Фота: thatsoccerplayer7 / Instagram

Фота: thatsoccerplayer7 / Instagram

Патрысіі 25 гадоў. Дзяўчына гуляе ў футбол з чатырох гадоў, за гэты час яна паспела выступіць за клубы ЗША, Мальты, Турцыі і Іспаніі. 

У Беларусь канадка перабралася ў сакавіку гэтага года пасля выступу за каманду Femarguin з другога іспанскага дывізіёна. Паводле прэс-службы «Мінска», для клуба заакіянская красуня аказалася «трансфернай бомбай».

За тры месяцы ў мінскай камандзе Патрысія забіла дзесяць галоў, чатыры з іх — у гульні з клубам «Бабруйчанка», якая скончылася разгромнымі 13:0 на карысць мінчанак. Цікава, што пасля матча футбалістка, якая ўвогуле выйшла на поле толькі ў пачатку другога тайма, расказала, што перад гэтай прадуктыўнай гульнёй не па сваёй волі яна нічога не ела: «Мне не давалі ежу ў той дзень. Мне прыйшлося знаходзіць свае ўнутраныя рэзервы, каб гуляць на высокім узроўні. Нейкім чынам я змагла ў думках задзейнічаць вышэйшую фізічную сілу. Я малілася пра яе і ледзь не страціла прытомнасць».

Ад звычайных дзяўчат з беларускай жаночай лігі Патрысія адрозніваецца не толькі прывабным паслужным спісам, але і неардынарнай сацыяльнай актыўнасцю. Ламана мае больш за мільён падпісчыкаў у інстаграме, з якімі ўсе апошнія месяцы яна дзялілася дэталямі пра свой побыт у Беларусі.

Адразу пасля пераходу ў «Мінск» дзяўчына размясціла ў апісанні профілю чырвона-зялёны сцяг і тэкст «Belarus, Russia». Магчыма, дзяўчына не ведала, што Беларусь — незалежная краіна, але пасля тлумачальнага паведамлення (дарэчы, ад дырэктара Моладзевага хаба ў Польшчы Аляксандра Лапко) Патрысія выправіла памылку.

Яшчэ Патрысія расказала падпісантам, якую спартовую мянушку яна атрымала ў «Мінску» — гэта ласкава-жартаўлівае Карчуля.

Жыццё ў Беларусі наводзіла Патрысію на філасофскія развагі, якія не так часта пачуеш ад спартсменак. Вось што яна пісала: «Я кожны дзень раблю тое, што люблю, і працягваю цаніць тых, хто прыходзіць у маё жыццё як дзеля добрага, так і дзеля дрэннага. Я пачала замяняць пытанне «Чаму гэта адбываецца са мной?» на пытанне «Чаму гэта спрабуе мяне навучыць?» Цяпер жыццё выглядае зусім інакш, і я з такім захапленнем гляджу ў невядомасць будучыні. Я не баюся, не шкадую і не сумняваюся. Я кінула ўсё, каб рабіць тое, што я раблю, і я прайшла праз абсалютнае пекла. Але пекла нагадала мне заставацца моцнай, добрай, любячай і сціплай».

Хаця часцей Патрысія суправаджала фота з поля менш глыбокімі цытатамі накшталт «Калі я памру, пахавайце мяне ў маёй цішотцы, я проста магу вярнуцца» ці «Алё, 911? Я адпальваю». Дзяўчына не абыходзіцца і без таго, каб апублікаваць трохі адкрытых фота.

За час у Беларусі Патрысія паспела трапіць на экскурсію на Мінскі трактарны завод, і, гледзячы на яе водгук у інстаграме, ёй спадабалася: «Які незабыўны досвед. Разглядаю гэта як магчымасць даведацца, як быў зроблены першы ламбарджыні». Неверагодна кампліментарны водгук да візіту на МТЗ.

Абаяльная канадка цёпла адгукалася пра сям'ю беларусаў, з якімі пасябравала за гэты час: маўляў, яе засмучвае думка, што ёй давядзецца іх пакінуць, але яна абавязкова будзе насіць іх у сваім сэрцы. 

Патрысія абвясціла пра свой адыход з клуба ў ноч перад апошняй гульнёй у складзе «Мінска» — гэта матч з «Зоркай-БДУ», які пачаўся 28 чэрвеня а 17-й гадзіне. Яна кранальна падзякавала заўзятарам: «Я люблю вас. Без усіх вас гэта не было б таго вартае. Гэта было вялікае задавальненне, і я спадзяюся, што змагла натхніць хаця б некаторых з вас працягваць любіць футбол, нягледзячы ні на што».

Патрысія збіралася правесці ў «Мінску» не тры месяцы, а год — дзяўчына пісала пра гэта ў адпаведным пасце, прысвечаным падпісанню кантракта з клубам (цяпер, дарэчы, яго чамусьці не знайсці). Канадка была дужа натхнёнай, сцвярджала, што будзе «развівацца і вучыцца ў некаторых з найлепшых футбалістаў». Што ж магло пайсці не так?

Магчыма, Ламану не задаволілі ўмовы гульні ў Беларусі. Як стала вядома «Трыбуне», у Беларусі Патрысіі прыйшлося няпроста. Спачатку дзяўчына жыла на базе клуба, але потым яе папрасілі шукаць сабе здымную кватэру, прычым рабіць гэта за ўласныя грошы. Банкаўскія карткі Ламаны ў Беларусі не працавалі, ды і заробак 900 рублёў дзяўчыне плацілі не цалкам, але яна ўсё ж такі знайшла выйсце.

Цяпер у акаўнце Патрысіі замест чырвона-зялёнага сцяжка з'явіўся польскі, але назвы новага клуба там па-ранейшаму няма. Будзем спадзявацца, што гэтым разам дзяўчына ўсё ж такі знойдзе сабе каманду з належнымі ўмовамі. Або вернецца на радзіму і пачне працаваць крыміналісткай — менавіта такую адукацыю атрымлівала Патрысія.

«На матчы хадзіла 50 чалавек, а цяпер 4000». Як беларусы перарадзілі футбольную каманду на Кіпры і зрабілі яе чэмпіёнам і эканамічным поспехам

Штурхальніца ядра з Бельгіі ўзяла ўдзел у бегу з бар'ерамі, каб замяніць траўмаваных спартсменак. Відэа з ёю стала вірусным

Гродзенскі «Нёман» паедзе на матч у Ліхтэнштэйн, як у 90-я

Клас
15
Панылы сорам
20
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?