Tut.by даслалі дакумент з загадам кіраўніка філіяла «Мінсктранса». У дакуменце гаворка ідзе пра кіроўцу, у спіну якога 10 жніўня трапіла святлошумавая граната і аб тым, што ў вядзенні крымінальнай справы па гэтым выпадку следчыя адмовілі.

Фота Дар'і Буракінай

Фота Дар'і Буракінай

У загадзе, які атрымалі супрацоўнікі філіяла «Мінсктранса», гаворка ідзе пра тое, каб правесці прафілактычную працу і пазапланавы інструктаж, каб выключыць выпадкі траўматызму на працы. Звязана гэта з «няшчасным выпадкам на вытворчасці» Паўла Сібілева — кіроўцы аўтобуса, у якога трапіла святлошумавая граната 10 жніўня. У загадзе «Мінсктранса» таксама сказана, што Фрунзенскі раённы аддзел Следчага камітэта выпісаў пастанову ад 25 лістапада 2020 года аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы.

— Следства прыйшло да высновы, што факт наўмыснага здзяйснення супрацоўнікамі праваахоўных органаў дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, прадастаўленых ім па службе, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян альбо дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам, спалучанай з гвалтам, пакутай або абразай пацярпелага альбо прымянення зброі або спецыяльных сродкаў, не знайшоў свайго пацверджання, у сувязі з чым у дзеяннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў адсутнічае склад злачынства арт. 426 КК Рэспублікі Беларусь (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Падчас праверкі ўстаноўлена, што Сібілеў П. Г. атрымаў наяўныя ў яго цялесныя пашкоджанні ў выніку няшчаснага выпадку, а менавіта выбуху на адлегласці 1 метра ад яго святлошумавой гранаты.

У дакуменце рэзюмуюць, што сілавікі знаходзіліся далёка, таму зрабіць мэтанакіраваны стрэл было немагчыма. На думку следства, не ўстаноўлена, што няшчасны выпадак адбыўся па віне сілавікоў або па віне службовых асоб «Мінсктранса».

Павел Сібілеў адмовіўся ад каментароў.

Нагадаем, Павел Сібілеў — пацярпелы ад сілавога разгону пратэстаў вечарам 10 жніўня. Яго аўтобус № 163 (Сухарава-Варанянскага) быў заблакаваны на дарозе паміж прыпынкамі ля станцый метро «Спартыўная» і «Пушкінская». Высадзіўшы пасажыраў, Павел і яго калегі з іншых аўтобусаў і тралейбусаў чакалі, калі можна будзе праехаць. Мужчына атрымаў раненне ад святлошумавой гранаты, калі вяртаўся ў салон. Раней ён распавядаў, што яго проста прыпячатала да аўтобуса. У ваенным шпіталі ён правёў месяц. У медыцынскай выпісцы было пазначана: мінна-выбуховае раненне вобласці паясніцы з шырокім дэфектам мяккіх тканін, агнястрэльны пералом атожылкаў LII-LIII пазванкоў, множныя паверхневыя раненні левага пляча, удар нырак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0