Суд Ленінскага раёна Брэста 27 мая аштрафаваў на 30 базавых велічынь (810 рублёў) брэсцкага праваабаронцу Рамана Кісляка за ўдзел у шэсцях праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода 12 красавіка і 3 мая ў Брэсце. Пра гэта «БГ» паведаміў сам Кісляк.

Праваабаронцу затрымалі 10 мая, калі ён здымаў на відэа затрыманне супрацоўнікамі АМАП мужчыны, які быў на нядзельнай акцыі супраць акумулятарнага завода. Кісляк кажа, што пасля гэтага яго родныя двое сутак не ведалі, што з ім, і толькі пасля таго, як яго маці напісала заяву ў абласную пракуратуру аб гвалтоўным знікненні сына, ёй паведамілі, што праваабаронца знаходзіцца ў ІЧУ Ленінскага РАУС — туды яго перавезлі з Кобрынскага ІЧУ ў дзень пачатку судовага працэсу.

Разгляд справы пачаўся 12 мая, але некалькі разоў пераносіўся. На судзе Кісляк не раз падкрэсліваў, што не ўдзельнічаў у ніякіх акцыях і шэсцях, а назіраў за імі як праваабаронца. Акрамя таго, ён падаў скаргу на затрыманне і парушэнне сваіх правоў — яе суд адхіліў.

Пасля атрымання судовай пастановы Кісляк збіраецца яе абскарджваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0