18 снежня дэпутаты прынялі ў другім чытанні новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Як сказана на сайце Палаты прадстаўнікоў, пасля першага чытання законапраект быў значна дапрацаваны — разгледжана больш за 700 заўваг і прапаноў. Дакумент яшчэ не падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам і афіцыйна не апублікаваны. У тэлеграм-каналах тым часам з'явіўся праект КаАП, на першай старонцы якога сказана, што ён быў прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі 18 снежня.

фота Надзеі Бужан

фота Надзеі Бужан

Якія істотныя новаўвядзенні могуць з'явіцца? Разбіраўся Tut.by

— Уводзіцца новы від пакарання — грамадскія працы (ад 8 да 60 гадзін). Пры гэтым яны могуць прызначацца толькі пры згодзе чалавека.

— Агульны тэрмін адміністрацыйнага арышту застаўся без зменаў - да 15 сутак. Але за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (цяперашні артыкул 23.34), якое лічыцца самым небяспечным адміністратыўным правапарушэннем — да 30 сутак.

— Раней нават за здзяйсненне некалькіх адміністрацыйных правапарушэнняў у сукупнасці тэрмін арышту не мог перавышаць 25 сутак, цяпер у праекце дакумента гаворыцца, што пры здзяйсненні некалькіх правапарушэнняў максімальны тэрмін адміністратыўнага арышту можа скласці да 30 сутак.

— Вядомы артыкул 23.34 (у новым кодэксе ён будзе называцца 24.23) моцна зменены. Раней пры ўдзеле ў незаконным масавым мерапрыемстве можна было атрымаць папярэджанне, цяпер такую меру з артыкула прыбралі. Максімальны памер штрафу павялічаны з 30 да 100 базавых велічынь. Пры прыцягненні па гэтым артыкуле паўторна змогуць аштрафаваць на суму да 200 базавых велічынь (цяпер 5400 рублёў).

— Значна ўзмоцненая адказнасць за непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы. Так, за непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі, напрыклад, за адмову праехаць у РУУС для дачы тлумачэнняў альбо высвятлення асобы, штраф павялічаны з 50 да 100 базавых велічынь, таксама прадугледжваецца пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ.

— Уведзеная адказнасць за абразу службовай асобы ў інтэрнэце, за гэта могуць пакараць штрафам да 200 базавых велічынь, грамадскімі працамі, арыштам. Раней за абразу службовай асобы быў прадугледжаны толькі штраф да 50 базавых велічыняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0