Будышын — па-нямецку Баўцэн, найбольшы горад, дзе жывуць лужычане. Фота Wikimedia Commons

Будышын — па-нямецку Баўцэн, найбольшы горад, дзе жывуць лужычане. Фота Wikimedia Commons

Усе назвы — на дзвюх мовах

Ніса працякае праз самае сэрца рэгіёна, вядомага як Верхняя Лужыца, ці па-нямецку Oberlausitz. Назва яго паходзіць ад лужычан — чацвёртага заходнеславянскага народа, разам з палякамі, чэхамі і славакамі. Іх саманазва сорбы ці сербы, таму мову часам называюць сербалужыцкай.

Лужыцкая налепка на аўтамабіль

Лужыцкая налепка на аўтамабіль

Гэты народ жыве на тэрыторыі Верхняй і Ніжняй Лужыцы, а яго мова таксама дзеліцца на дзве: верхня– і ніжнялужыцкую. Гісторыкі тлумачаць, чаму так. Гэта насамрэч нашчадкі двух зусім розных славянскіх плямён, адно з якіх прыйшло сюды з Дуная з розніцай у пару стагоддзяў. Хоць яны і жылі побач паўтара тысячагоддзя, але розніца паміж імі захавалася.

Радуш. Рэканструяванае славянскае гарадзішча 1-га тысячагоддзя н.э. Фота WIKIMEDIA COMMONS

Радуш. Рэканструяванае славянскае гарадзішча 1-га тысячагоддзя н.э. Фота WIKIMEDIA COMMONS

Мовы абедзве знаходзяцца пад пагрозай вымірання: у Ніжняй Лужыцы лужыцкай карыстаюцца толькі некалькі тысяч чалавек, у Верхняй на ёй умеюць гаварыць некалькі дзясяткаў тысяч.

Цэнтр Ніжняй Лужыцы — горад Котбус (лужыцкае: Хосэбуз).

Цэнтр Верхняй Лужыцы — горад Бýдышын (нямецкае: Баўтцэн) за 50 км ад Гёрліца (лужыцкае: Згор’елц).

Туды зручна дабрацца чыгункай, сеўшы пад старым дэбаркадарам згор’елецкага вакзала на цягнік у дрэздэнскім кірунку. (На табло Уроцлаў, з якога рушыць цягнік, па-нямецку названы Breslau — чым не падарожжа ў часе?)

У цягніку добра чуваць польскую і ўкраінскую мову мужчын і жанчын, якія едуць на працу ў заможнейшы Дрэздэн (па-славянску: Дрэзджаны, многія гарады ўсходу Нямеччыны ў свой час заснавалі славяне, але ад колішняга славянскага масіву да сёння захаваліся толькі лужыцкія астраўкі).

Дэмаграфічная статыстыка няўмольная. У 1900 годзе да лужычан сябе адносіла каля 146 тысяч чалавек. За гітлераўскімі часамі іх не прызнавалі асобнай этнічнай групай, за славянскую культурную дзейнасць пагражалі рэпрэсіі, і ўсё ж у 1945 годзе да лужычан сябе запісвалі прыкладна столькі ж, што і на паўстагоддзя раней. Цяпер іх усяго каля 60 тысяч чалавек. У ваколіцах Згор’елца лужычан увогуле практычна не засталося. Агулам у Саксоніі яны складаюць 0,9% насельніцтва, і нават у «лужыцкім хартландзе» — толькі 12%. 

Так скурчылася тэрыторыя, на якой гавораць па-лужыцку. Знікала мова — а праз пару пакаленняў людзі пераставалі лічыць сябе асобным народам. Цяпер лужычане жывуць у двух маленькіх анклавах — у абсалютнай меншасці. Фота Wikimedia Commons

Так скурчылася тэрыторыя, на якой гавораць па-лужыцку. Знікала мова — а праз пару пакаленняў людзі пераставалі лічыць сябе асобным народам. Цяпер лужычане жывуць у двух маленькіх анклавах — у абсалютнай меншасці. Фота Wikimedia Commons

Будышын, лужычанкі. 1950 год. Фота Рогера Рослінга

Будышын, лужычанкі. 1950 год. Фота Рогера Рослінга

Будышын вядомы з часоў Сярэднявечча, пра якое тут нагадваюць маляўнічыя гарадскія сцены з высокімі вежамі. Збольшага сцены былі разабраныя, і толькі фрагменты іх стаяць сярод гарадскіх вуліц. Такі культурны краявід — адна з адметнасцяў рэгіёна і сустракаецца практычна ва ўсіх яго большых гарадах. 

Лужычане — малы заходнеславянскі народ, блізкі да чэхаў, палякаў і славакаў. Іх саманазва — сербы, па назве аднаго з самых слаўных мясцовых плямён, таму мову часам называюць сербалужыцкай. Дарэчы, навукоўцы дагэтуль не прыйшлі да адной думкі адносна паходжання гэтага прадаўняга кораня «срб».

Немцы называюць іх «сорбамі» або «вендамі».

«Лужыца» — гэта не саманазва, а геаграфічнае паняцце. Яны займаюць балоцістую тэрыторыю, «лужыцу» па-мясцоваму. Цяпер гэта два анклавы сярод немцаў, астатнія балтыйска-палабскія славяне германізаваліся.

Верхнія і ніжнія лужычане гавораць на вельмі адрозных дыялектах, якія многія навукоўцы лічаць асобнымі мовамі. Гісторык Барыс Рыбакоў выказаў гіпотэзу, што гэта былі два розныя, ніяк не звязаныя між сабой племені, якія прыйшлі сюды з розніцай у пару стагоддзяў.

Верхнялужыцкая і ніжнялужыцкая адрозніваюцца як фанетыкай, так і лексікай. Шчасце па- верхнялужыцку «збожо», а па- ніжнялужыцку — «глюка».

Верхнія і ніжнія лужычане належаць да розных рэлігій: адны каталікі, другія — лютэране. Нямецкія манархі ў розны час забаранялі ці абмяжоўвалі выкарыстанне сербалужыцкай мовы. У той жа час цэрквы выкарыстоўвалі мову для пропаведзяў і выдання літаратуры.

Да моманту «Вясны народаў» у ХІХ стагоддзі лужычанамі сябе лічыла замала людзей, каб яны здолелі стварыць моцныя нацыянальныя інстытуты і застацца ў большасці на нейкай тэрыторыі, як чэхі, славакі ці беларусы. Тым не менш, у 1814 годзе ствараецца «Сербалужыцкае прапаведніцкае таварыства», а пасля «Маціца сэрбска» («маці») і «Дамавіна» («радзіма»).

Лужычане два разы прасілі вялікія дзяржавы дазволіць незалежную Лужыцу: на Версальскай канферэнцыі ў 1919 годзе і ў 1945 годзе. Абодва разы яны спрабавалі абаперціся ў сваіх спробах на Чэхаславаччыну, але ў першым выпадку заходнія саюзнікі, а ў другім — СССР не палічылі гэта патрэбным.

Яны жывуць адначасова ў двух гарадах

Моўнае і культурнае падваенне тут крыху адрозніваецца ад таго, што ўкладаем у гэтыя словы мы. Можна прыехаць у Баўтцэн з яго касцёламі, мастацкім музеем, нямецкімі віламі з ХІХ стагоддзя. А можна ў Будышын — з яго Сербскім музеем, кнігарнямі з часопісамі і кнігамі на лужыцкай мове, крамамі этнасувеніраў і адпаведнымі фестывалямі.

Падзеленыя на два не толькі ўсе назвы ў Будышыне, але і мясцовы сабор. З невядомай прычыны пры пабудове ў XV стагоддзі сабор выгнуўся роўна пасярэдзіне, «павярнуўшы» ўправа. Гэты закладзены будаўнікамі паварот нечакана аказаўся вельмі дарэчным.

У 1524 годзе сабор па той жа лініі згіну быў падзелены паміж дзвюма канфесіямі — і такім застаецца да нашага дня. Пярэдняя частка ад увахода да сярэдзіны належыць пратэстантам, а далей і да алтара — каталікам.

У Будышыне адразу адчуваеш, што трапіў у новы, адметны край: усе назвы тут прадубляваныя на лужыцкай мове, пачынаючы ад шыльды на вакзале: «Bautzen — Budyšin». Фота WIKIMEDIA COMMONS

У Будышыне адразу адчуваеш, што трапіў у новы, адметны край: усе назвы тут прадубляваныя на лужыцкай мове, пачынаючы ад шыльды на вакзале: «Bautzen — Budyšin». Фота WIKIMEDIA COMMONS

Здавалася б, Будышын выглядае як узорнае месца па падтрымцы этнічнай культуры, якая знаходзіцца пад пагрозай. Але ўсё роўна складана адбіцца ад сумных думак. Так, нямецкі ўрад фінансуе нацыянальныя ініцыятывы, выданні і фестывалі, а не пераследуе іх, не насылае на іх падатковую, Дзяржстандарт і МНС. Музеі і культурныя цэнтры атрымліваюць шчодрае фінансаванне, а не выжываюць у паўжабрацкіх умовах.

А ўсё ж цэлы народ, калі ён пазбаўлены ўласнай дзяржавы, робіцца «бяспечным» у палітычным сэнсе і больш ні на што не прэтэндуе. Ён паволі ператвараецца ў турыстычную атракцыю — і гэта не можа не выклікаць шкадавання.

Баўтцэн — Бýдышын

Баўтцэн — Бýдышын

Мары пра дасканалую прыгажосць

Тым не менш, у Будышыне шмат візуальных прысмакаў. Кампактнае і размешчанае на плато паселішча часта канцом вуліцы ўпіраецца ў шырокі далягляд. А калі за Лужыцкім музеем спусціцца пад гарадскія сцены, то можна па адзін бок убачыць амаль ідэальны від на горад, які больш як сто гадоў тыражуецца на паштоўках, а па другі — аркі даўжэзнага чыгуначнага віядука. Цешыць вока і гарадскі музей з невялікай, але добрай мастацкай калекцыяй, у якой можна ўбачыць выдатныя працы Макса Лібермана, Ота Дзікса і тутэйшага майстра Ганса Унгера.

Ганс Унгер, каля 1925 года. Фота WIKIMEDIA COMMONS

Ганс Унгер, каля 1925 года. Фота WIKIMEDIA COMMONS

Ганс Унгер нарадзіўся ў Будышыне ў 1872 годзе і з дзяцінства праявіў выдатныя здольнасці да малявання. Бацька не быў арыгіналам: сказаў, што з гэтага не пражывеш, і адправіў сына вучыцца ў гандлёвы каледж. Але сын навучанне кінуў і пайшоў працаваць маляром.

Наступныя дзесяць гадоў можна было назіраць тое, што называецца гісторыяй поспеху. Спачатку вучань-памочнік у мясцовага мастака-дэкаратара, потым тое ж у Дрэздэнскім тэатры, потым навучанне ў Дрэздэнскай мастацкай акадэміі — і вось, нарэшце, у 1897 яго працу «Муза» набыла Дрэздэнская мастацкая галерэя.

Далей прыйшлі слава і грошы. Ад карціны да карціны ён маляваў уяўную Аркадыю — аголеная жанчына на фоне паўднёвага краявіду (мадэллю заўсёды была ягоная жонка Марыя Антонія, а пасля — дачка Мая), кіпарысы, кветкі ў залатых вазах. Мары пра дасканалую прыгажосць і жанчыны з дзіўным халодным позіркам.

Дзеці-сербалужычане. Фота з WIKIMEDIA COMMONS

Дзеці-сербалужычане. Фота з WIKIMEDIA COMMONS

Але пачалася Першая сусветная — і ўсім стала не да прыгажосці. Мастакам паваеннага пакалення Унгер падаваўся ўжо безнадзейна састарэлым. Майстра, праўда, гэта мала турбавала. Свой стыль ён змяняць не збіраўся і працягваў жыць ва ўласнаруч створаным «залатым веку». Ён памёр у 1936-м — у адзін год з аўтарам «Заняпаду Еўропы» Освальдам Шпенглерам і спеваком брытанскай імперыі Рэдзьярдам Кіплінгам. 

Уздоўж ракі цягніком або роварам

Калі выправіцца з Гёрліца на поўдзень па чыгуначнай лініі, якая ідзе ўздоўж Нісы, пераскокваючы часам з берага на бераг — з польскага на нямецкі бок і назад, можна ўбачыць шмат цікавага. Гэту дарогу можна адолець і на ровары — уздоўж усяго цячэння Нісы ідзе папулярная ў турыстаў веласцежка.

«Wjelbik», лужыцкі рэстаран у Будышыне. Фота Wjelbik.de

«Wjelbik», лужыцкі рэстаран у Будышыне. Фота Wjelbik.de

Што наведаць у Лужыцы

Сербскі музей у Будышыне

Экспанаты для яго пачалі збіраць ад 1856 года. У 1937 годзе нацысты раскідалі экспазіцыю. Пасля вайны лужычане музей аднавілі. Цяпер пад яго аддалі вялізны будынак былых саляных складоў XVIII стагоддзя. На падтрыманне сваіх культурных інстытутаў лужыцкія сербы штогод атрымліваюць ад нямецкай дзяржавы 16,8 мільёна еўра.

«Wjelbik», лужыцкі рэстаран у Будышыне

Радамежыцэ — з вялікім барочным палацам на востраве,

акружаным шырокім ровам, і адно са старэйшых у Польшчы надмагілляў з выявай пахаванага на цвінтары — рыцара фон Лоса, памерлага ў 1313 годзе. Пры дарозе — вялікае возера, якое насамрэч з’яўляецца затопленым вугальным кар’ерам. Адна з манструёзных машын, якая рыла тут нетры, захоўваецца на нямецкім беразе як экспанат. А вось з польскага боку яшчэ кіпіць праца і працягваюць распрацоўваць кіламетровай даўжыні кар’еры.

Ніжэй па цячэнні ў лясах на беразе схаваўся цыстэрцыянскі кляштар Марыенталь.

Ëн быў закладзены ў 1234 годзе і бесперапынна дзейнічае да нашага дня. Падарожнаму ён гатовы прапанаваць цішыню, барока і піва ўласнай вытворчасці пад назвай «St. M.». 

Гёрліц, Згажэлец, Згор'елец

Рака называецца Ніса, яна цячэ з поўдня на поўнач і вельмі зручна для палітыкаў дзеліць гэтую зямлю на дзве часткі: нямецкую і польскую. На рацэ ўжо амаль дзевяць стагоддзяў стаіць горад, які называецца Гёрліц, — самы вялікі ў рэгіёне (56 000 жыхароў — меней, чым у Жодзіне). Рака вякамі падзяляла яго на дзве часткі, але ў ХХ стагоддзі правабярэжжа апынулася на польскім баку мяжы і стала лічыцца асобным горадам з назваю Згажэлец. Хоць папраўдзе горад адзін.

Шавец, што бачыў, як утварыўся Сусвет

Нашы ўнукі, магчыма, будуць лічыць закрытыя межы недарэчнасцю. У Еўрапейскім саюзе яны ўжо сталі чыста сімвалічнымі.

Упершыню я прыехаў у Гёрліц цягніком у першы дзень Каляд. Засяліўшыся на польскім баку ў стары турыстычны пансіянат, паспяшаў да моста, каб перасячы мяжу. Тут пра яе нагадваюць польскія і нямецкія памежныя слупкі на берагах — такі дэкаратыўны элемент, — а таксама вялікая і нязграбная бетонная памежная вышка з гэдээраўскіх часоў, якая сцеражэ пешаходны мост на польскім беразе.

Пра мяжу нагадваюць паласатыя слупкі на беразе і нязграбная гэдээраўская вышка. Фота TAG24.DE

Пра мяжу нагадваюць паласатыя слупкі на беразе і нязграбная гэдээраўская вышка. Фота TAG24.DE

Але наіўна было б думаць, што мяжа знікае, як толькі знікаюць памежныя шлагбаумы. Яна тут, яе і сёння перасякаюць тысячы разоў на дзень палякі, якія едуць на працу на багацейшы нямецкі бок, і немцы, якія пешшу прагульваюцца на польскі бок у таннейшыя кавярні і цырульні.

Адна з гэтых кавярняў месціцца ў доме з вокнамі на раку, дзе большую частку жыцця пражыў Якаб Бёмэ, адзін з самых вядомых (і складаных) нямецкіх містыкаў. З дня ў дзень ён шыў боты, і аднойчы да яго прыйшла містычная відзежа пра тое, як уладкаваны ўвесь Сусвет: з Богам, анёламі, дэманамі і чалавекам. Цягам жыцця ён пісаў трактаты, маляваў мудрагелістыя схемы з сістэмамі сусветаў, а па смерці адправіўся ў апошняе падарожжа праз раку, каб спачыць на старых могілках Святога Мікалая, дзе і цяпер захоўваецца яго магіла.

Не-гатэль «Гранд Будапешт»

З вокнаў шаўцовага дома бачная апсіда гатычнага сабора, да якога ўжо ў ХХ стагоддзі прыбудавалі дзве вежы. Гмах гэты, як і многія падобныя да яго, уражвае пустатою ўсярэдзіне: Рэфармацыя тут была бязлітаснай і да людзей, і да ікон ды статуй. На хорах пануе велізарны «Сонечны арган» — цуд барочнага майстэрства, выраблены, як і ўсе найлепшыя арганы таго часу, у Гданьску. Фармальна сабор — гэта галоўная атракцыя, але наш час стварыў ёй нечаканую альтэрнатыву.

Не толькі людзям, але і гарадам здараецца прачынацца знакамітымі. У 2014 годзе гэта здарылася з Гёрліцам: у пракат выйшла стужка Уэса Андэрсана «Гатэль «Гранд Будапешт»». Эстэцкі фільм атрымаў чатыры «Оскары», шмат іншых узнагарод — і разам з тым нямала прыхільнікаў, якія захацелі той самы гатэль наведаць.

І тут высветлілася, што здымалі фільм у Гёрліцы, што пад гатэль быў «загрыміраваны» будынак гандлёвага дома пачатку ХХ стагоддзя і што цяпер ён стаіць зачынены. Але турыстаў стала так шмат, што былы гандлёвы дом вырашылі падрамантаваць (бюджэт рэканструкцыі — 30 мільёнаў долараў) і зноў адчыніць. 

Фота Lostfilm.info

Фота Lostfilm.info

У Гёрліцы здымалі фільм «Гатэль «Гранд Будапешт». Цяпер гэта месца паломніцтва культуртурыстаў

У Гёрліцы здымалі фільм «Гатэль «Гранд Будапешт». Цяпер гэта месца паломніцтва культуртурыстаў

Гёрліц увогуле вельмі любяць кіношнікі, яго нават называюць «Гёрлівудам». Справа ў тым, што ў час Другой сусветнай вайны ён не быў разбураны, як многія іншыя нямецкія гарады.У Гёрліцы здымаліся «Бясслаўныя вырадкі» Квенціна Таранціна, «Вакол свету за 80 дзён» з Джэкі Чанам, «Чытач» з Кейт Уінслет, «Кніжная зладзейка» Браяна Персівала, «Людзі-помнікі» Джорджа Клуні.

Музей настальгіі

Рака Ніса падзяляе не толькі дзяржавы, але і старыя гістарычныя вобласці: Саксонію і Сілезію. Па выніках ХХ стагоддзя, якое нібыта паставіла крыж на тэрытарыяльных спрэчках у Еўропе, Сілезія дасталася палякам. Так што сілезскія немцы вымушаныя былі выехаць са Згажэльца — і многія асядалі проста за мостам, у Гёрліцы.

Цяпер тут, у самым цэнтры Старога горада, размяшчаецца Сілезскі музей, які лепей было б назваць Музеем настальгіі. Уявіце сабе Нацыянальны гістарычны музей дзяржавы, якой не існуе. Тры паверхі археалагічных знаходак, картаў, партрэтаў князёў, манет, відаў гарадоў, побытавых рэчаў і фотаздымкаў. І амаль ні слова пра пасляваенны час. У гэтай цішыні выразна адчуваецца страх перад уласнай настальгіяй, якая, як усе памятаюць, вельмі лёгка ператвараецца ў разбуральны рэваншызм.

Бібліятэка ў Гёрліцы поўніцца скарбамі: ад сярэднявечных манускрыптаў да Бібліі Францыска Скарыны 1519 года. Фота BUDGETTRAVELLER.ORG

Бібліятэка ў Гёрліцы поўніцца скарбамі: ад сярэднявечных манускрыптаў да Бібліі Францыска Скарыны 1519 года. Фота BUDGETTRAVELLER.ORG

Самы ўсходні горад Германіі, Гёрліц яшчэ і адзін з самых танных, таму сюды папулярна пераязджаць жыць на пенсію. Час тут цячэ павольна і зберагае розныя дзівосы. Напрыклад, у паўночнай частцы Старога горада захавалася сярэднявечная Кальварыя (1480—1504) з капліцай Труны Гасподняй — паменшанай копіяй храма Труны Гасподняй у Іерусаліме. Іерусалімскі прататып быў істотна перабудаваны ў 1555 годзе, але дзякуючы гёрліцкай капліцы можна ўявіць яго першапачатковы выгляд. 

91-е дзіва

Хоць цягніком, хоць роварам, хоць пешшу — дарога непазбежна прывядзе ў горад пад назваю Цытау. Тут жыве 27 тысяч чалавек, але ёсць універсітэт (самы малы ў Германіі) і некалькі музеяў.

Самы вялікі прадмет гонару і скарб горада — гэта Вялікае велікоднае пакрывала з Цытау, якое захоўваецца ў спецыяльна для яго створаным музеі ў царкве Святога Крыжа.

І зараз у нашых касцёлах працягваецца традыцыя закрываць выявы Хрыста на алтарах перад Вялікаднем. Падобная традыцыя была і ў Сярэднявеччы, калі спецыяльным радном закрывалі ўвесь алтар. Такіх пакрывалаў у свеце засталося ўсяго некалькі, і адно з самых вялікіх — 8,2 на 6,8 метра — і старых — 1472 год — захоўваецца ў Цытау.

Шмат разоў за гісторыю яно магло проста знікнуць у пажары ці ад рукі радыкальнага прыхільніка Рэфармацыі. Апошні раз выпрабаванне напаткала яго ў 1945 годзе. Палатно невядома навошта забраў з сабою салдат Чырвонай арміі як трафей, а пасля, вырашыўшы, што пакунак зацяжкі і не надта яму патрэбны, кінуў яго ў лесе. Але пакрывалу пашанцавала — яго выпадкова знайшоў адзін з жыхароў недалёкай вёскі, які ўзгадаў, як бачыў яго на экскурсіі ў школьныя гады. Ён забраў яго з сабою, прасушыў, а пазней перадаў у музей.

Пакрывала ўтрымлівае 90 выяў з біблейскімі гісторыямі, а гэтую, 91-ю, пра цудоўнае ўратаванне, дзень пры дні расказвае аўдыягід кожнаму наведвальніку.

Гарадскі музей Цытау нагадвае нечым кабінет дзівосаў. Відаць, тут можна знайсці што заўгодна — ад жаночага абутку часоў барока да чэрапа мясцовага асветніка з XVII стагоддзя. Адна з самых папулярных частак у гарадскіх нямецкіх музеях сёння — гэта экспазіцыі пра штодзённае жыццё ў часы ГДР. Людзям падабаецца пазнаваць рэчы з уласнага дзяцінства, знаходзіць іх у музейнай экспазіцыі і наноў адкрываць іх каштоўнасць. 

Шпацыр па дэкарацыях

Для многіх турыстаў Цытау — гэта толькі прамежкавы пункт, каб адсюль паехаць далей у горы, да якіх тут толькі дзесяць кіламетраў. Найлепшы спосаб зрабіць гэта — скарыстацца вузкакалейнай чыгункай, якую аднавілі энтузіясты. Маленькі паравоз, які па дарозе абкурвае дымам усю ваколіцу, цягне за сабою некалькі вагонаў. Ехаць можна на адкрытай платформе (але тады давядзецца крыху наглытацца дыму), у звычайным вагоне ці ў вагоне-буфеце, дзе можна, гледзячы ў акно, выпіць усё тое ж «St. M.».

Цягнік едзе да станцыі Ойбін, вядомага курорта яшчэ з ХІХ стагоддзя. Слова «курорт» не азначае тут мінеральныя воды ці SPA — толькі выдатныя прагулачныя маршруты сярод лясоў і лесвіцы, па якіх можна падняцца на вакольныя скалы. Увесь пасёлак стаіць пад аднайменнай гарою, якая выглядае як скальнае плато, на якім у XIV—XV стагоддзях былі пабудаваныя сістэма ўмацаванняў і гатычны касцёл. Ад усяго гэтага засталіся вельмі маляўнічыя руіны, па якіх можна гуляць як па лабірынце скалаў, сцен і гатычных арак. Тут жа, уверсе, захаваліся старыя могілкі і рэстаран, пабудаваны для турыстаў у ХІХ стагоддзі.

Турыстаў з Цытау да Ойбіна возіць сапраўдны паравоз

Турыстаў з Цытау да Ойбіна возіць сапраўдны паравоз

Ойбін знакаміты і тым, што яго неаднаразова маляваў самы вядомы нямецкі мастак часоў рамантызму Каспар Давід Фрыдрых. Ягоныя відарысы касцельных руінаў і асабліва арак гатычнага акна мясцовага сабора замалёўваліся менавіта тут. Яны моцна паўплывалі на візуальную культуру ўсёй Еўропы, а зададзеныя ім вобразы дагэтуль адгукаюцца ў многіх ілюстрацыях кніг, музычных альбомаў і ў дэкарацыях фільмаў.

З Ойбіна толькі гадзіна пешшу да чэшскай мяжы, палова дня да чэшскага горада Ябланэ-ў-Пад’ешцедзі. Але я вяртаюся ў Гёрліц. Туды хочацца вяртацца, хай сабе вяртанне гэтым разам і азначае канец падарожжа ў Верхнюю Лужыцу. Але, як пісаў іншы нямецкі рамантык, «жыццё — гэта толькі доўгае вяртанне дадому». 

Летуценнік. Каспар Давід Фрыдрых. Фота WIKIMEDIA COMMONS

Летуценнік. Каспар Давід Фрыдрых. Фота WIKIMEDIA COMMONS

Клас
78
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
5
Сумна
14
Абуральна
16