Дачка банкіра, патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, што жыве зараз у Аўстраліі, пракаментавала ў сваім фэйсбуку падзеі мінулых дзён, звязаныя з бацькам і братам.
«Мае дарагія сябры і блізкія,
Як многія з вас ужо чулі, мой тата, прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі, і брат, кіраўнік штаба, учора былі затрыманыя. З імі да гэтага часу няма сувязі. Нягледзячы на неверагодную смеласць і самаадданасць адвакатаў, іх не дапусцілі ўчора да таты і Эдзіка.
Мне цяжка падабраць словы, каб выказаць усё тое, што адбываецца… але я ведаю, што я не адна. Да мяне ляцяць прамяні цяпла і падтрымкі з усяго свету, і я па-вар'яцку ўдзячная ўсім паведамленням. Я была да глыбіні душы кранутая ланцугом салідарнасці, які расцягнуўся ў Мінску. Вялікі дзякуй усім і кожнаму, хто не застаўся ў баку, хто хоча перамен, і хто хоча, каб тыя незаконныя дзеянні, якія зараз разгортваюцца, больш ніколі не паўтарыліся ў Беларусі.
Я таксама ведаю, што я не адзіная дачка і сястра, якая суткамі сядзіць ля тэлефона ў чаканні навін. Маё сэрца з тымі, хто пацярпеў ад дзеянняў, якія ў корані парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і правы чалавека.
Мая вялікая просьба супрацоўнікам праваахоўных органаў: вы ж таксама таты, мамы, браты і сёстры — калі ласка, памятайце аб гэтым і аб тым, што вы — абаронцы закона.
Хто ведае маю сям'ю, ведае, што мы фанаты «Уладара Пярсцёнкаў» Дж. Р. Р. Толкіна; і я думаю, многія з нас ведаюць, як заканчваецца гэтая гісторыя… Як казаў Сэм, «але ў канцы ўсё мінае. Нават самы непраглядны змрок рассейваецца! Прыйдзе новы дзень! І калі засвеціць сонца, яно будзе свяціць яшчэ ярчэй!»
Фота з фэйсбука Марыі Хаварт-Бабарыкі