Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

38-гадовы Сяргей Плескі, вайсковы камісар Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў, загінуў у выніку бойкі ў асіповіцкім рэстаране «Пралеска» летам 2021-га. 

Плескі адпачываў у рэстаране, дзе ў яго ўзнік канфлікт з 25-гадовым супрацоўнікам органаў унутраных спраў.

Міліцыянт нанёс апаненту ўдар, які прывёў да смерці на месцы здарэння. Пазней высветлілася, што гэта быў супрацоўнік АМАП. 

Сварка, маўляў, здарылася праз дзяўчат. 

Чытайце таксама: Пасля бойкі з міліцыянерам памёр вайсковы камісар Рэчыцы. Што вядома на гэты момант?

Як стала вядома цяпер, затрыманы тады амапавец атрымаў 10 гадоў калоніі па арт. 147 ч. 3 КК РБ. Свой тэрмін ён адбывае ў «Віцьбе» — у Віцебскай калоніі. 

Вось што пра яго расказалі тыя, хто з ім перасякаўся. 

«Малады зусім хлопец, няма дакладна 30. Служыў у мінскім АМАПе, а сам родам з Асіповіч, дзе і адбыўся інцыдэнт. 

Гэта невысокі чалавек, каранасты. Але пасля СІЗА ён быў вельмі асцярожны, ні з кім не канфліктаваў, я так зразумеў, што ў СІЗА з яго збілі ўвесь гонар гэты амапаўскі, што «мне ўсё дазволена». Спусцілі на зямлю. Пра палітычныя падзеі казаў, маўляў, у 2020-м не працаваў у АМАП, а служыў у нейкім спецназе не ў сталіцы і ўдзелу ў разгонах не прымаў. Але асцярожна ўсё ж калег спрабаваў апраўдваць, але глыбока ў палітычныя размовы не лез. На работы выходзіць з палітычнымі, працуе, нармальна», — расказаў нам суразмоўца. 

«Асаблівых інтарэсаў па жыцці ў яго не было, як я зразумеў. Ён толькі вось вельмі ганарыўся, што ў свае гады ён «зарабіў сабе на кватэру». Калі з ім здарылася тое, што здарылася, ён акурат афармляў ільготную кватэру, свежую, у Мінску. Ужо дакументы былі ўсе падпісаныя, вырашана ўсё, чакаў толькі пераезду. Ну і мы смяяліся з яго», — дадаў наш суразмоўца. 

Клас
15
Панылы сорам
64
Ха-ха
34
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
34