Падчас сустрэчы Лукашэнкі з супрацоўнікамі дзяржаўных СМІ палітычны каментатар БТ Андрэй Крывашэеў атрымаў ад кіраўніка дзяржавы дакумент з сацыялагічнымі звесткамі, які нібыта кладуць на стол Лукашэнкі.
Паводле гэтага дакумента, узровень даверу да Лукашэнкі дасягнуў 76%.
Сёння тэлеграм-канал «Пул першага» апублікаваў відэа, на якім Лукашэнка перадаў Крывашэеву гэты «сакрэтны» дакумент.
Крывашэеў задаў мудрагелістае пытанне пра тое, як спалучыць сацыялогію з журналістыкай, і пра тое, што ўладам трэба навучыцца ў публічнай прасторы працаваць з лічбамі.
«Я так разумею, што намёк пра 3%», — гучыць голас Наталлі Эйсмант.
«Дык ты і кажы пра 3%. Мне лёгка гэты фэйк абвергнуць. Я заўсёды імкнуся павярнуць гэта на сваю карысць. Ну хто ў гэтай аўдыторыі, асвечанай самай, паверыць, што ў дзейнага прэзідэнта 3%? Дык яны самі не вераць, таму перасталі цяпер педаліраваць гэтую тэму. Няма чаго грахі таіць, мы праводзім сацыялагічныя даследаванні закрытага характару», — сказаў Лукашэнка.
Пасля гэтага ён папрасіў даць Крывашэеву гэты «сакрэтны» дакумент.
«Публікаваць іх мы неяк не вырашаліся, але калі ты ўздымаеш гэтае пытанне, значыць, гэта актуальна», — кажа Лукашэнка Крывашэеву.