Выява: vecteezy

Выява: vecteezy

Штучны інтэлект перавярнуў сітуацыю на працоўным рынку, бо прынёс з сабой страх і ў нейкіх сферах ужо масавыя звальненні. Новае даследаванне паказвае, што негатыўныя наступствы на гэтым не заканчваюцца. Група даследчыкаў вырашыла выявіць эмацыянальны ўплыў ШІ на псіхіку чалавека на працоўным месцы, знайшоўшы доказы, якія паказваюць на рызыку павышанай псіхічнай нестабільнасці.

Даследаванне, апублікаванае ў Journal of Applied Psychology, выкарыстоўвае прыклад таго, як «дагэтуль руцінныя дзеянні накшталт пошуку другога меркавання аб прапанаваным рашэнні для кліента зараз могуць быць выкананыя амаль імгненна (і больш дакладна) сістэмай ШІ». Такім чынам, як кажуць аўтары, больш частае ўзаемадзеянне са ШІ можа прывесці да мацнейшага пачуцця сацыяльнай аддаленасці ад калег, што, імаверна, павялічыць пачуццё адзіноты.

Для даследавання было праведзена ажно чатыры эксперыменты ў чатырох краінах: у ЗША, на Тайвані, у Інданезіі і ў Малайзіі. Супрацоўнікаў падзялілі на дзве групы і адной загадалі пазбягаць любога выкарыстання штучнага інтэлекту на працягу трох дзён, а другой — як мага часцей узаемадзейнічаць з ім. Прадстаўнікі другой групы ў Інданезіі і Малайзіі сутыкнуліся ў выніку з ростам пачуцця адзіноты і бессанню.

Эксперымент на Тайвані, які ахапіў 166 інжынераў біямедычнай кампаніі, паказаў павелічэнне спажывання алкаголю пасля працы ў другой групе (якая карысталася ШІ), аднак з такімі ж узроўнямі адзіноты і бессані, якія дэманстравала першая група.

Gizmodo пры гэтым заўважае, што ў выніках даследавання ёсць агаворка, што рэакцыя на выкарыстанне ШІ вагаецца ў залежнасці ад арганізацыі, што можа павялічыць узровень бессані, адзіноты і спажывання алкаголю. Тым не менш супрацоўнікі, якія выкарыстоўвалі ШІ, аказаліся больш успрымальнымі і больш карыснымі для сваіх калег, хоць у даследаванні адзначаецца, што гэта можа быць адказам на паведамленні аб росце адзіноты і на патрэбу ў сацыяльным узаемадзеянні.

Такім чынам, кампаніі павінны гарантаваць, што іх супрацоўнікі не ўзаемадзейнічаюць выключна і толькі са ШІ, як гаворыцца ў даследаванні, а ўключэнне ШІ ў рабочыя працэсы можа змяніць прыярытэты сацыяльнага ўзаемадзеяння на працоўным месцы. Даследчыкі папярэджваюць, што штодзённае ўзаемадзеянне са «штучным калегам» можа прывесці да павелічэння патрэбы ў сяброўстве, а таксама да пачуцця адзіноты.

Чытайце таксама:

Больш за ўсё ад развіцця штучнага інтэлекту пацярпяць работнікі разумовай працы — аналітыкі

Музыка, створаная штучным інтэлектам, здзівіць вас

У Германіі царкоўную службу ўпершыню правёў штучны інтэлект

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1