Стужка «Возера радасці» знятая паводле аднайменнага рамана вядомага беларускага пісьменніка Віктара Марціновіча. Раман выйшаў якраз тады, калі рэжысёр пачаў працаваць над сцэнарыем да фільма. У той жа час сябар рэжысёра падарыў яму кнігу «Возера радасці». Па словах Аляксея Палуяна, ён адразу напісаў Віктару Марціновічу і папрасіў дазволу на экранізацыю, але з агаворкай, што гэта будзе свабодная адаптацыя. Пісьменнік пагадзіўся.

Сама стужка — пра дзевяцігадовую дзяўчынку па імені Яся, якая перажывае смерць маці, а бацька адпраўляе яе ў інтэрнат. Але аднойчы Яся збягае, каб вярнуцца дадому.

Апроч рамана, за аснову фільма рэжысёр узяў персанальную сямейную гісторыю: бацька рэжысёра таксама, як і гераіня Яся, выхоўваўся ў інтэрнаце, куды ягоны бацька аддаў яго пасля смерці маці.

Галоўную ролю ў карціне выканала Настасся Пляц, выхаванка школы-інтэрната ў Магілёве. У пошуках гераіні Аляксей Палуян з камандай аб’ездзілі не адзін інтэрнат і знайшлі дзяўчынку акурат у апошнім месцы з тых, дзе праводзілі кастынгі.

Настасся Пляц. Выканаўца галоўнай ролі ў карціне «Возера радасці». Кадр з фільма

Настасся Пляц. Выканаўца галоўнай ролі ў карціне «Возера радасці». Кадр з фільма

Рэжысёр «Возера радасці» не раз падкрэсліваў, наколькі гэты фільм асаблівы для яго:

«Я жадаў расказаць драму пра моцнага чалавека, які ў дзевяць гадоў адважваецца будаваць свой шлях самастойна. Таму для мяне было важна, каб галоўную ролю выканала дзіця з інтэрната. Мне пашчасціла сустрэць Насцю Пляц у магілёўскім інтэрнаце. Яна паверыла мне і прыадкрыла часцінку свайго глыбокага свету».

На кастынгу для масоўкі ў Астроўскай школе знайшлі выканаўцу ролі Антося, Ясінага сябра ў інтэрнаце, — Аляксандра Прымшыца. Таксама з Астроўскай школы Паліна Кудзіна, якая прафесійна справілася з роляй Паліны, Ясінай сяброўкі. У адным з інтэрв’ю рэжысёр Аляксей Палуян адзначае важнае назіранне пра працу дзяцей-акцёраў у фільме «Возера радасці»:

«У ім граюць дзеці, якія робяць гэта па-даросламу».

Ролі астатніх персанажаў выконваюць вядомыя ў Беларусі акцёры: Ігар Сігаў, Святлана Анікей, Алесь Малчанаў, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Таццяна Мархель і Дзяніс Тарасенка. А ў адным з эпізодаў нават зняўся беларускі пісьменнік Віктар Марціновіч, чый раман закладзены ў аснову сюжэта фільма.

«Возера радасці» — фільм, зняты ў супрацы Беларусі, Германіі і Іспаніі. І тэхнічная частка каманды была сапраўды інтэрнацыянальнай. Акрамя беларусаў, над фільмам працавалі кінематаграфісты з Германіі, Ірана, Грузіі, Украіны, Шатландыі і Балгарыі.

Кадр з фільма «Возера радасці»

Кадр з фільма «Возера радасці»

Стужку здымалі на працягу кастрычніка 2017 года ў чатырох беларускіх вёсках Ляхавіцкага раёна: Востраў, Альхаўцы, Ліпск і Любейкі.

Гэта цалкам беларускамоўны фільм. З 2010 года Аляксей Палуян размаўляе толькі на беларускай мове, таму для яго не стаяла пытанне, на якой мове будуць размаўляць героі стужкі.

У фільме гучыць музыка беларускага калектыву Vuraj, які эксперыментуе з беларускім фальклорам і злучае яго з элементамі розных стыляў сучаснай музыкі. Самі музыкі таксама з’яўляюцца ў адной са сцэн «Возера радасці».

Прэм’ера фільма адбылася ў 2018 годзе на французскім фестывалі кароткага кіно ў Клермон-Феране, які лічыцца найбуйнейшым фэстам для кароткаметражных фільмаў у свеце.

Прагляд фільма «Возера радасці» з замежжа даступны за 5 даляраў. Доступ да фільма захоўваецца 30 дзён з моманту першага прагляду, а глядзець яго можна любую колькасць разоў. Гледачы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, могуць глядзець бясплатна ўвесь рэпертуар медыятэкі Vodblisk у 2023 годзе.

Чытайце таксама:

Фільм «II» рэжысёркі Улады Сяньковай можна паглядзець у анлайн-кінатэатры беларускага кіно Vodblisk

1 мая на платформе Vodblisk з'явяцца фільмы Дар'і Жук

З 1 красавіка ў анлайн-кінатэатры беларускага кіно Vodblisk з'явіцца новы фільм

З сакавіка запрацуе анлайн-кінатэатр беларускага кіно

Клас
10
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0