Фота Белсат
Справу разгледзела суддзя Кацярына Мурашка. Дзяржабвінавачанне прадстаўляў пракурор Зубік. Абараняў дзяўчыну адвакат Станіслаў Абразей, паведамляе spring96.org.
Рэната Смірнова была затрыманая разам з хлопцам 1 лістапада на Маршы супраць тэрору ў Мінску. На яе завялі крымінальную справу і адпусцілі. Была затрыманая пры перасячэнні мяжы. Ёй змянілі меру стрымання і змясцілі пад варту да суда. Да затрымання дзяўчына працавала барыстай, збіралася паступаць у БДУ.
Стаяла ў першым шэрагу счэпкі
Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што 1 лістапада яна была на праспекце Незалежнасці ў групе асоб, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Менавіта — стаяла ў першым шэрагу счэпкі і блакіравала дарогу. Шкода Мінсктрансу — 10 689,76 рубля.
У аўтазак прыйшла сама — за хлопцам
Сведка — Іван Зубко (малады чалавек дзяўчыны), якому таксама прад'яўленае абвінавачанне па арт. 342. Ён таксама знаходзіцца пад вартай.
Іван распавёў, што яны прыехалі да завода «Луч», дзе ў тэлеграм-каналах быў пазначаны пункт збору. Праз дзесяць хвілін яны рушылі ў бок перасячэння з Валгаградскай, у раёне дзіцячай чыгункі стаяў таніраваны транспарт і супрацоўнікі АМАПа. Падчас пасяджэння прысутныя праглядзелі запіс з нагруднай камеры супрацоўніка АМАПа: на ёй бачна, што Смірнова стаіць не ў першым шэрагу, без плакатаў і сімволікі. Калі супрацоўнікі АМАПа накіравалі ў бок пратэстоўцаў зброю і запатрабавалі сысці з праезнай часткі, Смірнова «адразу ж падпарадкавалася». Аднак каля дома 101 па праспекце Незалежнасці пачаліся затрыманні, людзі сталі ў счэпку. Івана збівалі, душылі і павялі ў аўтазак — дзяўчына пайшла за ім і таксама папрасілася ў аўтазак. Спачатку яе спрабавалі накіраваць дадому, але потым забралі: у аўтазаку схапілі за валасы і паставілі на калені.
Калі пракурор дапытваў Зубко, ён запытаўся, чаму дзяўчына пайшла ў аўтазак.
Іван Зубко адказаў: «Высакароднасць, каханне…»
Зубкоў ведаў, што мерапрыемства несанкцыянаванае, на пытанне, чаму пры блакіроўцы не думалі пра іншых людзей у транспарце, адказаў, што ўсе іх падтрымлівалі.
Палітзняволеная Рэната Смірнова пацвердзіла сведчанні Івана Зубко. Удакладніла, што згодная з тым, што парушыла закон, але гэтае правапарушэнне ніяк не «цягне» на крымінальны артыкул.
Пры вобшуку былі вынятыя адзенне, у каторым дзяўчына была на мітынгу, два ноўтбукі, відэакамера, два мабільныя тэлефоны, планшэт, фотаапарат, электронная кніга, цвёрды дыск, флэшкі.
Сведкі не пазналі Смірнову
Сведкамі абвінавачання выступілі Аляксееў, Купарчук, Свірыдаў, Шэўчык і Назараў (усе засакрэчаныя). Чацвёра з іх казалі аднолькавыя рэчы, пяты — Шэўчык — не з'явіўся на пасяджэнне. Ніхто з іх не пазнаў Рэнату Смірнову. Свірыдаў сказаў, што дзяўчына выкрыквала «антыдзяржаўныя лозунгі», але не згадаў, якія.
Яшчэ адна сведка — прадстаўніца Мінсктранса — юрысконсульт Настасся Кузняцова сказала, што не памятае абставін пазову: яго падавала пракуратура. Дакументаў у яе з сабой не было.
Пракурор запрасіла для палітзняволенай Рэнаты Смірновай два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — «хатняй хіміі», а таксама вызваліць яе з-пад варты пад заклад.
Адвакат прапанаваў закрыць справу, таму што за адно правапарушэнне двойчы не прыцягваюць да адказнасці, а пра справе за першага лістапада Рэнату ўжо асудзілі па адміністрацыйным артыкуле.
Суддзя Кацярына Мурашка прысудзіла дзяўчыне два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — «хатняй хіміі».