Фота Надзеі Бужан
Палітык Юры Губарэвіч атрымаў са Следчага камітэта адказ на свой зварот з ініцыятывай завесці справу паводле ч. 3 арт. 357 КК (Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады, якія прывялі да гібелі людзей цi звязаныя з забойствам) у дачыненні да грамадзяніна Аляксандра Лукашэнкі.
Адказ на свой зварот Губарэвіч атрымаў ад начальніка галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю СК Сяргея Цішука. У адказе гаворыцца, што зварот Губарэвіча «носіць агульны характар», па выніках яго разгляду падстаў да крымінальнай справы не пабачылі.
«Можна зразумець чаму. Бо па гэтым артыкуле і добрую палову супрацоўнікаў СК давядзецца прыцягнуць у якасці саўдзельнікаў. На думку СК, зварот (насамрэч была пададзена заява) носіць агульны характар. Напэўна лічаць, што фактаў і доказаў недастаткова. Насамрэч доказная база напаўняецца кожны дзень. І справа абавязкова атрымае ход. Ужо пры новай уладзе», — напісаў Губарэвіч у фэйсбуку.