Трагедыя здарылася некалькі дзён таму. На тэрыторыі Беларусі ў Дняпры пры нявысветленых абставінах патануў чалавек. Плынню ракі ягонае цела аднесла ва Украіну, як мяркуе суразмоўца «Свабоды» ў Чарнігаве. Там яго знайшлі 27 чэрвеня.

«Чарнігаўскія памежнікі дасталі з Дняпра цела беларуса. Ён, як мяркуецца, патануў каля беларускага гарадскога пасёлка Лоеў. Рэч у тым, што мяжа паміж Украінай і Беларуссю праходзіць там па фарватары Дняпра. Так з плынню цела мужчыны апынулася на ўкраінскай тэрыторыі», — гаворыць крыніца.

Па словах украінскага суразмоўцы, загінулы грамадзянін Беларусі жыў у Лоеве і працаваў там на пароме, які штодзень перавозіць людзей і тэхніку з правага берага Дняпра на левы. Паром ходзіць па маршруце Лоеў — Абакумы.

У паліцыі Чарнігаўскай вобласці прызнаюць, што ў моргу абласнога цэнтра сапраўды ёсць цела мужчыны, якога дасталі з ракі, аднак ягонага грамадзянства не называюць.

«У нас у Чарнігаўскай вобласці ёсць факт выяўлення цела ў рацэ. Але асоба загінулага не вызначаная. Пэўны час цела можа быць у моргу. На гэты момант цела чалавека праходзіць як неапазнанае», — патлумачыла ў размове са «Свабодай» прэсавая афіцэрка паліцыі Чарнігаўскай вобласці Наталля Слабеняк.

Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну памежныя пераходы з Беларуссю спынілі працу, мяжа з украінскага боку замінаваная. Магчымы варыянт вярнуць цела загінулага з Украіны ў Беларусь — зрабіць гэта праз Польшчу.

Чытайце таксама:

У Касцюковічах патануў мужчына, які паплыў за надзіманым кругам дачкі. Людзі крычалі, каб не плыў

У Магілёве дзеці каталіся на плыце — дзевяцігадовы хлопчык патануў

Пад Віцебскам хлопец хацеў папужаць сяброў, прыкінуўшыся, што топіцца. У выніку патануў сапраўды

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
7
Абуральна
2