Інфармацыя пра тое, што ў Беларусі могуць размясціць тысячы расійскіх баевікоў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер» з'явілася адразу пасля вайсковага мяцяжу ў Расіі 25 чэрвеня. Паводле дамоўленасцяў паміж Крамлём, лідарам мяцежнікаў Яўгенам Прыгожыным і Аляксандрам Лукашэнкам, як мінімум частка баевікоў можа «па ўласным жаданні» размясціцца на тэрыторыі Беларусі.

Паводле мясцовых жыхароў, рамонтна-будаўнічыя работы на тэрыторыі былой вайсковай часці ў вёсцы Цэль (90 км ад Мінска і 20 км ад Асіповічаў) пачаліся ў чэрвені. Яшчэ 17 чэрвеня 2023 года слядоў разгортвання лагера тут не было, не відаць лагера і на спадарожнікавым фота за 24 чэрвеня. А вось на здымках за 27 чэрвеня ўжо можна разгледзець меркаваныя палявыя намёты і прыкметы будаўніцтва — раскапаныя катлаваны і новыя аб’екты.

Больш за 300 палявых намётаў

30 чэрвеня «Свабодзе» сталі даступныя свежыя спадарожнікавыя выявы больш высокай якасці. На іх пабудаваныя ля Цэлі аб’екты можна разгледзець дэталёва.

Агульны выгляд вайсковай часці і намётавага лагера ў вёсцы Цэль. 30 чэрвеня 2023 года

Агульны выгляд вайсковай часці і намётавага лагера ў вёсцы Цэль. 30 чэрвеня 2023 года

На фота бачныя дзясяткі аб’ектаў прастакутнай формы, якія нагадваюць палявыя намёты для размяшчэння людзей. Яны знаходзяцца на пляцоўках паміж старымі будынкамі вайсковай часці. Пры гэтым вайсковай тэхнікі на здымках не заўважаецца.

Выгляд паўночнай часткі палявога лагера ў вёсцы Цэль. 30 чэрвеня 2023 года

Выгляд паўночнай часткі палявога лагера ў вёсцы Цэль. 30 чэрвеня 2023 года

Плошча паўночнай часткі лагера сувымерная двум футбольным палям (270 на 120 метраў), на ёй размешчаныя прынамсі 143 вялікія (12 на 8 метраў кожны) намёты і некалькі меншых.

Выгляд цэнтральнай і ўсходняй частак палявога лагера ў вёсцы Цэль. 30 чэрвеня 2023 года

Выгляд цэнтральнай і ўсходняй частак палявога лагера ў вёсцы Цэль. 30 чэрвеня 2023 года

Памер цэнтральнай і ўсходняй частак абсталяванага лагера — 180 на 100 метраў кожная. На іх сумарна можна налічыць 150 вялікіх намётаў (12 на 8 метраў кожны).

Выгляд заходняй часткі палявога лагера ў вёсцы Цэль. 30 чэрвеня 2023 года

Выгляд заходняй часткі палявога лагера ў вёсцы Цэль. 30 чэрвеня 2023 года

У заходняй частцы плошчай каля 115 на 55 метраў размешчаныя каля 10 вялікіх намётаў (12 на 8 метраў кожны).

Агулам тут можна налічыць прынамсі 303 намёты, якія з'явіліся на тэрыторыі былой вайсковай часці ў вёсцы Цэль пасля 24 чэрвеня.

Намёты на спадарожнікавых выявах ля вёскі Цэль ідэнтычныя тым, што раней заўважаліся на фота вайсковых палігонаў, дзе праходзяць падрыхтоўку расійскія вайскоўцы перад адпраўкай на тэрыторыю Украіны. Паводле інфармацыі кампаніі-вытворцы, кожны такі намёт можа змясціць ад 20 да 50 чалавек.

Згадак пра новы аб’ект на тэрыторыі былой вайсковай часці ў Цэлі ў афіцыйных крыніцах у адкрытым доступе няма, яго прызначэнне застаецца незразумелым.

Аднак сваімі памерамі палявы лагер у Цэлі перавышае іншыя вядомыя вайскова-палявыя лагеры ў Беларусі, дзе рыхтуюць да вайны з Украінай мабілізаваных расійскіх салдат. Больш як 300 палявых намётаў могуць змясціць, паводле падлікаў «Свабоды», каля 15 тысяч вайскоўцаў.

Натуральна, узнікаюць падазрэнні, што гэты лагер рыхтуецца да размяшчэння ў Беларусі наймітаў з ПВК «Вагнер».

Чытайце таксама:

«Рыхтуемся да найгоршага». У Асіповіцкім раёне невядома для каго рамантуюць кінуты вайсковы гарадок

«Я думаю, іх і не будзе ніколі». Лукашэнка запярэчыў, што ў Беларусі плануюць ствараць лагеры «вагнераўцаў» і пункты для іх набору

«Лукашэнка можа стаць міратворцам на сваю галаву, бо Пуцін помслівы». Аналітык — пра вынікі мяцяжу і Прыгожына ў Беларусі

Клас
7
Панылы сорам
7
Ха-ха
3
Ого
6
Сумна
4
Абуральна
66