Грамадзянская ініцыятыва «Сумленныя людзі» запускае кампанію для падтрымкі назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Сёння пачаў працу сайт з інструкцыямі для тых, хто плануе ўдзельнічаць у якасці незалежнага назіральніка. Валанцёры ініцыятывы адзначаюць, што кандыдаты ў назіральнікі атрымаюць падтрымку на кожным этапе: ад збору подпісаў для вылучэння да падрыхтоўкі дакументаў аб парушэннях, калі парушэнні будуць.

«Нягледзячы на тое што практычна ўсім кандыдатам з трох тысяч чалавек, якія падалі заяўкі на ўдзел ва ўчастковых выбарчых камісіях, было адмоўлена, мы не лічым гэта паразай. Ад нас чакаюць апатыі і страты веры ў саму магчымасць абараніць свае правы — і мы адказваем новай ініцыятывай. Людзі, як ніколі, масава заявілі пра сваё права ўдзельнічаць у выбарчым працэсе, паказаўшы, што выбары — гэта зусім не чужы манастыр», — адзначылі актывісты. 

Адна з галоўных задач кампаніі — набор грамадзян у назіральнікі. Найважнейшая мэта — упершыню забяспечыць назіральнікамі ўсе ўчасткі краіны на ўсе дні выбараў, уключаючы этап датэрміновага галасавання.

«Мы не верым у словы «гэта ўсё бессэнсоўна, і нічога не зменіцца». Мы верым, што будучыню вызначаем мы самі. Так, мы бачым прадузятасць і абмежаванні пры адборы ў выбарчыя камісіі, але мы прапрацоўваем усе магчымыя законныя сцэнары ўключэння грамадзян краіны ў выбарчы працэс. Мы прапануем пачаць з простага: сабраць самую вялікую колькасць назіральнікаў за ўсю гісторыю Беларусі і прадухіліць любыя парушэнні нашых правоў», — сказалі арганізатары ініцыятывы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0