Беларусь і Расія заключылі міжурадавае пагадненне аб узаемным прызнанні віз і па іншых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, перадае БЕЛТА.
Подпісы пад дакументам пасля перагавораў у Мінску паставілі міністры замежных спраў Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў.
Пагадненне прадугледжвае права замежных грамадзян уязджаць, выязджаць, знаходзіцца, ехаць транзітам па тэрыторыі дзвюх дзяржаў на падставе візы адной з іх і дакументаў, што засведчваюць асобу. Замежныя грамадзяне змогуць перамяшчацца паветраным, чыгуначным транспартам, а таксама па шасці аўтамабільных дарогах, якія вызначаны ў дадатку да пагаднення.
«Думаю, што гэта будзе вельмі добра ўспрынята і на справе будзе прадаўжаць наша сумеснае будаўніцтва Саюзнай дзяржавы», — падкрэсліў сёння Сяргей Лаўроў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.