Руіны Белага Ковеля ў Смалянах

Руіны Белага Ковеля ў Смалянах

Смалянскі Белы Ковель здзіўляе двума фактамі. Па- першае, гэта самы ўсходні каменны прыватнаўласніцкі замак Вялікага Княства. І агулам адзін з двух прыватных каменных замкаў ва ўсёй Усходняй Беларусі (разам з быхаўскай фартэцыяй Сапегаў). Трэба ж было мець столькі нахабства, каб укладаць уласныя грошы ў звышдарагую будоўлю амаль што на мяжы Вялікага Княства Літоўскага з небяспечным і грозным ворагам — Масквой!

Па-другое, Сангушкі родам з іншых месцаў. Гэты род мае свае карані на далёкай адсюль Валыні, сувязь з якой яны падкрэслілі нават у назве смалянскага замка: Белы Ковель. У самім жа Ковелі (цяпер 70-тысячны горад у Валынскай вобласці Украіны) такога замка ніколі не было і блізка.

Што ж перакінула магнатаў з глыбіні дзяржавы на самы яе ўскраек? Пра гэта ёсць дзіўная сямейная гісторыя. 

Род ад Альгерда

Сангушкі вядуць свой род ад вялікага князя Альгерда. Ці то ад яго брата, ці то ад сына Фёдара. Зрэшты, гэта не так істотна: на родавым гербе Сангушкаў скача «Пагоня», што ўводзіць іх у лік найважнейшых родаў Вялікага Княства Літоўскага.

Адзін з сыноў Фёдара Альгердавіча (выберам тут другую версію паходжання роду), Раман, атрымаў ад бацькі ў спадчыну Кобрын і заснаваў дынастыю князёў Кобрынскіх, якая праіснавала да 1519 года.

Родавы герб Сангушкаў. WIKIMEDIA COMMONS

Родавы герб Сангушкаў. WIKIMEDIA COMMONS

А вось другі сын, Сангушка Федзькавіч, атрымаў ад бацькі ўладанні на Валыні: Ковель, Ратна, Любамль і Выжву. Гэта і сталася пачаткам валынскай дынастыі нашчадкаў Альгерда — князёў Сангушкаў. Гісторыкі да гэтага часу спрачаюцца, што за дзіўнае імя было ў родапачынальніка — Сангушка. Магчыма, гэта адна з формаў імя Сямён?

Адзінае, што мы дакладна ведаем: абодва роды — і Кобрынскія, і Сангушкі — былі зацята праваслаўнымі.

На пачатак XVI стагоддзя кобрынская лінія згасла, сам жа Кобрын перайшоў дзяржаве, а дакладней, у рукі прадпрымальнай жонкі караля Жыгімонта Старога італьянкі Боны Сфорцы.

А вось Сангушкі, наадварот, яшчэ больш умацаваліся на Валыні. Князь Андрэй гаспадарыў у Камені-Кашырскім, а князь Васіль — у Ковелі. Стрыечныя браты займалі высокія пасады ў іерархіі ВКЛ: Андрэй быў валынскім маршалкам і засядаў у радзе вялікага князя, а Васіль, верагодна, быў каралеўскім прыдворным.

Васіль Міхайлавіч, які і ёсць галоўным героем гэтай гісторыі, відаць, да высокіх пасадаў быў не схільны і высілкі свае накіроўваў на развіццё ўладанняў. У 1518 годзе ён дабіўся ад Жыгімонта Старога магдэбургскага права для Ковеля і, працягваючы справу бацькі, будаваў і ўдасканальваў абарончыя ўмацаванні горада.

  Прывілей 1533 года, у якім гаворыцца, што князь Фёдар Андрэевіч Сангушка, уладзімірскі стараста, заключыў пагадненне са сваім дзядзькам Васілём Міхайлавічам Сангушкам Ковельскім, паводле якога Фёдару Андрэевічу належаць кляштар Святога Мікалая ў Мільцах з вёскамі Камарова, Салаўёва і Востраў, а Васілю Міхайлавічу — Масцішча. Фота: POLONA.PL

Прывілей 1533 года, у якім гаворыцца, што князь Фёдар Андрэевіч Сангушка, уладзімірскі стараста, заключыў пагадненне са сваім дзядзькам Васілём Міхайлавічам Сангушкам Ковельскім, паводле якога Фёдару Андрэевічу належаць кляштар Святога Мікалая ў Мільцах з вёскамі Камарова, Салаўёва і Востраў, а Васілю Міхайлавічу — Масцішча. Фота: POLONA.PL

Кароль ушчуваў, але замякка

Разгалінаванасць роду Сангушкаў на Валыні ў першай палове XVI стагоддзя пачала давацца ў знакі. Прадстаўнікі розных ліній, спрачаючыся за спадчынныя землі, перыядычна звярталіся ў суд, пісалі лісты да караля, часам нават і ўчынялі гвалтоўныя наезды на сваякоў.

Найбольш гэтак шчыраваў якраз стрыечны брат Васіля Андрэй і асабліва ягоны сын Фёдар Андрэевіч. У адрозненне ад дзядзькі, Фёдар быў амбітным чалавекам. Ён заснаваў на сваіх землях некалькі вялікіх храмаў (напрыклад, Мікалаеўскі мужчынскі манастыр у вёсцы Мільцы Валынскай вобласці, які дзейнічае і цяпер), на загад Жыгімонта Старога арганізоўваў войскі для барацьбы з татарамі, актыўна набываў землі вакол сваіх асноўных уладанняў. Прычым не саромеўся карыстацца добрым да сябе стаўленнем каралевы Боны Сфорцы, каб займець яшчэ больш земляў. Як валынскі маршалак атрымаў права ўзначаліць апеляцыйны суд? Таксама, відаць, не без падтрымкі жонкі караля.

Але Фёдару Сангушку гэтага было мала, і ён працягваў павялічваць свае землі, сварачыся з суседзямі і забіраючы іх надзелы. Жыгімонт Стары неаднойчы пісаў да Фёдара, каб той спыніў наезды на іншых шляхцічаў, але агульны тон тых лістоў быў настолькі мяккі, што валынскага князя гэта не стрымлівала.

Спадзеў на сумленнасць каралевы

Ковельскі князь Васіль Міхайлавіч Сангушка, дзядзька Фёдара, відавочна прайграваў гэтую дыпламатычную бітву і ў 1543 годзе з’явіўся перад каралём з дзіўнай просьбай:

«Лета божага нараджэння 1543, месяца лютага, 28.

Стаў перад каралём Яго Міласцю асабіста князь Васіль Міхайлавіч Сангушка Ковельскі і паведаміў, што вялікія крыўды і ўціск ад братоў сваіх кроўных і ад іншых суседзяў сваіх навакольных мае і ніякай абароны ў тым сабе не мае, і ніякай справядлівасці ў крыўдах сваіх ад іх атрымаць не можа, і з-за гэтага вялікія страты і шкоды мае».

Скарга да караля на ваяўнічых і агрэсіўных сваякоў была звыклай для тых часоў. Але здзіўляе тое, як Васіль Сангушка прапанаваў вырашыць гэтую праблему.

Сангушка папрасіў «каб Яе Міласць (каралева Бона) усе ўладанні ягоныя, якія ён у руках трымае, узяла, а замест іх на іншым месцы замену яму дала, дзе ён мог бы спакойна жыць».

Не кожны дзень паўнавартасны князь адмаўляецца ад сваёй сямейнай рэзідэнцыі са стагадовай гісторыяй з прычыны канфліктаў са сваякамі. Але з іншых дакументаў вынікае, што Сангушка неаднойчы звяртаўся да каралевы Боны, каб тая выручыла яго.

Васіль Міхайлавіч даваў каралеве карт-бланш: ён прасіў Бону забраць ягоныя ўладанні ў абмен на любыя іншыя землі, якія яна магла прапанаваць.

Змяняў быка на індыка

Што такога мусіла здарыцца, каб чалавек, якому відавочна не пагражала фізічная расправа, а толькі сваяцкія канфлікты, мог наважыцца на такую авантуру?

Каралева Бона прапанавала Сангушку Горвальскую воласць (цяпер Горваль — вёска на рацэ Бярэзіне каля Рэчыцы), а таксама двары Смаляны і Абольцы ў Віцебскім павеце.

Замест латыфундый у цэнтры краіны ковельскія Сангушкі атрымалі надзелы на самым ускрайку Вялікага Княства.

Ці мог Васіль Міхайлавіч застацца задаволеным гэтым рашэннем? З аднаго боку, да злоcных сваякоў цяпер вельмі далёка, але замена выглядае нераўназначнай. Паўднёвыя землі Ковельшчыны, паміж багатымі Берасцем і Львовам, набліжаныя да Кракава і добра аддаленыя ад татараў і маскоўцаў… А замест іх — меншая па памеры паўночная зямля, якую ўжо сто год актыўна пляжылі памежныя войны з Масквой. І так далёка ад цэнтраў улады і агулам цывілізацыі!

Відаць, бачачы роспачны твар Васіля Міхайлавіча, кароль злітасцівіўся і дадаў да асноўных земляў яшчэ і Свіслацкае староства. Але Сангушка, здаецца, быў настолькі застрашаны ўласнымі сваякамі, што рады быў з’ехаць падалей. Падрабязнасцяў мы ўжо не даведаемся.

Фактам застаецца толькі тое, што ў 1543 годзе князь Васіль Міхайлавіч Сангушка Ковельскі з жонкай Сафіяй, сынам Грыгорыем і трыма дочкамі, Ганнай, Магдаленай і Марыяй, сабраўшы пажыткі, пераехаў з радавога гнязда ў далёкія Смаляны.

Такім замак у 1820-я гады ўбачыў Юзаф Пешка. Фота: WIKIMEDIA COMMONS

Такім замак у 1820-я гады ўбачыў Юзаф Пешка. Фота: WIKIMEDIA COMMONS

Так выглядаў замак, калі яго ў 1870-х маляваў Напалеон Орда. Фота: WIKIMEDIA COMMONS 

Так выглядаў замак, калі яго ў 1870-х маляваў Напалеон Орда. Фота: WIKIMEDIA COMMONS 

Сучасныя Сангушкі 

Менавіта лінія ковельскіх Сангушкаў дажыла да нашага часу. У ХІХ стагоддзі яны арганізавалі маштабную гаспадарку на Валыні, пабудавалі некалькі палацаў, страцілі частку іх за ўдзел у паўстаннях, але змаглі шмат вярнуць. На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў Сангушкі правялі вялікую працу і выдалі ўвесь архіў сваёй сям’і ў 7 тамах, у якім захаваліся і дакументы Жыгімонта Старога.

Новае гняздо

Для жыцця выбралі чамусьці менавіта Смаляны, а не багацейшыя на той момант Абольцы. Сам Васіль Міхайлавіч памёр дзесьці ў 1555 годзе, а ягоны сын Грыгорый пабудаваў у Смалянах вялікі драўляны двор, «острогом обведеный», дзе па перыметры стаялі кухня з камораю, пякарня, стайня, лазня, піўніца, свіран і клець, а пасярэдзіне «дом великий низкий» з некалькімі пакоямі і святліцамі, дзе жылі самі гаспадары. Жыць можна, але зусім не тое, што ў іх было ў Ковелі.

Пабудавалі ў Смалянах і новую праваслаўную царкву Святога Спаса, у якой, відаць, размясцілася родавая пахавальня. Там спачыў спачатку сам Васіль Міхайлавіч, а пасля ягоны сын Грыгорый і ўнук Андрэй (апошні дзесьці ў 1591 годзе). 

Паводле Дэулінскага мірнага пагаднення 1619 года Смаленшчына адышла да Вялікага Княства Літоўскага, мяжа з Маскоўскім царствам адсунулася на ўсход. Фрагмент рукапіснай карты Ізраэля Гопэ сярэдзіны XVII стагоддзя. Фота: IMAGO.BY

Паводле Дэулінскага мірнага пагаднення 1619 года Смаленшчына адышла да Вялікага Княства Літоўскага, мяжа з Маскоўскім царствам адсунулася на ўсход. Фрагмент рукапіснай карты Ізраэля Гопэ сярэдзіны XVII стагоддзя. Фота: IMAGO.BY

Не Сямён, а Шыман Самуэль

А наступны прадстаўнік дынастыі, Сямён Андрэевіч, захацеў перамен. Ён атрымаў добрую еўрапейскую адукацыю ў Інгальштацкім універсітэце ў Германіі, быў заўважным удзельнікам войнаў са Швецыяй, хадзіў разам з Ілжэдзмітрыем на Маскву. І дзесьці там, паміж Мюнхенам і прыгарадамі Масквы, пастанавіў перайсці з праваслаўя ў каталіцтва. Першы ў сваім родзе.

З нешматлікіх фактаў, якія дайшлі да нашага часу, складваецца ўражанне (магчыма, падманлівае), што Сангушка «злавіў» месіянскую хвалю, якая панавала тады сярод польскай і літоўскай шляхты.

Яны разбілі шведаў, дайшлі да Масквы, адбілі Смаленск — і ўсё гэта дзеля таго, каб пашыраць межы сваёй, каталіцкай, цывілізацыі на ўсход.

Сангушка загадаў называць яго не Сямёнам, а Шыманам Самуэлем, неталерантна ставіўся да праваслаўных на сваіх землях і нарэшце вырашыў пабудаваць у Смалянах каменны замак — задача, за якую ў той час браліся толькі вельмі сур’ёзныя магнаты.

Кафля з Белага Ковеля (рэканструкцыя), другая палова XVII стагоддзя.Тэкст расказвае пра будаўніка і гаспадара замка Шымана Самуэля Сангушку: што ён з Ковеля, валодае Абольцамі, Горвалем, Ракавам, Ахрынам, Друцкам і з'яўляецца ваяводам Віцебска і старастам Суража

Кафля з Белага Ковеля (рэканструкцыя), другая палова XVII стагоддзя.Тэкст расказвае пра будаўніка і гаспадара замка Шымана Самуэля Сангушку: што ён з Ковеля, валодае Абольцамі, Горвалем, Ракавам, Ахрынам, Друцкам і з'яўляецца ваяводам Віцебска і старастам Суража

У 1611 годзе Вялікае Княства Літоўскае забрала ў Масквы Смаленск, дзяржаўная мяжа пасунулася — і Сангушка, верагодна, палічыў, што гэта не апошні раўнд інтэрвенцыі. Масковія выглядала тады надзвычай слабай. Тады Шыман Самуэль і пачаў маштабнае будаўніцтва ў Смалянах каменнага замка.

Для рэзідэнцыі выбралі невысокую пляцоўку 100×200 м усярэдзіне балоцістай поймы рэчкі Дзярноўкі. Асновай замка быў трохпавярховы палац з адной вялікай вежай, тры карпусы ўтваралі невялікі ўнутраны двор.

Вялікай таямніцай застаецца пытанне земляных валоў і бастыёнаў вакол замка. Іх няма. Што для рэзідэнцыі таго часу вельмі незвычайна. Тут варта звярнуць увагу, што ў Гальшанскага замка, які будавалі Сапегі ў гэты ж самы час, валоў таксама выяўлена не было. Можа гэта была такая новая мода, а можа Сангушка лічыў пытанне агрэсіўнай Масковіі ўжо вырашаным? Але ж ёсць яшчэ іншыя «добразычлівыя» суседзі — ахвотныя да чужых земляў магнаты. Наўрад ці Шыман мог не ведаць гісторыю свайго прадзеда.

Вакол замка ніколі не было ні абарончых валоў, ні бастыёнаў

Вакол замка ніколі не было ні абарончых валоў, ні бастыёнаў

Не, гэтую гісторыю ён ведаў дакладна, бо назваў свой новы замак Белы Ковель, не жадаючы губляць сувязь са сваімі старымі ўладаннямі, а, магчыма, і з княскім тытулам.

Паводле апісанняў, замак быў звонку пабелены, а знутры размаляваны фрэскамі на біблейныя тэмы Страшнага суда. У замку Сангушка сабраў вялікую бібліятэку, сам даследаваў і склаў сямейны радавод, займаўся маляваннем і гравюрай, напісаў некалькі рэлігійных твораў. 

Кафля з родавым гербам Сангушкаў «Пагоня» з Белага Ковеля

Кафля з родавым гербам Сангушкаў «Пагоня» з Белага Ковеля

На Валыні спакайней

Шыман Самуэль моцна рызыкаваў, будуючы такі гмах блізка да мяжы з Масковіяй, але мы не маем звестак, як войны сярэдзіны XVII стагоддзя закранулі Смаляны. Затое дакладна ведаем, што ўчыніла Паўночная вайна.

У 1708 годзе Белы Ковель занялі шведскія войскі пад кіраўніцтвам генерала Габрыэля Ота Каніфера, ад’ютанта караля Карла XII. Тагачасны гаспадар Смалянаў Павел Караль Сангушка, праўнук Шымана Самуэля, стаяў на той момант на баку прыязнага Швецыі былога караля Станіслава Ляшчынскага, і шведы былі ў замку ў пэўным сэнсе гасцямі. Таму, відаць, дазволілі сабе крыху расслабіцца. За што і паплаціліся.

Аднаго дня зніадкуль узнік атрад казакаў, які разбіў шведаў, узяў у палон Каніфера і падпаліў замак.

Пасля вайны Павел Сангушка, падаецца, прывёў замак у парадак, але ўрэшце ўсё ж вырашыў перасяляцца назад на Валынь. На той момант ягоны род парадніўся з родам Астрожскіх і ў выніку збегу некалькіх фактараў стаў уласнікам вялізных валынскіх уладанняў — Астрожскай ардынацыі.

Павел Сангушка з жонкай Барбарай пабудавалі шыкоўны палац у Ізяславе (цяпер Хмяльніцкая вобласць Украіны), гарадскі палац у Гродне (ён захаваўся да сённяшняга дня) і кляштар манахаў-капуцынаў у Любліне, які і зрабілі сваім асноўным сямейным склепам. 

Палац Сангушкаў у Гродне захаваўся да нашых дзён. Ён быў пабудаваны ў самым цэнтры, адразу за Фарай Вітаўта. Фота: KROKAPP.COM

Палац Сангушкаў у Гродне захаваўся да нашых дзён. Ён быў пабудаваны ў самым цэнтры, адразу за Фарай Вітаўта. Фота: KROKAPP.COM

Пакінуты і разбураны

Са Смалянаў Сангушкі сышлі, пакінуўшы іх сваім перыферыйным уладаннем. І ўсяго праз паўстагоддзя замак стаў такім, якім яго ўбачыў мастак Юзаф Пешка. А ў 1820-х гадах руіну прадалі маскоўскаму чыноўніку Васілію Сямёнаву, які пачаў разбіраць яго на цэглу, пакуль не засталося тое, што 1870- х гадах убачыў Напалеон Орда. Падобную карціну можа ўбачыць і сучасны турыст, прыехаўшы ў гэту прыгожую вёску. Дзіўным чынам акварэль Орды нібыта закансервавала руіну Сангушкавай вежы і ўвесь навакольны далягляд.

Мураваныя касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканцаў былі пабудаваныя на грошы Сангушкаў ужо пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, калі Смаляны адышлі да Расійскай імперыі 

Мураваныя касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканцаў былі пабудаваныя на грошы Сангушкаў ужо пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, калі Смаляны адышлі да Расійскай імперыі 

Калі падлічыць, то атрымліваецца, што Сангушкі пражылі ў Смалянах крыху больш за 130 гадоў, пасля чаго вярнуліся на сваю родную Валынь. Хоць пра свае ўсходнія землі не забываліся. У другой палове XVIII стагоддзя Геранім Сангушка (сын Паўла) зафундаваў праз дарогу ад замка вялікі мураваны каталіцкі касцёл з францішканскім кляштарам. На той момант гэта была ўжо тэрыторыя Расійскай імперыі. 

Шыкоўны палац Сангушкаў у Ізяславе (Украіна) таксама разбураецца. Фота: BBC.COM, BY OLEKSII BUKHALO

Шыкоўны палац Сангушкаў у Ізяславе (Украіна) таксама разбураецца. Фота: BBC.COM, BY OLEKSII BUKHALO

Ці будзе на што глядзець?

Цяпер прадстаўнікі старажытнага роду жывуць у Бразіліі. Павел Сангушка ўзначальвае арганізацыю «Дом Сангушкаў» у Сан-Паўлу. Акурат перад пандэміяй кавіду ён прыязджаў у Літву і Украіну, дзе аглядаў старыя ўладанні свайго роду.

Аднойчы Сангушкі даедуць і да Смалянаў, каб паглядзець на велічны напамін пра тое, як адзін княжацкі род не па сваёй волі стаў аванпостам каталіцкай цывілізацыі на ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага. Хочацца верыць, што тады тут яшчэ будзе на што глядзець.

Клас
21
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?