматдзетным сем'ям, у Гродне. Фота: grodnonews.by

На імпрэзе, прысвечанай шматдзетным сем'ям, у Гродне. Фота: grodnonews.by

Юлія кажа: калі нарадзілася «позняе» дзіця, то з мужам былі шчаслівыя.

«Адзіныя, хто перажываў за позняе дзіця, дык гэта былі мае бацькі. Ім было цяжка прыняць, што гэта нармальна. З іх боку адчувалася неразуменне», — прызнаецца яна.

Юлія не лічыць сябе позняй мамай.

«Пенсійны ўзрост цяпер ссунуўся. Працягласць жыцця павялічылася. Цяпер людзі працуюць, адпачываюць і адчуваюць сябе маладымі і да 70-ці. І жывуць нармальна. Мы ж жывём і думаем, што ўсё паспеем», — разважае суразмоўніца.

Юлія кажа, што бацькі, у якіх дзеці раннія, ставяцца да яе з павагаю і нават з добрай зайздрасцю.

«Кажуць, якая ты шчаслівая, што ў цябе такое маленькае дзіця. А я нарадзіла ў 18 і як бы хацела, каб і ў мяне было такое ж дзіця ў 30. На тое адказваю: давайце, працуйце над гэтым», — гаворыць Юлія.

«Прыгледзіць на старасці»

У Алены розніца між першым і «познім» сынамі 20 гадоў. Старэйшы ставіцца да малодшага як дзядзька, з аўтарытэтам.

«Малодшы сын ведае, што ён маленькі, што ў яго ёсць брат, які дапаможа. Таксама мама і тата. Можа, таму ён больш рашучы, а дзе і больш сціплы», — заўважае яна.

Алена лічыць, у сталым узросце выхаванне дзіцяці больш прадуманае, бо ёсць досвед.

«Муж лічыць, што малодшаму сыну надаём больш увагі. Сваім першынцам столькі яе не надаваў, бо быў заняты, — адзначае Алена. — У мяне ж засталіся амаль нязменныя падыходы да выхавання».

Святлана не мае мудрагелістых метадаў выхавання.

«Мы стараемся даць яму ўсё, што можам. У яго ёсць тэлефон, камп'ютар, ходзіць на футбол. Паслухмяны. Можа, пестуем яго, але, як іначай, калі ў іншых усё ёсць. Нас ён любіць, шануе. На старасці прыгледзіць», — папросту расказвае пра адносіны з «познім» сынам Святлана.

А што кажа статыстыка

Як сцвярджае Белстат, за 11 гадоў сярэдні ўзрост жанчын, якія нарадзілі першы раз, вырас на два гады. У 2010-м ён быў 24,9 года, а ў 2021-м — 26,9.

За тыя ж 11 гадоў сярэдні ўзрост парадзіх наблізіўся да 30-гадовай адзнакі.

Сярэдні ўзрост парадзіх. Інфаграфіка: belstat.gov.by

Сярэдні ўзрост парадзіх. Інфаграфіка: belstat.gov.by

Даўнішняе паняцце «старародная» знікае з медычнага лексікону.

Цяпер такі дыягназ ужо не выстаўляецца, бо кожная жанчына мае права рэалізоўваць свой рэпрадукцыйны патэнцыял. Сістэма ж аховы здароўя павінна гэтаму спрыяць.

Лічыцца, што ідэальны рэпрадуктыўны ўзрост — да 35 гадоў.

Глядзіце таксама:

«Я павінна рабіць гэта бясплатна? Не, адназначна». Сурагатная маці пра жыццё, хэйт і стэрэатыпы

У колькі нараджаць першынца і навошта замарожваць пупавінную кроў — раіць гінеколаг

«Калі б ведала, якім будзе 2020 год, не цяжарала б». Як беларускі нараджалі падчас пандэміі?

Клас
38
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
12

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?