Ірына Касцевіч. Фота beloi.by

Ірына Касцевіч. Фота beloi.by

У беларускім урадзе ўсяго адна міністарка — гэта Ірына Касцевіч, якая курыруе пытанні працы і сацыяльнай абароны. Больш за 20 год яна адпрацавала ў статыстыцы, пасля была намесніцай міністра эканомікі, займалася, у тым ліку, праблемамі прадпрымальнікаў.

Тады яна казала: «Хоць ні дня не працавала ў бізнэсе, адчувала як сябе як бізнэсоўца ў дзяржаўным органе».

Ад яе былі пазітыўныя чаканні на пазіцыі міністаркі, асабліва пасля сыходу Мар’яны Шчоткінай, якая запомнілася «дэкрэтам аб дармаедах» і павышэннем пенсійнага ўзросту.

Аднак прарыўных зменаў Касцевіч не інспіравала. Больш за тое, працоўнае заканадаўства стала яшчэ больш рэпрэсіўным — людзей адкрыта звальняюць за пазіцыю і патрабуюць правільныя характарыстыкі пры працаўладкаванні на дзяржаўныя прадпрыемствы. 

Ірыне Касцевіч — 55 год, яна нарадзілася ў Мінску. Скончыла школу з залатым медалём, паступіла ў «наргас» на спецыяльнасць «планаванне прамысловасці». 

«Любімым прадметам у школе была матэматыка, мяне заўсёды захапляў стройны, лагічны свет лічбаў, працэс рашэння мудрагелістых задач, атрыманне прыгожых вынікаў, іх доказаў, усё гэта прыносіла асаблівае задавальненне», — казала яна.

Пачынала эканамістам у Дзяржаўным камітэце статыстыкі (цяперашні аналаг — Белстат), дзе затрымалася больш чым на 20 год, апошняя яе пазіцыя ў ведамстве — першы намеснік старшыні.

Белстат, дарэчы, адна з нямногіх установаў, дзе пераважаюць жаночыя кадры, у тым ліку на кіраўнічых пазіцыях. Два гады Касцевіч была намесніцай міністра эканомікі. Прадстаўляла Мінэканомікі ў міжведамаснай працоўнай групе па рашэнні праблем індывідуальных прадпрымальнікаў.

Кіраўнік прадпрымальніцкага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка станоўча выказваўся пра Касцевіч, з якой яму даводзілася сутыкацца па працы. Казаў, што яна была адкрытая да дыялогу, лёгка ішла на кантакт і была не найгоршай з чыноўнікаў.

Сама Касцевіч неяк заўважыла: «Хоць ні дня не працавала ў бізнэсе, але калі курыравала гэты кірунак, сябе больш адчувала як бізнэсоўца ў дзяржоргане… Як грамадзянін і як дзяржаўны служачы лічу, што любы дзяржаўны орган пры прыняцці кіраўнічых рашэнняў перш за ўсё павінен падумаць пра бізнэс. Гэта павінна быць правілам для любога дзяржаўнага служачага ў любым дзяржаўным органе».

Чаканні ад новай міністаркі спачатку былі пазітыўныя, асабліва на фоне яе папярэдніцы, Мар’яны Шчоткінай, вядомай па пенсійнай рэформе і дэкрэце супраць «дармаедаў», што выклікала выбух незадаволенасці ў грамадстве.

Варта адзначыць, што пасля Шчоткінай крэсла міністра займаў Валерый Малашка, і справа з яго прызначэннем — адзін з самых кур’ёзных выпадкаў у беларускім урадзе. Справа ў тым, што спачатку Лукашэнка прызначыў яго міністрам працы і сацыяльнай абароны, але праз месяц змяніў рашэнне і прызначыў міністрам аховы здароўя.

Гэта быў адзін з рэдкіх выпадкаў, калі Лукашэнка нават папрасіў прабачэння ў чыноўніка, так і сказаў Малашку, маўляў, даруйце, што памыліліся. Сам Малашка адказваў, што гатовы працаваць там, куды яго паставяць. Прарыву пры ім не было ні ў адным, ні ў другім міністэрстве. Цяпер ён намеснік кіраўніка Магілёўскай вобласці.

«Дармаеды» на кантролі

Вясной 2017 года крэсла міністра працы і сацыяльнай абароны заняла Ірына Касцевіч. Першым выпрабаваннем для яе стала гучная заява Лукашэнкі пра тое, што да 1 мая павінны быць працаўладкаваныя ўсе беспрацоўныя.

Тут варта адзначыць, што сітуацыя з беспрацоўнымі ў Беларусі адрозніваецца нават ад суседніх краін. У нас настолькі нізкая дапамога па беспрацоўі (ад 29 да 58 рублёў), за якую яшчэ трэба адпрацаваць абавязковыя гадзіны, што многія лічаць за лепшае нават не станавіцца на ўлік. 

Фота БЕЛТА

Фота БЕЛТА

На свята 1 мая Касцевіч заявіла, што ў Беларусі працаўладкаваныя ўсе, хто хацеў знайсці працу, і маўляў толькі ў красавіку працаўладкавалі больш за 85 тысяч беспрацоўных.

Гучная заява разбівалася аб сухія дадзеныя Белстата: на 1 мая 2017 года ў Беларусі было 39,8 тысячы афіцыйных беспрацоўных — на 3,6 тысячы менш, чым у красавіку.

Змаганне з «дармаедамі» распачынала не Касцевіч, але яна працягнула, нягледзячы на тое, што ідэя выклікала масавыя акцыі пратэсту па ўсёй краіне. Так, былі сфармаваныя «базы дармаедаў», якія абнаўляюцца раз на квартал. Адметна, што ўлады не паведамляюць, колькі цяпер у краіне «дармаедаў». У 2018-м, па словах Ірыны Касцевіч, было каля 500 тысяч.

Афіцыйна ўлады называюць іх «незанятымі ў эканоміцы» і сцвярджаюць, што гатовыя працаўладкаваць праз службы занятасці кожнага жадаючага.

З часоў Шчоткінай рыторыка змянілася з карнай на ахоўную, маўляў, выяўляем усіх, каму патрэбная праца, і гатовыя дапамагчы кожнаму.

Адмовіліся ад фіксаванага плацяжу ў бюджэт на карысць павышэння камуналкі, распаўсюджваецца гэта на «дармаедаў», якія трапілі ў базу і маюць ва ўласнасці жыллё. Пакуль павышэнні закранулі ацяпленне, падагрэў гарачай вады і газ. Кошты на ацяпленне і гарачую ваду павялічылі прыкладна ў пяць разоў.

У рэдакцыі новай Канстытуцыі змясцілі палажэнне, што «кожны павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць сувымерны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы».

«Рэалізавала сябе ў прафесіі, дзякуючы ў тым ліку і мужу»

У Ірыны Касцевіч даволі спецыфічнае разуменне гендарнай роўнасці, а гэта пытанне, якім у тым ліку займаецца яе міністэрства.

З аднаго боку, яна прызнае, што «сёння ў беларускіх жанчын двайная занятасць — на працы і дома, жанчына траціць у два з паловай разы больш часу на хатнюю працу, чым мужчына».

З іншага боку, чыноўніца крытыкуе жанчын за тое, што яны выступаюць ініцыятаркамі разводаў. 

Сямейнае фота, кадр з сюжэта СТВ

Сямейнае фота, кадр з сюжэта СТВ

«30 год таму ініцыятыва больш ішла ад мужчын, сёння актыўнасць па разводах ідзе ад жанчын, — заяўляла яна ў інтэрв’ю СТВ. — Таму што жанчына стала незалежнай, у тым ліку і фінансава, самастойнай. Яна разумее, што ў любым выпадку адказнасць за дзяцей на ёй.

Мы ўвесь час гаворым пра гендарную роўнасць, але ў гэтай сітуацыі мне не вельмі падабаецца. Калі б жанчына паводзіла сябе так, каб колькасць разводаў скарачалася, гэта было б добра».

І яшчэ супярэчнасці. Касцевіч заяўляе, што нельга падзяляць працу на жаночую і мужчынскую, нават прыводзіць сваю сям’ю ў прыклад:

«Тое, што я рэалізавала сябе ў прафесіі, у кар'еры, вядома, гэта дзякуючы ў тым ліку і мужу. Ён частку хатняй працы ўзяў на сябе. Я яму за гэта вельмі ўдзячная, ён дазволіў мне.

Той час, які я павінна як маці, як жонка аддаваць сям'і, ён узяў гэта на сябе. Ён малайчына. Сучасная жанчына павінна паспець усё — стаць маці, зрабіць кар'еру. Хто хоча, той шукае магчымасці, а хто не хоча, шукае прычыны».

У сям’і Касцевічаў двое дзяцей, старэйшага сына міністарка нарадзіла ў 23 гады, малодшую дачку — праз 14 год. І не чакаючы заканчэння дэкрэтнага адпачынку, вярнулася на працу. 

Сямейнае фота, кадр з сюжэта СТВ

Сямейнае фота, кадр з сюжэта СТВ

«Гэта для мяне таксама было цяжка, вельмі хацелася на працу. Было цікава, ты ўжо рэалізаваўся ў прафесіі, вельмі хацелася рухацца далей. Вядома, было цяжка, адпрацаваць не восем, а нават дзесяць гадзін, прыбягаеш дадому, а там маленькае дзіця. Але гэта таго вартае.

Я не шкадую, што ў 37 гадоў нарадзіла, гэта вельмі здорава. Выдатна цяпер, ужо з дарослага палёту, заставацца маладой, бегаць на бацькоўскія сходы, — казала яна летась. — Дачка ў мяне выпускніца, сёлета заканчвае 11 клас.

Калі я прыйшла на пасаду міністра працы і сацыяльнай абароны (я актыўна сустракаюся са шматдзетнымі сем'ямі), я сама сабе сказала: «Вось чаго не рэалізавала — не стала шматдзетнай мамай».

А вось якія чаканні ад жанчын яна выказвае як міністарка: «Сёння сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб для жанчын — 26 гадоў, для мужчын — 28 гадоў. Мы разумеем, познія шлюбы — познія дзеці. Жанчыне майго пакалення было рэальна нарадзіць дзіця ў 20 год, і каб нават стаць шматдзетнай сям'ёй, быў запас у 20 гадоў.

Сёння гэтыя дэмаграфічныя нажніцы сталі закрывацца, рэальна гэта дзесяць гадоў. У 28 нарадзіла першага, да 39 гадоў актыўны дзетародны ўзрост. Трэба паспець, Беларусь чакае. Мы чакаем не менш за траіх дзяцей. Гэта сур'ёзная праблема, якая накладваецца на дэмаграфію».

«Сям'я — гэта не муж і жонка, сям'я — гэта калі ёсць дзеці»

У апошнія гады дэмаграфічная сітуацыя пагаршаецца. Прычыны: зніжаецца нараджальнасць, высокі ўзровень смяротнасці, познія шлюбы і высокая колькасць разводаў.

Белстат падлічыў, што ў 2020-м на тысячу шлюбаў было 698 разводаў, гэта амаль 70%. Беларусь тады сутыкнулася з новымі выклікамі — пандэмія кавіду і востры грамадска-палітычны крызіс пасля прэзідэнцкіх выбараў. Але асноўнымі прычынамі разводаў па-ранейшаму лічацца злоўжванне алкаголем, сямейныя канфлікты і хатні гвалт, адсутнасць агульных інтарэсаў, несумяшчальнасць поглядаў, канфлікт характараў і страта пачуццяў. 

Як міністарка Касцевіч прапануе вырашаць праблему?

«Мы пайшлі ў школы, Міністэрства адукацыі запусціла праграму «Асновы сямейнага жыцця», пакуль гэта факультатыўна, але гэта вельмі важна, — лічыць чыноўніца. — Сямейным каштоўнасцям вучыцца трэба заўсёды, бо на кожным этапе сямейнага жыцця свае выклікі, свае рызыкі. Але менавіта дзеткам ужо ў школе ў 9-11 класе трэба казаць, наколькі важныя сям'я, каханне, павага, важныя гэтыя адносіны ў сям'і: прыстойнасць, сумленнасць. Тады будуць шчасце і дабрабыт». 

Фота прэс-службы Мінпрацы

Фота прэс-службы Мінпрацы

Апроч таго, у новай рэдакцыі Канстытуцыі прапанавалі палажэнне, што ў Беларусі шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны, хоць ніхто з чыноўнікаў так і не патлумачыў, як гэта дапаможа. Тое самае даўно прапісана ў Кодэксе аб сям’і і шлюбе, але разводаў ад гэтага менш не стала. 

«80% беларусаў нацэленыя мець сям'ю. Гэта сапраўды важна, — заяўляла Касцевіч. — Але сям'я — гэта не муж і жонка, сям'я — гэта калі ёсць дзеці».

Адна з пазітыўных зменаў пры міністарцы Касцевіч — права на бясплатнае ЭКА (першую спробу). «Як міністэрства мы «за», — адзначала яна. — Гэта дасць магчымасць атрымаць дадаткова ад 1,5 да 2 тысяч дзяцей — добрых, здаровых дзяцей, грамадзян Рэспублікі Беларусь. Правільны крок, і да гэтага трэба рухацца».

Пры гэтым адным з самых дыскусійных момантаў застаецца трохгадовы дэкрэтны адпачынак у Беларусі. Час ад часу ўлады намякаюць, што яго трэба скарачаць. Раяць гэта і міжнародныя эксперты. Адзін з варыянтаў мадыфікацыі — пакінуць трохгадовы дэкрэтны адпачынак, але аплачваць толькі два гады. 

Супермерай па падтрымцы шматдзетных сем’яў Касцевіч называе сямейны капітал, ён пачаў дзейнічаць з 2015 года, калі міністаркай яшчэ была Шчоткіна. У 2020-м праграму працягнулі яшчэ на пяць год. За гэты час прырост склаў 40%.

Фота «СБ»

Фота «СБ»

У 80% выпадкаў падтрымку даюць сем’ям, дзе трое дзяцей. Пры нараджэнні ці ўсынаўленні трэцяга дзіцяці аднаразовая дапамога складае амаль 26 тысяч рублёў (па стане на 2022 год).

Гэтая сума ляжыць на рахунку, індэксуецца да 18-годдзя дзіцяці. Зняць яе датэрмінова можна на аплату медпаслуг, паляпшэнне жыллёвых умоваў, навучанне ў дзяржаўных навучальных установах і пагашэнне пазыкаў.

Трэба сказаць, 40% шматдзетных сямей датэрмінова знялі грошы, большасць набылі кватэры. Сёлета ўмовы датэрміновага выкарыстання капіталу зрабілі больш жорсткімі, у прыватнасці, увялі абавязковую ацэнку жылля, якое плануе набыць сям’я, і на працягу пяці год прадаваць ці дарыць набытую за сямейны капітал маёмасць забаранілі.

Жыллёвае пытанне, паводле Касцевіч, — асноўная праблема для беларускіх сямей. Шматдзетныя сем’і — у прыярытэце, пашыраць дапамогу на сем’і, дзе менш дзяцей, не плануецца. 

Ідэя пра другую пенсію

Ірына Касцевіч прасоўвае ідэю добраахвотнага пенсійнага страхавання. Па яе словах, расходы дзяржавы на выплату пенсій ацэньваюцца ў 9% ад валавога ўнутранага прадукту. 

«Гэта шмат, сёння сувымерна з тымі расходамі, якія нясуць развітыя краіны на пенсійнае забеспячэнне. Наша задача — забяспечыць рэальны рост. Летась перавысілі на 0,7%. Не так шмат, як хацелася б. Асаблівы быў у нас 2021 год, давялося аператыўна змяняць прыярытэты. Расходы з улікам COVID перш за ўсё пайшлі на аплату бальнічных».

Ірына Касцевіч у вобразе Снягуркі на сустрэчы з дзецьмі ў інтэрнаце. Фота прэс-службы Мінпрацы

Ірына Касцевіч у вобразе Снягуркі на сустрэчы з дзецьмі ў інтэрнаце. Фота прэс-службы Мінпрацы

Большасць беларусаў карыстаюцца салідарнай пенсійнай сістэмай, толькі 5% удзельнічаюць у праграмах добраахвотнага назапашвальнага страхавання. Сёлета, з 1-га кастрычніка, плануюць запусціць праграму добраахвотнага страхавання на асаблівых умовах. Займацца гэтым будзе кампанія «Стравіта».

«Дзяржава свае абавязальніцтвы не здымае: плаціла дзяржаўную пенсію, і гэтыя абавязальніцтвы захоўваюцца, — заявіла чыноўніца. — Але мы кажам: 580 рублёў мала, хацелася б больш. Калі больш, то тут ужо ўдзел самога чалавека ў фармаванні сваёй другой пенсіі.

Гэты механізм назапашвальны. Што гэта дае чалавеку? Права са сваёй зарплаты назапашваць ад 1 да 10%. Пры гэтым сувымерна — у гэтым галоўны бонус. Плюс сувымерна будзе за яго і выплачваць наймальнік, але не больш за 3%».

У Мінпрацы разлічваюць, што новы механізм зацікавіць тых, каму засталося да пенсіі параўнальна няшмат — ад трох да дзесяці год.

«Многія беларусы асцерагаюцца рабіць доўгатэрміновыя ўклады, памятаюць сумны вопыт дзевяностых, — патлумачыла міністарка. — Перыяд жа ад трох да дзесяці гадоў — параўнальна невялікі, празрысты і зразумелы».

Скрыншот з відэа АНТ

Скрыншот з відэа АНТ

Ірына Касцевіч часта наведвае інтэрнаты, на майскія святы традыцыйна сустракаецца з ветэранамі, апранае стылізаваную форму і бачна, стараецца не фармальна, а па-чалавечы гаварыць з людзьмі.

На адной з такіх сустрэч у інтэрнаце для ветэранаў вайны і працы высокіх гасцей запрасілі за стол, разлілі гарэлку. І калі віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка няёмка адчуваў сябе і не хацеў піць, прынамсі ў прысутнасці журналістаў, то Ірына Касцевіч адчувала сябе свабодна і не бачыла ніякай праблемы падняць келіх за здароўе ветэранаў.

«Не дапусціць у дзяржаўныя арганізацыі дэструктыўных грамадзян»

На рахунку Касцевіч — рэпрэсіўныя змены ў Працоўны кодэкс, і гэтым яна дакладна запомніцца на пасадзе. Змены, якія яна падтрымала, дазваляюць прыцягваць да дысцыплінарнай адказнасці супрацоўнікаў, а таксама адхіляць іх ад працы за «супрацьпраўныя дзеянні».

Апроч таго, «у мэтах абароны нацбяспекі, грамадскага парадку, здароўя насельніцтва рэгулюцца пытанні правядзення забастовак». Цяпер на заканадаўчым узроўні нельга высоўваць палітычныя патрабаванні пры забастоўках. Гэта стала адказам на актыўнасць працоўных пасля выбараў-2020. 

Правесці забастоўку ў нашых рэаліях і раней было надзвычай складана, практычна нерэальна, таму іх і не было з 1995 года, настолькі складаныя былі працэдуры ўзгаднення. Цяпер жа за заклік да забастоўкі пагражае не проста звальненне, але і крымінальная адказнасць. 

Пачынаючы з 2021 года, у дзяржаўных органах і арганізацыях пачаліся «палітычныя» чысткі, звальняюць і тых, хто быў «на сутках», і тых, хто пісаў допісы ў сацсетках з асуджэннем гвалту сілавікоў, і тых, хто запісваў звароты салідарнасці з незаконна арыштаванымі і звольненымі. У адрозненне ад міністра культуры, Ірыне Касцевіч хапае розуму і разліку не казаць наўпрост пра палітычныя чысткі, але яна не хавае, што адбор кандыдатаў для дзяржаўных установаў змяніўся:

«Падзеі 2020 года паказалі неабходнасць прыняцця дадатковых мер, у тым ліку і заканадаўчага плана па недапушчэнні пранікнення ў дзяржаўныя органы і арганізацыі дэструктыўна настроеных грамадзян, якія адкрыта выступаюць супраць палітычнага курсу нашай дзяржавы», — тлумачыла ў парламенце міністарка. 

Фота прэс-служба ФПБ

Фота прэс-служба ФПБ

А цяпер вернемся на пяць год назад, у 2017-ы, вось што казала Касцевіч, якую толькі прызначылі міністаркай:

«У працы стараюся быць як мага больш дэмакратычнай. Люблю дзейнічаць у камандзе, умею чуць калег і падначаленых, рашэнні прымаю з улікам меркавання большасці. Мне імпануюць маладыя і крэатыўныя, вопытныя і прафесійныя, а самае галоўнае, матываваныя людзі з інавацыйнымі думкамі і рацыянальнымі прапановамі».

Цяпер, калі ўладкоўваешся на працу ў любую дзяржаўную ўстанову, твой наймальнік абавязаны запытаць з мінулага месца працы характарыстыку, дзе абавязкова павінна быць указана, як кандыдат ставіцца да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу, ці было за ім пакаранне па «пратэстных» артыкулах і ці няма ў яго антыдзяржаўных поглядаў. 

Пасля такіх «чыстак» цэлыя сферы сутыкнуліся з кадравым голадам. Але дзе-нідзе ўжо навучыліся абыходзіць гэтыя штучныя абмежаванні. 

Чытайце таксама

Большасць беларускіх міністраў на пасадзе каля двух гадоў, але ёсць і доўгажыхары. Як думаеце, хто яны?

«Набліжаныя адчуваюць любоў не да канкрэтнай асобы, а да пасады». Прафесар псіхалогіі Уладзімір Янчук аб цяперашнім стане ўлады і грамадства

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1