Экс-пасол Беларусі ў Аргенціне Уладзімір Астапенка падаў у суд на МЗС. Былы дыпламат праз суд патрабуе змяніць у загадзе аб яго звальненні фармулёўку прычыны звальнення, піша Tut.by.

Уладзімір Астапенка (справа). Фота: МЗС Беларусі.

Уладзімір Астапенка (справа). Фота: МЗС Беларусі.

Нагадаем, Уладзімір Астапенка падаў у адстаўку ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасня, заявіўшы, што верыць «у лепшую будучыню для беларускага народа». 27 кастрычніка амбасадар адклікаў гэтую заяву і падаў новую, у якой запатрабаваў свайго звальнення са спасылкай на артыкул 41 Працоўнага кодэкса ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства. У ім ён таксама падкрэсліў, што цэлы шэраг дзеянняў наймальніка стварае аб'ектыўныя ўмовы для непрызнання легітымнасці кіраўніка дзяржавы і міжнароднай ізаляцыі Беларусі.

3 лістапада Лукашэнка падпісаў указ аб звальненні Астапенкі і пазбаўленні яго дыпламатычнага рангу «у сувязі з учыненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дыпламатычнай службе».

Астапенка катэгарычна не згодны з такой фармулёўкай прычыны свайго звальнення і падаў на МЗС пазоў у суд Ленінскага раёна Мінска.

Адвакат экс-пасла Сяргей Зікрацкі растлумачыў, што з юрыдычнага пункту гледжання наймальнікам дыпламата было Міністэрства замежных спраў. Яно выдала загад аб звальненні Астапенкі, падставай якога стаў указ Лукашэнкі, паколькі адхіленне ад пасады амбасадара і фармулёўка, па якой ён адхіляецца ад пасады, — прэрагатыва прэзідэнта.

— У нас ёсць указ Лукашэнкі аб звальненні Астапенкі і пазбаўленні яго дыпламатычнага рангу «у сувязі з учыненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дыпламатычнай службе». І на падставе гэтага ўказу МЗС выдаў загад аб яго звальненні з той жа фармулёўкай. Таму Астапенка падаў пазоў супраць МЗС. Пазоў тычыцца непасрэдна фармулёўкі прычыны звальнення, таму што тое, што яго звольнілі, яго цалкам задавальняе — ён сам падаваў заявы на звальненне, тлумачачы гэта тым, што існуючая ўлада недастаткова легітымная і тыя парушэнні, якія былі дапушчаныя бягучай уладай, не давалі яму маральнага і юрыдычнага права ажыццяўляць дыпламатычную службу, — распавёў адвакат.

Астапенка настойвае на тым, што звольніць яго павінны былі па пагадненні бакоў пасля яго другой заявы аб звальненні, дзе ён спасылаўся на артыкул 41 Працоўнага кодэкса ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства, якія перашкаджаюць выкананню яго працы па працоўнаму дагавору.

Сам экс-амбасадар знаходзіцца не ў Беларусі і ўдзельнічаць у пасяджэнні мае намер па відэасувязі — адвакат плануе хадайнічаць пра гэта перад судом.

На 18 снежня адвакат Сяргей Зікрацкі і прадстаўнік адказчыка — Міністэрства замежных спраў — выкліканыя ў суд на апытанне, падчас якога суддзя ўдакладніць пазіцыі бакоў і прызначыць дату папярэдняга пасяджэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?