Апошняя гульня ў чэмпіянаце Беларусі прайшла 8 жніўня, пасля гэтага беларусам было абсалютна не да футболу. Перамога брэсцкага «Дынама» на старце адбору ў Лізе чэмпіёнаў прайшла амаль не заўважанай, тое ж, відаць, чакае і матчы вышэйшай лігі.

На іх можна было чакаць праяў салідарнасці з боку фанатаў, заўзятараў і нават футбалістаў, таму федэрацыя прыняла рашэнне правесці без гледачоў усе матчы на гэтым тыдні, нават жаночай лігі.

Антураж гульні дублюючых складаў «Іслачы» і «Шахцёра». Фота: ФК «Іслач».

Антураж гульні дублюючых складаў «Іслачы» і «Шахцёра». Фота: ФК «Іслач».

Мінулы тур прайшоў ва ўсечаным фармаце — праз «форс-мажорныя абставіны» былі перанесеныя дзве гульні, якія павінны былі прайсці ў Мінску. З тых, што былі згуляныя, адзначым перамогу «Шахцёра» над брэсцкім «Дынама», якая паралельна з нічыей «Нёмана» дазволіла салігорцам аднаасобна заняць першы радок табліцы. Таксама адзначым другую запар перамогу «Белшыны» — бабруйчане ўжо не апошнія ў табліцы.

Вось усе вынікі матчаў 21 тура:

  • «Белшына» — «Слуцк» 4:2 (10, 50, Рэкіш; 20, Глябко; 27, Салімаў — 62 (п), Бураеў; 82, Гафар)
  • «Шахцёр» — «Дынама-Брэст» 1:0 (79, Падстрэлаў)
  • «Віцебск» — «Іслач» 2:3 (37, Матвеенка; 76, Назаранка — 13, Юсаў; 50, Януш; 65, Макась)
  • «Энергетык-БДУ» — «Нёман» 1:1 (12, Свірэпа — 47, Жукоўскі)
  • «Рух» — «Тарпеда-БелАЗ» 3:3 (16, Грачыха; 65, Шаўчэнка; 78 (п), Васільеў — 19 (п), Габрыэл Рамас; 58, Анцілеўскі; 70, Хачатуран) 
  • БАТЭ — «Гарадзея» 1:0 (1, Скавыш) 
  • «Мінск» — «Славія» — матч перанесены
  • «Дынама-Мінск» — «Смалявічы» — матч перанесены

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

А цяпер пераходзім да матчаў, якія мусяць прайсці з 21 па 23 жніўня. 

«Слуцк» — «Дынама-Мінск»

У мінчукоў гульнявая паўза зацягнулася: апошні матч быў згуляны 1 жніўня. Потым былі перанесеныя матч чэмпіянату са «Смалявічамі» і кубкавы супраць «Крумкачоў». 

Вымушаную паўзу «Дынама» забіла спарынгамі з камандамі першай лігі, але гэта не тое, што трэба перад стартам у еўракубках. Матч са «Слуцкам» мусіць стаць праверкай баяздольнасці каманды Кучука.

Прагноз «НН»: перамога «Дынама».

«Іслач» — «Шахцёр»

«Іслач» набрала добры ход, выйграўшы апошнія тры матчы, і наўрад ці ў клубе вельмі абрадаваліся двухтыднёваму прастою. Тым больш перад сустрэчай з лідарам табліцы.

«Шахцёру» трэба далей рухацца без Віталя Лісаковіча: той пераехаў у маскоўскі «Лакаматыў». Але пакуль падстаў для перажыванняў няма.

Галоўнае пытанне: ці зможа Мікалай Януш працягнуць сваю галявую серыю ў матчы супраць сваёй былой каманды?

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».

«Дынама-Брэст» — «Белшына»

Нягледзячы на «тэнісную» перамогу ў лізе Чэмпіёнаў з лікам 6:3, ва ўнутраным чэмпіянаце ў брэсцкага «Дынама» ўсё дрэнна. Чэмпіёны перамаглі толькі ў адным з пяці апошніх матчаў, а ў табліцы «бела-сінія» наогул апынуліся ў другой палове.

Берасцейцы ўжо патрэніраваліся гуляць пры пустых трыбунах у матчы Лігі чэмпіёнаў. Фота: ФК «Дынама-Брэст».

Берасцейцы ўжо патрэніраваліся гуляць пры пустых трыбунах у матчы Лігі чэмпіёнаў. Фота: ФК «Дынама-Брэст».

Што тычыцца «Белшыны», то каманда выйграла дзве гульні, якія павінна была выйграць, забіўшы 7 мячоў, і наблізілася шчыльна да мяжы зоны вылету. Змаганне працягваецца.

Прагноз «НН»: тотал, большы за 2.5.

«Энергетык-БДУ» — «Смалявічы»

«Студэнты» змаглі перарваць зайздросную сухую серыю «Нёмана», якая склала цэлых дзевяць матчаў, і заваяваць нічыю з адным з лідараў.

Цяпер па раскладзе — сустрэча са «Смалявічамі», і гэта добрая магчымасць выйграць упершыню з пачатку ліпеня. Супернікі праз пераносы не гуляюць з 1 жніўня, а пра кадравы стан паўтараць няма патрэбы.

Прагноз «НН»: перамога «Энергетыка».

«Гарадзея» — «Рух»

«Рух» — адна з каманд-неспадзяванак гэтага чэмпіянату. Калі шарм мінскіх «студэнтаў» ужо распусціўся, то каманда Сяднёва працягвае змагацца, і нават лепш за другую брэсцкую каманду.

У суботу берасцейцы едуць у Гарадзею, чыя каманда выйграла ўсяго двойчы ў апошніх 16 турах. За гэты час «Рух» столькі ж разоў прайграў, таму фаварыт відавочны.

Прагноз «НН»: «Рух» не саступіць.

«Славія» — «Віцебск»

Матч гэтых каманд 15 тураў таму быў проста трылерам і скончыўся эпічным камбэкам і перамогай «Славіі» ў гасцях. 

«Славіі» таксама не пашчасціла згуляць два тыдні таму, таму прастой крыху зацягнуўся. Ці зможа гэтым скарыстацца «Віцебск»?

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Мінск»

Дэбют Вадзіма Скрыпчанкі адклаўся ажно на два тыдні. І сімвалічна, што ён адбудзецца ў гульні з «Тарпеда», якое ён летась трэніраваў.

Вядома, што ў Жодзіне нават за такі кароткі час амаль усё змянілася, але, магчыма, досвед дапаможа Скрыпчанку.

Прагноз «НН»: перамога «Тарпеда».

«Нёман» — БАТЭ

І на дэсерт матч тура, які без гледачоў згубіць, на жаль, увесь антураж.

11 жніўня быў затрыманы форвард БАТЭ і зборнай Беларусі Антон Сарока, пасля ён быў асуджаны на 7 дзён арышту. У яго падтрымку выступілі як партнёры па камандзе, так і футбалісты іншых каманд, а гендырэктар БАТЭ Міхаіл Залеўскі выкінуў сваю міліцэйскую форму. Сам клуб затрыманне свайго футбаліста не пракаментаваў.

У выніку Сарока быў адпушчаны з жодзінскага СІЗА 14 жніўня, пра ягоны стан не паведамляецца.

Антон Сарока. Фота: ФК «Мінск».

Антон Сарока. Фота: ФК «Мінск».

Але гэта не адзіная страта БАТЭ: абаронца Захар Волкаў, датычны да дамоўных матчаў, дыскваліфікаваны на 2 гады федэрацыяй футболу. 

Прагноз «НН»: Наўрад ці варта чакаць мноства небяспечных момантаў — гэта гульня, як кажуць, за 6 балаў. Таму спрагназуем тотал, меншы за 2.5.

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?