Нішто ў гісторыі не робіцца само сабой. Гісторыя складаецца з таго, што людзі робяць тут і цяпер, нагадаў у сваёй новай публічнай лекцыі прафесар Цімаці Снайдэр.

Прафесар Ельскага ўніверсітэта ў ЗША Цімаці Снайдэр найбольш вядомы сваімі грунтоўнымі кнігамі, прысвечанымі гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, такімі як «Крывавыя землі: Еўропа паміж Гітлерам і Сталіным» і «Рэканструкцыя нацый: Польшча, Украіна, Літва, Беларусь (1569-1999 гг.)».

Адна з тэмаў, да якіх Снайдэр у апошнія гады рэгулярна звяртаецца ў публічных лекцыях, — крытыка таго, што ён называе «палітыкай непазбежнасці» і «палітыкай вечнасці».

«Палітыка непазбежнасці» — вера ў тое, што «ўсё зробіцца само сабою», што гісторыя сама, паводле аб’ектыўных законаў, непазбежна рухаецца ў нейкім кірунку, напрыклад да «канца гісторыі», паўсюднага трыумфу свабоды і дэмакратыі. У беларускім варыянце гэта таксама даўняя вера ў тое, што Беларусь пяройдзе да дэмакратыі і беларускасці проста са зменай пакаленняў, нават калі не змагацца за гэта.

А «палітыка вечнасці» — гэта іншы полюс, вера ў тое, што «нічога не памяняеш» і «нічога не зменіцца». Пры такім успрыманні гісторыі яна вісіць над людзьмі як прысуд. Гэта можа быць таксама апеляцыя да слаўнага мінулага. Але гэта можа быць і згубная вера ў непарушнасць статус-кво, нават калі нічога не рабіць. Так нашы продкі да апошняга верылі, што Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая неяк жа выстаяць, як раней выстойвала. 

У лекцыі для студэнтаў Ельскага ўніверсітэта Снайдэр разважае пра небяспекі антыгістарызму найперш у кантэксце амерыканскай палітыкі. Аднак яго рэфлексіі кладуцца і на нашы беларускія дэбаты.

Мінск, 2020. Фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц

Мінск, 2020. Фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц

Антон Знаткевіч на «Радыё Свабода» запісаў тэзісы лекцыі прафесара Снайдэра. Прапануем іх тут вашай увазе.

Гісторыя заўсёды палітычная

Я пачну з рэчаў, якія здаюцца надзвычай простымі, але пра якія часта забываюцца.

Каб мець гісторыю, трэба мець адчуванне часу — са складанай мінуўшчынай, цяперашнім часам, які з мінулым звязаны, і будучыняй, якая пакуль што нявызначаная, але яна таксама неяк звязаная з мінулым.

Чаму я кажу пра «палітычнасць» гісторыі? Бо калі вы мысліце гістарычна, то ў вас ёсць палітычнае ўяўленне. Калі вы ведаеце пра мінулае, дык ведаеце, што здараліся розныя рэчы і што яны былі магчымыя.

Больш за тое, калі вы сапраўды разумееце нейкі момант з мінулага, вы разумееце, што ў ім ёсць не толькі тое, што адбылося, але і тое, што магло адбыцца. І калі вы здольныя бачыць гэтыя рэчы, вы таксама развіваеце палітычнае ўяўленне. Вы будзеце больш падазрона ставіцца да дэтэрміністычных ідэй, якія кажуць: «Гэта абавязкова павінна быць вось такім чынам».

У гісторыі нішто не састарэла канчаткова — усё, што было ў мінулым, нейкім чынам звязана з цяперашнім часам, нават калі мы не можам пабачыць усіх гэтых сувязяў. Але таксама нішто не ёсць цалкам новае. Гэта не значыць, што гісторыя паўтараецца, не. Яна нават не рыфмуецца, хоць Марк Твен быў геній. Але калі вы мысліце гістарычна, вы ніколі не можаце быць цалкам здзіўлены.

«Палітыка непазбежнасці»

Але ёсць і магутныя агістарычныя, нават антыгістарычныя спосабы ўспрымання часу. Адзін з іх я называю «палітыкай непазбежнасці». У «палітыцы непазбежнасці» мы ведаем, куды рухаецца час. Мы ўпэўненыя, чым гэта завершыцца.

На Захадзе і асабліва ў Злучаных Штатах апошнімі дзесяцігоддзямі нас захапіла ідэя, што ўсё непазбежна прыйдзе да ліберальнай дэмакратыі. Фірмовым знакам гэтай ідэі быў «Канец гісторыі» [кніга Фрэнсіса Фукуямы — НН]. Маўляў, калі мы не маем іншых ідэяў, значыць, гісторыя рухаецца ў кірунку ліберальнай дэмакратыі.

«Палітыка непазбежнасці» можа выглядаць як гісторыя, разумныя людзі могуць яе абараняць, але насамрэч гэта была замена адной тэлеалогіі на іншую. Tele- значыць «мэта», і мы назіралі веру ў тое, што гісторыя непазбежна рухаецца да вызначанай мэты.

У 1989-1991 гадах людзі сказалі: гісторыя камунізму непраўдзівая, няма непазбежнай сацыялістычнай рэвалюцыі і камуністычнай утопіі, таму — і тут вялікая памылка — таму павінна быць праўдзівай іншая гісторыя, пра непазбежнасць ліберальнай дэмакратыі. Фундаментальная памылка — казаць, што калі адна тэлеалогія памылковая, дык іншая мае быць правільнай.

Непазбежнасць спараджае параною

Калі табе здаецца, што ты ведаеш, куды ідзе гісторыя, дык табе не абавязкова ведаць нешта пра мінулае. А тыя некалькі рэчаў, якія ты пра мінулае ведаеш, ты можаш упісаць у гісторыю непазбежнай будучыні — табе не патрэбны для гэтага гістарычны падыход, не патрэбна ўяўленне.

Непазбежнасць часам спараджае параною. Гэта погляд на гісторыю як у фільме «Матрыца» — пад покрывам штодзённасці хаваецца іншая рэальнасць. Калі ёсць толькі адна гісторыя, дык вы кажаце сабе: «Ага, значыць, павінна быць контргісторыя — у ідэале з Керы-Эн Мос, скураным адзеннем, спецэфектамі і запаволенымі кулямі.

Другая магчымая рэакцыя — палітычная нуда. У нямецкай мове ёсць добрыя словы для ўсяго, і тут ёсць слова Alternativlosigkeit — безальтэрнатыўнасць. Калі вы пагаджаецеся, што альтэрнатываў няма, дык палітыка робіцца неверагодна нуднай.

«Палітыка непазбежнасці» вельмі ўразлівая на шокавыя падзеі. Калі здараецца нешта значнае, схема не працуе. Людзі не ведаюць, як трактаваць нешта такое, як [тэрарыстычныя напады ў ЗША] 11 верасня 2001 года. А паколькі вы пераканалі сябе, што мінулае не мае значэння, дык пасля шокавых падзеяў людзі пачынаюць казаць: «Усё змянілася, усё новае». Ад гэтага зусім малы крок да словаў: «Усё дазволена». Такое з намі здарылася ў 2001 годзе — і вельмі імаверна, што здарыцца зноў.

«Палітыка вечнасці»

Рызыка ў тым, што мы пераключымся з «палітыкі непазбежнасці» на «палітыку вечнасці». Гэтая палітыка адсылае нас да мінулага, але ніколі нічога не тлумачыць. Усё нібыта адбывалася прыблізна ў адзін час. Ключавая эмоцыя тут настальгія, але гэта настальгія па рэчах, якіх не было.

Гэта калі Расія будуе помнік князю Уладзіміру ў Маскве, дзе ён не мог быць, бо гэтага горада тады яшчэ не было. Ці калі Брытанія або Францыя ўяўляюць, што ў міжваенны час у ХХ стагоддзі яны былі нацыянальнымі дзяржавамі. Але яны такімі не былі ніколі, таму настальгія Брэксіту — гэта настальгія па нічым. Францыя спачатку была імперыяй, а потым далучылася да еўрапейскага інтэграцыйнага праекта.

Вельмі папулярная схема бязвіннай нацыі, якая ўвесь час мела рацыю і на якую ўвесь час нехта нападаў звонку. Ва Усходняй Еўропе такое рамантычнае ўяўленне пра гісторыю жыве дагэтуль. Мінулае рухалася цыклічна — на нас заўсёды нападалі з захаду ці на нас заўсёды нападалі з усходу, заўсёды было зашмат імігрантаў, ці нешта яшчэ.

А паколькі ўсё рухаецца так схематычна, дык няма патрэбы шукаць тлумачэнне і — што вельмі важна — ніхто не нясе адказнасці. У такім свеце цяжка разважаць пра палітыку і лідарства. І якраз у такім свеце з'яўляецца канцэпцыя Бацькі з вялікай літары — Дучэ, Кіраўніка дзяржавы ці Фюрара — які жыве па-за гісторыяй і ратуе нацыю, народ ад вонкавай пагрозы. Якраз у «палітыцы вечнасці» мае сэнс ідэя палітычнага Збаўцы.

Калі вы прымаеце такое разуменне часу, дык з'яўляецца адчуванне пастаяннай пагрозы і выключэнні робяцца правіламі, такія як выбух будынка ці тэрарыстычны напад. Нават калі яны не адбываюцца ўвесь час, яны ўвесь час чакаюцца.

У такім свеце як вы можаце думаць пра будучыню? Як у вас хапае нахабства думаць пра будучыню, калі мы пад такім ціскам з усіх бакоў і вораг увесь час гатовіцца на нас напасці? Як вы можаце думаць пра рэформы ў дзяржаве, калі дзяржава вас абараняе? Вось рыторыка фашызму.

Чаму важна мысліць гістарычна

Мне здаецца важным казаць пра гэтыя два антыгістарычныя падыходы, бо мы, магчыма, якраз цяпер пераключаемся з аднаго на другі. Гэта адбываецца вельмі лёгка. Вельмі лёгка пераскочыць ад мадэлі «Мне трэба падпарадкоўвацца ўладзе, бо яна кажа мне праўду пра тое, як усё ідзе да лепшага» да мадэлі «Мне трэба падпарадкоўвацца ўладзе, таму што я іншага жыцця не ўяўляю».

Любое намаганне мысліць гістарычна — гэта ўжо спосаб супрацьстаяць такому падыходу. Калі вы мысліце гістарычна, дык робіце прышчэпку супраць абодвух гэтых падыходаў, вы ствараеце час.

Калі я кажу пра стварэнне часу, гэта не метафара. Бо «палітыка непазбежнасці» і «палітыка вечнасці» забіраюць у вас час. А час — гэта перадумова для палітычнага дзеяння, для палітычнай свабоды.

«Палітыка непазбежнасці» — гэта тое, у чым мы жылі. Цяпер гэта здаецца неверагодным, але вас у ёй гадавалі. Гэта сур’ёзная памылка, якую зрабіла папярэдняе пакаленне. «Палітыка вечнасці» — гэта тое, куды вы лёгка можаце трапіць.

Пытанне ў тым, дзе мы цяпер, ці гэта паваротны пункт? Ідэя «паваротнага пункту» вельмі пасіўная, геаметрычная. У нашай цяперашняй культуры ёсць рэчы, якія дазваляюць вельмі проста перайсці ад «непазбежнасці» да «вечнасці».

Да прыкладу, посткатастрафізм. Усе гэтыя фільмы і гульні, дзе няма дзяржавы, няма правілаў і ўсе змагаюцца за рэсурсы. Але сапраўды важнае пытанне якраз у тым, ці здарыцца альбо не здарыцца катастрофа. Думаць трэба пра тое, як спыніць катастрофу, як узяць на сябе нейкую частку адказнасці.

Гісторыя як асабістая адказнасць

Мне здаецца, што гісторыя значыць менавіта гэта — долю адказнасці. Не ўсю адказнасць, не дай божа, але долю адказнасці. Калі вы бачыце, што структуры існуюць, але гэтыя структуры можна трошкі мяняць, у вас з'яўляецца нейкі аб’ём адказнасці.

У вас ёсць шанец быць гістарычным пакаленнем. І вы можаце зрабіць цяперашні час гістарычным у двух сэнсах: вы можаце быць важным пакаленнем, і вы таксама можаце навучыць людзей зноў думаць гістарычна, ствараць магчымасці, ствараць сувязі.

Вядома ж, я магу цалкам памыляцца, але мне здаецца, што вас альбо будуць памятаць як гістарычнае пакаленне, альбо зусім забудуць. Бо

калі мы скацімся ў «палітыку вечнасці», дык вы проста не будзеце мець значэння. Вы нават не ямка на дарозе, калі дарогі няма. Ёсць толькі плоская заасфальтаваная пустыня да самага далягляду.

Скончыць я б хацеў цытатай з «Гамлета». Ён кажа:

«Век вывіхнуўся. О пракляты лёс,
Навошта ты мяне сюды прынёс
Лячыць хваробы часу!»

Гэта тое, дзе вы цяпер. Век вывіхнуўся — мы больш не ў непазбежнасці і мы яшчэ не ў вечнасці. Мы можам стварыць свае моманты, сваю гісторыю.

Для Гамлета ўсё скончылася вельмі кепска. І я не кажу, што ўсё будзе добра. Але ў гэтай цытаце ёсць яшчэ і апошні радок:

«Век вывіхнуўся. О пракляты лёс,
Навошта ты мяне сюды прынёс
Лячыць хваробы часу!
Пойдзем разам».

Вы можаце гэта зрабіць. І я спадзяюся, што вы гэта зробіце.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?