Ва ўсіх установах Мінска батарэі застануцца гарачыя яшчэ як мінімум цягам тыдня. Рашэнне аб заканчэнні ацяпляльнага сезона будзе прымацца, як мяркуецца, у чацвер, піша Звязда.

Між тым у астатніх рэгіёнах Беларусі ўсе адміністрацыйныя будынкі перасталі ацяпляць яшчэ ў канцы красавіка згодна з рашэннямі мясцовых органаў выканаўчай улады.

Спачатку батарэі сталі халоднымі ў Гродзенскай вобласці (з 23 красавіка), на Гомельшчыне ацяпленне паступова адключалі з 24 да 30 красавіка, Брэсцкая вобласць засталася без цяпла з 29 красавіка, магіляўчанам адключалі батарэі 29-30-га, а Віцебская вобласць пачала завяршаць ацяпляльны сезон 30 красавіка. На Міншчыне ацяпленне поўнасцю спынена ў Барысаве, Маладзечне, Жодзіне, Рудзенску, Свіслачы, Дружным, часткова ў Салігорску.

4 мая ў Гомельскай, Гродзенскай, Віцебскай, Брэсцкай, Магілёўскай і Мінскай абласцях поўнасцю адключана ацяпленне ва ўсіх адміністрацыйных будынках.

Мінчане, у кватэрах якіх цяпер занадта горача (звыш 24 °С), могуць звярнуцца ў службу 115 і пакінуць адпаведную заяўку. Дарэчы, тое ж самае падчас ацяпляльнага сезона могуць рабіць жыхары ўсёй Беларусі.

— Калі факт перагрэву будзе пацверджаны, жыхарам выдадуць прэтэнзійны акт, на падставе якога яны могуць звярнуцца ў разлікова-даведачны цэнтр, і ім зробяць пераразлік.

Што датычыцца графікаў штогадовага прафілактычнага адключэння гарачай вады, то, як і раней, Мінжылкамгас прытрымліваецца рэкамендацыі перанесці планавыя работы, якія мелі адбыцца ў маі, на верасень.

Аднак кожны рэгіён самастойна вызначае, ці прытрымлівацца такой парады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0