Забаронены яшчэ адзін дапаможнік па гісторыі Беларусі.

Гісторык Алег Перзашкевіч, які працуе на катэдры старажытных часоў і cярэднявечча гістфаку БДУ, падрыхтаваў атляс па гісторыі Беларусі XVI–XVIII ст. для вучняў сёмай клясы. Аднак найхутчэй школьнікі ня ўбачаць яго ў верасьні.

Атляс прайшоў праз інстанцыі Мінадукацыі, але пасьля быў накіраваны на разгляд дзяржкамісіі, хоць падобная практыка ніколі не прымянялася да атлясаў. І забуксаваў. «Была рэкамэндацыя ад камісіі, што праца павінна быць дапрацавана за подпісам Якава Трашчанка, – кажа Алег Перзашкевіч. – Гэтая камісія за апошнія тры гады, здаецца, наагул ніводнага дапаможніка не зацьвердзіла, апроч «Курсу па Вялікай Айчыннай вайне». Пакутуюць усе, ня я адзін». Я.Трашчанок стаў вядомы шырокай грамадзкасьці як аўтар цемрашальскага падруч–ніка па гісторыі Беларусі, рэкамэндаванага для выкарыстаньня ў ВНУ, а таксама як колішні выкладчык А.Лукашэнкі.

У краіне з 1993 г., калі ў школах пачалі вывучаць курс па гісторыі Беларусі, выйшла толькі два атлясы – па гісторыі старажытнай Беларусі, а таксама па гісторыі Сярэднявечча. Па гісторыях больш раньніх пэрыядаў вучні ня маюць ніякіх дапаможнікаў, каб рыхтаваць урокі, апроч самога падручніка.

Тым ня менш сп.Перзашкевіч лічыць Я.Трашчанка ахвярай сытуацыі, што склалася ў гістарычнай навуцы. «Трашчанка папрасіў заняцца гэтым прэзыдэнт, і ён не адмовіў, хоць і мог, спаслаўшыся на стан здароўя ці нешта іншае. Магілёўскага выкладчыка зрабілі нейкім пудзілам, хоць я ня схільны разглядаць яго як усёмагутнага цэнзара. Па-чалавечаму мне нават шкада яго», – кажа А.Перзашкевіч. Ён лічыць, што калі атляс і трапіць на разгляд, дык будзе забракаваны, хоць там і няма супярэчнасьцяў з падручнікам па гісторыі для сёмай клясы.

«Усе чакаюць загаду зьверху», – сьмяецца А.Перзашкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?