Пратэсты ў прыгарадзе Парыжа Нантэры, 30 чэрвеня 2023 года. Фота: AP Photo / Aurelien Morissard

Пратэсты ў прыгарадзе Парыжа Нантэры, 30 чэрвеня 2023 года. Фота: AP Photo / Aurelien Morissard

Беспарадкі ў Францыі пачаліся пасля таго, як 27 чэрвеня паліцэйскія застрэлілі 17-гадовага юнака. Па афіцыйнай версіі, ён ехаў на аўто і не спыніўся па патрабаванні паліцыі. Паліцыянты таксама казалі, што хлопец спрабаваў наехаць на іх, але відэа гэта абвергла. Паліцыянта, які страляў, затрымалі.

Многія лічаць, што калі б хлопец не быў паўночнаафрыканскага паходжання (ён пры гэтым меў французскае грамадзянства), то страляць бы не сталі.

За гэтыя дні пратэсту, па падліках Associated Press, было затрымана 3,3 тысячы чалавек. Міністр унутраных спраў Джэральд Дарманін заявіў, што сярэдні ўзрост арыштаваных склаў 17 гадоў, а некаторым было ўсяго 12 гадоў, калі яны ладзілі пажары. Каля 60% арыштаваных раней не мелі сутыкненняў з паліцыяй, як піша Bloomberg.

Беспарадкі прайшлі ў Парыжы, Марселі, Тулузе. Пратэстоўцы паляць машыны, рабуюць дамы і крамы. Шкода можа скласці некалькі сотняў мільёнаў еўра. Модны дом Celine адмяніў паказ мужчынскай калекцыі, які планаваўся 2 ліпеня ў Парыжы.

Пашкоджаная спартыўная крама ў Парыжы, 30 чэрвеня 2023 года. Фота: AP Photo / Michel Euler

Пашкоджаная спартыўная крама ў Парыжы, 30 чэрвеня 2023 года. Фота: AP Photo / Michel Euler

У камуне Ляй-ле-Руз (прыгарад Парыжа) дом мэра пратараніў аўтамабіль, яго жонка і адно з маленькіх дзяцей былі параненыя.

Каб справіцца з беспарадкамі, улады Францыі мабілізавалі 45 тысяч супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Беларуская гімнастка Меліціна Станюта, якая цяпер жыве ў Парыжы, бачыла гэта на свае вочы і падзялілася разважаннямі.

«Свабода аднаго заканчваецца, калі пачынаецца свабода іншага».

Мне гэта абсалютна падабаецца. Пратэсты, дэманстрацыя свайго меркавання вітаюцца, але, на мой погляд, гэта павінна быць лагічна і без вялікіх разбурэнняў, як было раней.

Змагаючыся за тое, каб вас пачулі, будзьце ўпэўненыя, што вы звяртаецеся да патрэбных вушэй.

Я маю на ўвазе, калі вы абражаныя дзеяннямі супрацоўніка паліцыі — ідзіце ў паліцэйскі ўчастак, навошта вы спальваеце прыватную ўласнасць і прымушаеце людзей, якія, верагодна, знаходзяцца на тым жа баку, што і вы, турбавацца і адчуваць стрэс.

Паверце мне, так як я беларуска, пратэсты могуць быць рознымі. Pov 2020, — напісала спартоўка ў інстаграме па-англійску і дадала па-беларуску:

— Ведаеце, тэкст на мове будзе сцiплы, бо вы i так разумееце, што / як / дзе / чаму можна выказаць сваю думку. Кропка, бо я ведаю, што мы на адной хвалi».

Гэтыя пратэсты параўноўваюць з рэакцыяй у Амерыцы на забойства афраамерыканца Джорджа Флойда ў 2020 годзе. Кадр, як паліцэйскі прыціснуў яго шыю каленам да асфальту, разляцеўся ў медыя.

Клас
49
Панылы сорам
8
Ха-ха
11
Ого
9
Сумна
8
Абуральна
5