Наталля Хершэ ўжо прайшла абавязковы каранцін, а цяпер пачала працу.
Брат Хершэ Генадзь распавёў spring96.org, што спачатку Наталля працавала «на машыне», потым яе перавялі абразальніцай нітак. Яна прасіла дазволіць ёй працаваць у красоўках, бо там гэта забаронена. На працу не скардзіцца, хоць «на машыне» ёй было больш прыемна працаваць. Акрамя таго, яна прымала таблеткі пасля выхаду з галадоўкі, цяпер ужо скончыла. Стан здароўя цярпімы.
Наталля чакае, калі яе зможа наведаць у калоніі швейцарскі амбасадар. Адносіны з боку начальства калоніі нармальныя. Галадаць яна больш ня мае намеру.
У новым лісце палітзняволеная піша брату, што «сустракаць вясну ў калоніі — гэта як мінімум жорстка!», але яна імкнецца «заставацца на пазітыве». Акрамя таго, Наталля Хершэ апісвае свае ўмовы працы ў калоніі.
«Сёння нядзеля — адзін выходны на 14 дзён. На фабрыцы праца доўжыцца 6 гадзін плюс каля гадзіны на паход у сталовую».
Наталля скардзіцца на тое, што часу настолькі мала, што дапісаць адзін ліст ёй не заўсёды ўдаецца адразу. Як не хапае і часу нармальна паесці, бо ў атрадзе 100 чалавек, пасля вяртання з працы кожны хоча пад’есці, у выніку ўсе спяшаюцца паспець перад праверкай, а пасля яе адразу «вектар» — калектыўны прагляд відэаматэрыялу, у сталовай ніхто знаходзіцца ўжо не можа.
Раней Наталля прасіла ў брата даслаць ёй спартовыя штаны, паколькі планавала займацца спортам, але ў лісце за 27 сакавіка напісала, што яны ўжо наўрад ці спатрэбяцца, бо «спартовыя залы тут для «галачкі», а магчымасці іх наведваць у людзей няма».
«Акрамя працы тут яшчэ куча розных дзяжурстваў, разнарадак, інвентарных работ, працы па чыстцы гародніны — то-бок працы па калектыўным самаабслугоўванні. За ўвесь тыдзень у мяне не атрымалася ні разу выпіць гарбаты пасля працы».
Наталля не ведае, як гэта назваць, — пакараннем за злачынства, якое яна асабіста не здзяйсняла, або здзекам, прыніжэннем чалавечай годнасці. Цяпер яна чакае Правілаў унутранага распарадку, каб, у прыватнасці, паглядзець, чаму ёй забаронена атрымліваць перапіску з палітычнымі навінамі.
Таксама Хершэ наракае, што стрэс у калоніі «ўсюды, пачынаючы з пад’ёму».
Грамадзянку Швейцарыі Наталлю Хершэ, нараджэнку Оршы, 7 снежня 2020 году асудзілі па частцы 2 артыкула 363 (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў — яна сарвала бабалклаву) на 2,5 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
Напісаць палітзняволенай можна па адрасе: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.