У Полацкім дзяржаўным універсітэце 27 мая адкрыюць гісторыка-мастацкую галерэю «рэктары Полацкага ўніверсітэта». Урачыстасць — адно з мерапрыемстваў падрыхтоўкі да святкавання 440-годдзя ўніверсітэта, піша БелТА.
Галерэя знаходзіцца на першым паверсе гістарычнага будынка Полацкага калегіума, дзе цяпер адзін з карпусоў універсітэта. Барэльефы зрабіў скульптар Аляксандр Дранец, аўтар помніка Скарыну каля будынка Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску.
«Не ўсе прозвішчы [рэктараў] яшчэ адноўленыя. Неабходны доступ да архіваў Кракава, Ватыкана, Пецярбурга і Масквы. Кафедра гісторыі і турызму паставіла задачу запоўніць прабелы ў гістарычным спісе», — адзначылі ў Полацкім універсітэце.
Але нават няпоўны пакуль спіс рэктараў складаецца з больш як 40 асобаў.