Павел Падабед. Фота: БАЖ

Павел Падабед. Фота: БАЖ

Першапачаткова пасяджэнне 30 чэрвеня было запланавана на 15.00, пра што напярэдадні і сведчыла інфармацыя ў раскладзе на сайце Вярхоўнага суда. Аднак раптам час пасунулі на 10-ю раніцы — яўная прыкмета, што здаць справу ў архіў вырашылі да доўгіх выходных.

Так і атрымалася: у першай палове прадстаўнік дзяржабвінавачання на падставе ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса прапанаваў пакараць журналіста 4 гадамі папраўчай калоніі, а па абедзе суддзя Яўген Пісарэвіч прыняў прапанову без пярэчанняў. Сваякі і сам фігурант лічаць вырак празмерна строгім і не адпаведным інкрымінаваным «злачынствам».

Яшчэ раней Павел Падабед у лістах на волю пісаў, што ў выпадку неспрыяльнага для сябе рашэння будзе падаваць апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі, як піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Падчас першага пасяджэння стала вядома, што Паўлу Падабеду інкрымінуецца супраца з тэлеканалам «Белсат» і, як вынік, «удзел у экстрэмісцкім фармаванні». У якасці персанальнай датычнасці дэманстраваліся відэасюжэты «пратэснага кантэнту», у тым ліку прысвечаныя знікламу відэааператару Дзмітрыю Завадскаму і забітаму журналісту Паўлу Шарамету. Хоць прозвішча фігуранта ў цітрах не значылася, паводле «ўскосных прыкмет» было агучана падазрэнне ў яго непасрэднай датычнасці да здымкаў.

Акрамя таго, у ходзе працэсу стала зразумела, што тэлефон Паўла Падабеда праслухоўваўся, гэтаксама сілавікі мелі доступ да ягонага ліставання ў месенджарах.

Таксама журналіста абвінавацілі ў «карыслівых матывах» ад журналісцкай дзейнасці і атрыманні фінансавай выгады — падставай стала наяўнасць карткі замежнага банка. Не выключана, што на гэтай падставе падчас вынясення прысуду яму дадаткова выпішуць штраф за патэнцыйна нясплочаныя падаткі ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
7