Такое рашэнне прыняла суддзя суда Маскоўскага раёна Вера Філонік. Сцяг «Пагоня» яна пастанавіла знішчыць, паведамляе Брэсцкая газета.

Берасцейцу з БЧБ-сцягам на галаве Андрэю Прыстаўку 28 снежня далі 15 дзён за адзіночны пікет. Новы год актывіст, якога затрымлівалі ўжо сем разоў, сустрэне ў ІЧУ.

Андрэя затрымалі 24 снежня, калі ён выйшаў на адзіночны пікет са сцягам «Пагоня» насупраць аддзялення міліцыі ў Паўднёвым. Два дні ён правёў у ІЧУ, потым адбыўся суд і справа была адпраўлена на дапрацоўку, мужчыну адпусцілі. А раніцай 28 снежня яго зноў адвезлі ў суд, які вынес рашэнне — пакараць Прыстаўку 15 суткамі адміністрацыйнага арышту, а сцяг знішчыць.

Андрэй Прыстаўка — інжынер-праграміст. У інтэрв'ю «Брэсцкай газеце» ён расказваў, што ўпершыню актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны ён пачаў яшчэ ў 2011 годзе, калі выйшаў на маўклівую акцыю пратэсту. Тады берасцеец упершыню апынуўся і ў ІЧУ Ленінскага РАУС.

Пасля гэтага дзевяць гадоў Прыстаўка быў «кухонным апазіцыянерам»: у 2015 годзе нават на выбары не хадзіў.

А мінулай вясной, пасля таго, як у Гродне падчас пікета па зборы подпісаў затрымалі Сяргея Ціханоўскага, Андрэю «стала жудасна не па сабе». Ён пайшоў валанцёрам у штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Валерыя Цапкалы, разам з братам збіраў подпісы за яго вылучэнне не толькі ў пікетах, але і па кватэрах.

Падчас выбараў гэтага года ён быў назіральнікам, потым не раз выходзіў на акцыі пратэсту, яго затрымлівалі. У кастрычніку, выйшаўшы з ІЧУ пасля 15 дзён арышту, Прыстаўка пафарбаваў валасы і бараду ў колеры нацыянальнага сцяга і цяпер увесь час знаходзіцца ў стане адзіночнага пікету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0