Стывэн Біган, намесьнік дзяржсакратара ЗША, правёў гутарку ў рэжыме онлайн са Сьвятланай Ціханоўскай.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», 15 сьнежня намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Біган прыняў удзел у віртуальнай дыскусіі, арганізаванай Германскім фондам Маршала, з лідэрам беларускай апазыцыі і кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2020 году Сьвятланай Ціханоўскай.

Дыскусія была прысьвечаная працягламу палітычнаму крызісу ў Беларусі. Намесьнік дзяржсакратара яшчэ раз пацьвердзіў рашучую падтрымку ЗША ў барацьбе беларускага народа за свае правы і за дэмакратычную будучыню сваёй краіны.

Стывэн Біган падкрэсьліў, што Злучаныя Штаты выступаюць за дыялёг паміж Каардынацыйнай радай беларускай апазыцыі і беларускімі ўладамі з мэтай урэгуляваньня крызісу: «Голас беларускага народа павінен быць пачуты міжнароднай супольнасьцю».

Вашынгтон, адзначыў намесьнік дзяржсакратара, заклікае правесьці ў Беларусі сапраўды свабодныя і справядлівыя выбары пры ўдзеле міжнародных назіральнікаў, а таксама безумоўна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і несправядліва затрыманых.

На мінулым тыдні, выступаючы ў рэжыме онлайн у вашынгтонскай Атлянтычнай Радзе, лідэрка беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што грамадзтва ў Беларусі рашуча настроенае на перамены і яму патрэбна падтрымка заходніх краін.

«Беларускі народ ня спыніцца, пакуль Лукашэнка ня сыдзе ў адстаўку. Ён нясе адказнасьць за масавыя фальсыфікацыі, гвалт і хлусьню ў дачыненьні да небясьпекі пандэміі COVID-19. На гэты раз цярпеньню людзей прыйшоў канец. Пратэсныя настроі настолькі моцныя, што нават жорсткае зьбіцьцё і катаваньні не могуць іх зьнішчыць, — сказала Ціханоўская. — Беларусы здолелі сфармаваць трывалую сетку салідарнасьці. Шляху назад няма. Паводле апошніх апытаньняў, беларусы гатовыя пратэставаць столькі, колькі неабходна. І я ўпэўненая, што мы дасягнём галоўнай мэты — правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0