Фота Радыё Свабода
Паводле Вольгі Севярынец, яны з мужам не гаварылі аб прысудзе і працэсе, а засяродзіліся на агульных сямейных справах.
«Францішак ужо добра гаворыць, і яны з Паўлам размаўлялі праз трубку. Сын рэагаваў, адказваў, усміхаўся і потым вельмі прасіў тату, каб ён з намі пайшоў на вуліцу пагуляць. Але неяк яму патлумачылі, што сёння не атрымаецца», — сумна ўспамінае Вольга.
Што казаў Павел Францішку, Вольга не чула, але пра некаторыя рэчы цяпер можа здагадацца.
«Раптам Францішак з прагулкі прынёс мне кветкі. Пытаюся, хто цябе навучыў, дык ён кажа, што тата. То-бок гэта Павал навучыў яго дарыць маме кветкі», — смяецца Вольга.
Паводле Вольгі, наведванне магілёўскай турмы стала для іх сына і праблемным досведам.
«Пачаў гуляць у турму. Да нас заходзіць суседка, дык зачыняе за ёй дзверы і кажа: «Усё, ты ў турме». Не ведаю, што з гэтым рабіць», — дзеліцца Вольга Севярынец.
Пра настрой Паўла Вольга кажа гэтак:
«Ён унутрана сабраны, спакойны. Сказала б, што частка яго ўжо жыве ў турме, мяркую, абдумвае тое, што там будзе. Але застаецца па-ранейшаму духоўна моцным, як крэмень. Перадаваў усім, хто яго падтрымлівае, вялікі дзякуй», — паведаміла Вольга Севярынец пра сустрэчу.