Група апазіцыйных палітыкаў заклікала беларусаў працягваць «Народны каранцін» аж да спаду эпідэміі. Яны таксама заклікалі людзей не выконваць «злачынных загадаў і распараджэнняў». 

Зварот падпісалі Павел Севярынец, Уладзімір Някляеў, Мікола Статкевіч, Андрэй Саннікаў і Юры Хашчавацкі.

«На жаль усё, чаго мы з вамі асцерагаліся, адбываецца ў паскораным тэмпе», — пішуць яны ў звароце.

Кіраўнікі апазіцыі мяркуюць, што ў маштабах эпідэміі ў Беларусі вінаватая палітыка ўладаў.

«Выказваем шчырыя спачуванні сем'ям і блізкім загінулых. Гэта наш усіх боль».

«Злачынствы, якія прывялі да неапраўдана вялікай колькасці смерцяў у Беларусі, абавязкова будуць расследаваныя», — абяцаюць палітыкі.

«Мільёны беларусаў ужо ўсвядомілі, наколькі небяспечна выконваць распараджэнні неадэкватных уладаў, і проста ігнаруюць чарговыя прыступы іх феадальных паводзін, — мяркуюць палітыкі. — Нядаўна нашу з вамі правату пацвердзіла місія Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая выказала трывогу ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі», — пішацца ў звароце.

«Сорамна, што Беларусь сёння фігуруе ў загалоўках сусветных СМІ як прыклад ідыёцкіх паводзін падчас пандэміі», — гавораць палітыкі.

«Функцыі ўрада для выратавання людзей сёння ўзялі на сябе лекары, медыцынскі персанал, валанцёры, усе тыя, хто ў першасным сэнсе падтрымлівае жыццё ў нашай Беларусі. Нізкі ім паклон і шчырая падзяка», — пішуць палітыкі.

«Народны каранцін павінен працягвацца да таго часу, пакуль мы не дамо рады выбуху каранавіруса. Паводле прагнозаў, частковае аслабленне эпідэміі ў Беларусі магчымае ў чэрвені, калі мы будзем далей прымаць адэкватныя захады. Мы заклікаем грамадзян Беларусі працягнуць Народны каранцін да канца мая, — пішуць палітыкі. — Давайце прытрымлівацца рэкамендацый місіі СААЗ, парадаў прадстаўніцтва ААН у Беларусі. Беражыце сябе, сваіх родных і блізкіх, сваіх сяброў.

Жыве Беларусь!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0