Молі і гаспадар сабакі Тобі Гіпс. Фота: Valerie Howes

Молі і гаспадар сабакі Тобі Гіпс. Фота: Valerie Howes

Пасля таго, як папярэдні мэр Таронта пакінуў сваю пасаду з-за пазашлюбнай сувязі, горад атрымаў новыя выбары. І выбіраць ёсць з каго: у спісе 102 кандыдаты. Уключаючы Молі, сабаку, як піша Бі-бі-сі.

Неардынарны і лозунг, пад якім напалову воўк, напалову хаскі Молі і гаспадар сабакі Тобі Гіпс ідуць на выбары. Яны заклікаюць «спыніць салянае бязмежжа» на дарогах горада зімой.

Аргумент, які вылучае Тобі Гіпс, таксама цікавы: ён сцвярджае, што соль на дарогах можа пашкодзіць далікатныя лапы звяроў, такіх як сабака Молі.

Акрамя клопату пра лапы, яго праграма прадугледжвае вырашэнне праблемы дарагоўлі жылля, падаткаабкладанне буйнога бізнэсу з мільярднымі даходамі і забарону на сістэмы ацяплення, што працуюць на выкапнёвым паліве ў новых дамах, як і самі новыя дамы — жылыя і камерцыйныя.

Калі Тобі Гіпс выйграе выбары, ён абяцае зрабіць Молі першым ганаровым сабачым мэрам.

«Мяркую, горад будзе прымаць найлепшыя рашэнні ў прысутнасці жывёлы ва ўпраўленні», — заявіў ён Бі-бі-сі.

Але акрамя прагі пераменаў, удзел у гэтых выбарах — гэта магчымасць, якую нельга прапусціць, як дадае Гіпс.

Чаму датэрміновыя выбары?

25 гадоў таму некалькі грамадаў аб'ядналіся ў мегагорад, з таго часу гэта першыя пазачарговыя выбары.

Іх абвясцілі пасля таго, як Джон Торы, які кіраваў Таронта апошнія восем гадоў, абвясціў пра адстаўку.

Калі спадар Торы прыйшоў у мэрыю ў 2014 годзе, яго віталі як годную замену праўленню Роба Форда, які фігураваў у загалоўках сусветных выданняў як мэр, які паліць какаінавы крэк проста на працоўным месцы.

Аднак як выявілася, у Джона Торы не было эфектыўнага бачання будучыні Таронта, як і рашэння праблемы маёмаснай няроўнасці ў адным з самых дарагіх гарадоў свету. Мясцовая прэса пісала пра яго як пра мэра, які рэдка дэманструе натхненне, затое часта — празмерную асцярожнасць.

Пазітыву не дадаў і кавідны крызіс. Пачасціліся выпадкі гвалту ў грамадскім транспарце, рост колькасці бяздомных і выпадкі ўзброенага гвалту на вуліцах горада дадавалі аргументаў супраць мэра Торы.

Нягледзячы на гэта, яго пераабіралі тры разы, апошні раз у кастрычніку 2022-га. Яго лічылі безальтэрнатыўным кандыдатам і на наступныя выбары.

Але за некалькі месяцаў усё змянілася. У лютым гэтага года Toronto Star апублікавала інфармацыю, што 68-гадовы жанаты мэр меў раман з 31-гадовай работніцай апарата мэрыі. І ўсё гэта падчас пандэміі кавіду.

Праз некалькі дзён пасля публікацыі мэр Таронта падаў у адстаўку.

Пасля гэтага ў горадзе абвясцілі датэрміновыя выбары. І, як кажа прафесар паліталогіі Універсітэта Таронта Нэльсан Уайзман, на гэты раз яны адрозніваюцца тым, што «ніхто не ведае, хто пераможа».

Цяжкі вялікі выбар

Каб стаць кандыдатам у мэры горада, трэба толькі выплаціць 250 канадскіх даляраў за рэгістрацыю і сабраць 25 подпісаў жыхароў Таронта.

У адрозненне ад іншых буйных гарадоў Паўночнай Амерыкі — Нью-Ёрка, Лос-Анджэлеса і Чыкага — кандыдаты не павінны быць сябрам якой-небудзь палітычнай партыі, таму працэс вылучэння і рэгістрацыі зведзены да мінімуму.

Гэта і дадае выбарам у Таронта пэўны дух авантурызму і гульні, «як у Лас-Вегасе».

Калі да гэтага дадаць традыцыйна нізкую яўку на мэрскіх выбарах у Таронта, відавочна, што для таго, каб быць паспяховым, кандыдату трэба як мінімум пазнавальнасць імя.

Фаварыткай выбараў лічыцца Алівія Чоу — палітычная апанентка былога мэра Джона Торы. Яна не пачатковец на дзяржаўнай службе, на якой працуе з 1992 года.

Але тое, колькі і якія ў яе канкурэнты — ад сабакі Молі да 18-гадовай выпускніцы школы, — паказвае, наколькі фрагментаваным стаў Таронта за гады стабільнага праўлення мэра Торы.

Таронта з насельніцтвам больш за тры мільёны чалавек, сярод якіх шмат мігрантаў і «новапрыбылых» у краіну, лічыцца адным з самых шматкультурных гарадоў у свеце. І, вядома ж, ва ўсіх жыхароў вельмі рознае бачанне таго, якой павінна быць будучыня гэтага горада.

Некаторыя могуць дазволіць сабе нерухомасць у цэнтры аднаго з самых дарагіх гарадоў свету, а некаторыя вымушаныя шукаць сужыцеляў, каб падзяліць плату за кватэру ў падвале. Ёсць тыя, хто павінен змагацца за месца ў грамадскім транспарце, каб дабрацца да працы. Іншыя спаборнічаюць за месца на аўтастрадзе з багатых прыгарадаў у цэнтр.

Цяперашняя сітуацыя з нашэсцем кандыдатаў на пасаду мэра — гэта мікракосм, які адлюстроўвае, што ёсць Таронта як горад.

І аглядальнікі, і самі кандыдаты лічаць, што больш за сотню кандыдатаў могуць быць як плюсам, так і мінусам гэтых выбараў.

З аднаго боку, такая колькасць кандыдатаў гарантуе, што будзе прыведзены і пачуты шырокі спектр поглядаў.

З іншага — гэта таксама азначае, што вырашаць, хто будзе наступным мэрам Таронта, можа зусім невялікая доля жыхароў горада.

Гэта можа быць якраз тая сітуацыя, калі «экстрэмальная меншасць» зробіць выбар за ўвесь горад.

Aravindhan Veeravagu

Aravindhan Veeravagu

Тобі Гіпс прызнае, што з такой канкурэнцыяй яму з Молі наўрад ці ўдасца атрымаць пасаду мэра Таронта. Але рашэнне балатавацца, як кажа ён, саспела ў яго пасля размовы з сямігадовым сынам.

«Я сказаў яму: «Здаецца, ёсць вялікія шанцы, што мы не пераможам. Як ты будзеш сябе адчуваць тады?» — расказвае ён.

«Я буду злы, засмучаны, але рады, што ты паспрабаваў», — адказаў сын кандыдата.

«Для мяне гэтага дастаткова», — кажа ён.

Клас
4
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0