Украінская бежанка ў Бруселі. Фота: Olivier Matthys / AP

Украінская бежанка ў Бруселі. Фота: Olivier Matthys / AP

Як паведамляе дабрачынная арганізацыя Tent Partnership for Refugees, на сустрэчы ў панядзелак у Парыжы 41 кампанія абвясціла, што дапаможа чвэрці мільёна бежанцаў, якія апынуліся ў Еўропе, найперш жанчынам з Украіны, знайсці працу або прайсці курсы і асвоіць новую прафесію, піша Бі-бі-сі.

Гасцінічныя сеткі Hilton і Marriott International і яшчэ некалькі кампаній паабяцалі прыняць на працу 13680 бежанцаў, найбуйнейшыя сусветныя агенцтвы па пошуку персаналу, у тым ліку Adecco, ManpowerGroup і Randstad абавязаліся дапамагчы знайсці працу 152 тысячам бежанцаў, а яшчэ адна група вялікіх фірмаў паабяцала навучыць новым прафесіях 86 тысяч бежанцаў.

Адзін толькі гігант інтэрнэт-гандлю Amazon абяцае ўзяць на працу ў свае аддзяленні ў Еўропе пяць тысяч чалавек, пры гэтым столькі ж бежанцаў фірма абавязалася прыняць на працу да канца 2024 года і ў сваёй краіне, ЗША.

У Еўропе ў аддзяленнях Amazon працуюць 200 тысяч чалавек; новыя работнікі будуць займацца ў асноўным выкананнем замоў на нізавым узроўні, але, як запэўніў віцэ-прэзідэнт кампаніі Джэй Афоры Агбока, здольныя людзі, якія павышаюць сваю кваліфікацыю, змогуць і рухацца наверх па кар'ернай лесвіцы.

Дабрачынная арганізацыя Tent Partnership for Refugees займаецца каардынацыяй дапамогі прыватных кампаній уцекачам.

Віцэ-старшыня Еўрапейскай камісіі Маргарыціс Схінас сказаў на сустрэчы ў Парыжы, што цяпер многія з мільёнаў уцекачоў, што апынуліся ў Еўропе, не могуць знайсці працу.

«І гэта, нягледзячы на наш хранічны недахоп кваліфікаванай працоўнай сілы, іх высокі ўзровень адукаванасці, жаданне зарабляць на жыццё і наяўнасць дазволаў на працаўладкаванне паводле дырэктывы ЕС аб часовай абароне», — дадаў чалец урада Еўрасаюза.

«Гэтая беспрэцэдэнтная дапамога з боку бізнэсу на ўсім кантыненце вельмі важная, яна дапаможа дзясяткам тысяч украінак забяспечыць сябе і сваіх родных ва Украіне», — працягнуў Схінас.

У краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы цяпер, паводле ацэнак ААН, знаходзіцца каля шасці мільёнаў украінскіх уцекачоў, і пераважная большасць з іх — жанчыны з дзецьмі.

Tent Partnership for Refugees адзначае, што жанчынам асабліва складана знайсці працу: да звычайных праблем дадаецца і тое, што ім трэба клапаціцца пра дзяцей.

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0