Indiana Jones and the Dial of Destiny

Харысан Форд у ролі Індыяна Джонса. Фота: Disney

На экраны выйшла пятая і, калі ўзяць пад увагу ўзрост Індзі і Харысана Форда, — апошняя частка кінааповеду пра Індыяна Джонса — археолага, які штораз увязваецца ў вар'яцкія прыгоды, у працэсе якіх выратоўвае свет. Самая першая карціна выйшла на экраны яшчэ ў 1981 годзе, перадапошняя — у 2008-м.

Фанатам «Індыяны» версія 2008-га спадабалася, а вось крытыкі ўручылі ёй «Залатую маліну» — можа быць, гэта стала адной з прычын, чаму ў апошняй частцы рэжысёр Стывен Спілберг вырашыў саступіць месца іншаму рэжысёру — і гэтым іншым рэжысёрам стаў Джэймс Мэнгалд.

Галоўны сюжэт такі ж, як і ў папярэдніх частках, дзе шукалі то святы Грааль, то страчаны каўчэг, то хрустальны чэрап. У цэнтры — пошук каштоўнай старажытнай рэліквіі, якая, як мяркуецца, валодае магічнай сілай, што можа стаць небяспечнай у чужых руках.

Аб'ект увагі герояў — Антыкітэрскі механізм — механізм-цыферблат, які вынайшаў і зрабіў геніяльны грэцкі матэматык Архімед. Ёсць здагадка, што Антыкітэрскі механізм мог дазваляць яго ўладальніку падарожнічаць у часе.

Асноўнае дзеянне разгортваецца ў 1969 годзе, калі ідзе касмічная гонка паміж ЗША і СССР. Пажылы Індыяна Джонс збіраецца на пенсію, але яму не дае спакою думка, што амерыканскі ўрад дзеля першынства вярбуе былых нацыстаў. Пры гэтым адзін з іх — Юрген Волер (яго сыграў «заслужаны экранны злыдзень» Мадс Мікельсэн), цяпер член НАСА і ўдзельнік праграмы высадкі на Месяц, — хоча займець Антыкітэрскі механізм, які можа змяніць ход часу.

У Індыяна Джонса і Волера, вельмі розных на першы погляд, ёсць штосьці агульнае — яны абодва захраслі ў мінулым, і гэта не метафара, бо іх змаганне за Антыкітэрскі механізм разгортваецца не толькі ў 1969-м, але і ў 1939-м годзе.

Са старажытнасці Антыкітэрскі механізм падзелены на дзве часткі. Адна палова становіцца аб'ектам спрэчкі паміж Волерам і Індзі ў 1939-м, калі фюрар хоча завалодаць механізмам, каб выкарыстаць яго патэнцыял для сваіх мэт. Другая палова цыферблата, магчыма, пахаваная недзе разам з Архімедам. У 1969-м Волер хоча знайсці абедзве часткі, вярнуцца ў час вайны і выправіць усё такім чынам, каб нацысты перамаглі.

Індыяна Джонс, вядома, хоча пабачыць артэфакт у музеі і вырашае выратаваць свет ад магчымай пагрозы. У новай прыгодзе археолага суправаджае яго хросная дачка Хелена (яе грае Фібі Уолер-Брыдж, вядомая па серыяле «Дрэнь»).

Хелена займаецца продажам рэліквій, і яна не вельмі мілая, але дасціпная. Таксама яна можа нанесці цвёрды ўдар, маніякальна кіраваць аўтамабілем і сесці ў самалёт, які ўжо рухаецца. Яна «прыемна кепская»; і гісторыю ўжо немаладога Джонса прысутнасць Хелены істотна асвяжае.

Indiana Jones and the Dial of Destiny

Фібі Уолер-Брыдж і Харысан Форд у фільме «Індыяна Джонс і Цыферблат лёсу». Фота: Jonathan Olley / Lucasfilm Ltd.

Фільм адметны і тым, што ў ім Харысан Форд зноў паўстае маладым. Аўтары фільма з дапамогай тэхналогіі de-aging «сагналі» некалькі дзясяткаў гадоў з твару акцёра: на ім адзначылі мноства пунктаў для адсочвання мімікі, а затым сучасныя кадры камбінавалі з архіўнымі. У астатнім аўтары карціны імкнуліся мінімізаваць выкарыстанне камп’ютарнай графікі, каб захаваць арыгінальны дух фільма.

Рэжысёр Джэймс Мэнгалд адзначыў, што ён спрабаваў стварыць тое, што звычайна малюе ўяўленне, калі гавораць аб фільмах пра Індыяна Джонса, а менавіта — хуліганства, цудоўныя прыгоды з экшнам і рыцарствам, выслізгванне з-пад носа і геніяльнае рашэнне д'ябальскіх праблем.

Але сэрца такіх фільмаў — гэта зусім не экшн, а абнадзейлівая настальгія, як мяркуе кінааглядальніца Стэфані Банберы. «Проста пачуўшы партытуру Джона Уільямса, кожны чалавек пэўнага веку адчувае, што на нейкае імгненне ўсё ў свеце ў парадку», — піша яна ў сваім аглядзе для Deadline.

Вы можаце не ведаць, што такое александрыйскія матэматычныя коды, і не разумець, ці ёсць расколіна ў часе з'явай, хоць колькі набліжанай да рэальнасці. Гэта не мае значэння. Усё, што мае значэнне, — вясёлае, забаўляльнае, натхняльнае і душэўнае падарожжа па завулках памяці, напоўненае дзеяннямі і сюрпрызамі, падчас якога можна зноў адчуць сябе дзевяцігадовымі.

Больш пра кіно:

Педра Паскаль выпадкова праспойлерыў таксісту сюжэт «Цуда-жанчыны: 1984»

«Элементаль»: новая дзіцячая анімацыя Pixar — пра каханне агню і вады, а таксама жыццё імігрантаў

«Чалавек-павук: Павуцінне сусветаў»: працяг паспяховага мультфільма яшчэ больш віртуозны, але без лёгкасці

Дзевяць галоўных кінастужак гэтага лета

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
0