Фота: афіцыйны сайт OceanGate

Фота: афіцыйны сайт OceanGate

У раёне Паўночнай Атлантыкі ўжо тры дні ідуць пошукі батыскафа кампаніі OceanGate, якая пагружае турыстаў да «Тытаніка» за немалыя грошы. Сувязь з батыскафам абарвалася яшчэ ў нядзелю, і на гэты момант у экіпажа на борце засталося кіслароду роўна на суткі — гэта значыць, што людзі могуць памерці ўжо заўтра раніцай.

Да гэтай трагедыі прыкавана ўвага літаральна ўсяго свету, і многія сусветныя медыя (як, напрыклад, Sky News, Бі-бі-сі і іншыя) цяпер асвятляюць працэс пошуку батыскафа. Прыводзім асноўнае, што вядома на гэты момант.

Агульныя звесткі аб здарэнні

У нядзелю, 18 чэрвеня, раніцай даследчае судна кампаніі Ocean Gate пад назвай «Polar Prince» прыплыло да месца, дзе больш за стагоддзе таму затануў знакаміты «Тытанік». Затым судна выпусціла ў акіян батыскаф «Тытан» з экіпажам на борце, які адправіўся на глыбіню да затанулага лайнера.

Праз амаль дзве гадзіны пасля пачатку пагружэння батыскаф перастаў выходзіць на сувязь з суднам «Polar Price», а тое, у сваю чаргу, з невядомых прычын не стала адразу паведамляць у надзвычайныя службы аб здарэнні. У выніку першая публічная інфармацыя аб страце батыскафа з'явілася толькі праз восем гадзін пасля знікнення сігналу.

Затанулы акіянічны лайнер «Тытанік». Менавіта да яго нядаўна пагружаўся батыскаф «Тытан» з экіпажам на борце, з якім потым знікла сувязь і які дагэтуль шукаюць ратавальнікі з некалькіх краін. Фота: Getty Images

Затанулы акіянічны лайнер «Тытанік». Менавіта да яго нядаўна пагружаўся батыскаф «Тытан» з экіпажам на борце, з якім потым знікла сувязь і які дагэтуль шукаюць ратавальнікі з некалькіх краін. Фота: Getty Images

Кошт аднаго месца на батыскафе — 250 тысяч даляраў. Экіпаж батыскафа, які знік, складаецца з пяці чалавек, гэта

  • Стоктан Раш, кіраўнік амерыканскай кампаніі OceanGate, якой і належыць батыскаф «Тытан»;
  • Поль-Анры Наржале, вядомы французскі вадалаз і даследчык, які за свае шматразовыя пагружэнні да «Тытаніка» атрымаў мянушку «Містар Тытанік»;
  • Хэміш Хардынг, брытанскі мільярдэр і кіраўнік кампаніі Action Aviation, якая прадае бізнэсджэты;
  • Шахзада Давуд, член адной з найбагацейшых сем'яў Пакістана і адзін з галоўных папячыцеляў Інстытута SETI, які займаецца пошукам пазаземных цывілізацый;
  • Сулейман, сын Шахзада Давуда, які проста адправіўся з бацькам паглядзець на «Тытанік».

Па стане на гэты момант ва ўсіх людзей на борце батыскафа, які знік, застаюцца літаральна суткі на выратаванне, бо іх кісларод, па падліках аналітыкаў і прэсы, скончыцца раніцай у чацвер 22 чэрвеня (і гэта пры ўмове, што экіпаж не будзе панікаваць і расходаваць з-за гэтага больш кіслароду).

Па актуальнай інфармацыі, цяпер пошукамі людзей займаецца пяць караблёў Берагавой аховы ЗША і яшчэ чатыры судны ад Канады і Францыі знаходзяцца на шляху да месца здарэння. У выратавальнай аперацыі таксама бяруць удзел самалёты, падводныя лодкі і дроны.

Як паведамляюць ратавальнікі, у такіх экстрэмальна цёмных і халодных умовах будзе вельмі складана знайсці батыскаф. Пакуль што на радарах былі выяўлены нейкія «падводныя шумы і паляпванні», аднак іх крыніца так і не была знойдзена. 

Чытайце таксама:

У Магілёве дзеці каталіся на плыце — дзевяцігадовы хлопчык патануў

У абломках «Тытаніка» знайшлі каралі з зубам мегаладона — гіганцкай старажытнай акулы

Японія плануе пабудаваць цалкам аўтаномны плаваючы горад на 40 тысяч чалавек

Клас
4
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
5
Сумна
31
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?