Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон адмовіўся ад паездкі ў Беларусь, каб пазбегнуць каранціну па вяртанні. Пра гэта ён заявіў у пятніцу падчас штотыднёвага выпуску «Прэзідэнт адказвае», які правёў у жывым эфіры ў сацыяльных сетках, піша interfax.by.
Дадон адзначыў, што на наступным тыдні ў Мінску адбудзецца пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў краін Еўразійскага Эканамічнага Саюза, у якім Малдова мае статус назіральніка.
«Па ўзгадненні паміж прэзідэнтамі Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным гэтае пасяджэнне пройдзе ў рэжыме відэаканферэнцыі. Але ў мяне было запрашэнне ў гэты ж перыяд паехаць у Мінск. Я збіраўся ехаць, але адмовіўся ад гэтага намеру, бо ў іншым выпадку давялося б заставацца ў каранціне на працягу 14 дзён пасля вяртання», — заявіў Дадон.